Асноўныя заявы экс-амбасадара пераказала выданьне «Салідарнасьць».
«Беларускі амбасадар пакінуў Украіну ў сакавіку 2022 году. Але яшчэ раней эвакуавалі супрацоўнікаў расейскай амбасады.
Я ж заставаўся ў Беларусі больш як год пасьля поўнамаштабнага ўварваньня і быў у нейкай ступені гарантам таго, што ніякіх плянаў нападу Ўкраіны на вашу краіну не было.
Заявы аб тым, „адкуль на Беларусь рыхтаваўся напад“, не вытрымліваюць ніякай крытыкі. Увогуле, думаю, калі б беларускія ўлады ведалі пра рашэньне атакаваць Украіну з тэрыторыі Беларусі, то свайго амбасадара з Кіева адклікалі б да ўварваньня. Але тое, калі гэта адбылося, ускосна пацьвярджае факт, што беларускія ўзброеныя сілы не плянавалася выкарыстоўваць. І дагэтуль яны застаюцца не задзейнічанымі ў гэтай агрэсіі непасрэдна.
У тым ліку і праз гэта я так доўга знаходзіўся ў Менску, мы спрабавалі стрымліваць магчымасьць такой атакі.
Затым з боку рэжыму Лукашэнкі быў зроблены чарговы вельмі недружалюбны крок, і я быў адкліканы.
Але прысутнасьць амбасадара ў краіне яшчэ раз пацьвярджае, што ніякіх плянаў атакі Беларусі з тэрыторыі Украіны не было і не магло быць. Тым больш я там быў не адзін, у нас было больш за 20 супрацоўнікаў дыпляматычнай місіі, зь сем’ямі гэта каля 60 чалавек. Таму я настойваю на тым, што я працягваў знаходзіцца ў Менску ў пэўнай ступені як гарант ненападу з боку Ўкраіны».
Дыплямат расказаў, зь якой рэакцыяй чыноўнікаў і звычайных людзей у Беларусі ён сутыкнуўся пасьля ўварваньня.
«Што тычыцца чыноўнікаў, дык тое, што я ў першыя дні адчуў, гэта разгубленасьць. Ад многіх сыходзіла насьцярожанасьць і, скажу больш, неразуменьне дзеяньняў беларускага кіраўніцтва. Я адчуваў нейкую салідарнасьць з боку многіх з тых, з кім сустракаўся і працаваў. Гэты факт я пацьвярджаю. Хтосьці ціснуў руку мацней, хтосьці казаў „трымайцеся“.
Але значна большую падтрымку я атрымліваў ад людзей, якія мяне проста сустракалі на вуліцах або на нейкіх дыпляматычных мерапрыемствах. Яны падыходзілі да мяне і казалі: „Мы з вамі“. І гэта было важна ў той момант.
Я ведаў Макея і бачыў, як яго сьветапогляд пасьля 2020 году дрэйфаваў у іншы ад Украіны бок. Ён мяняўся ў апошнія гады, усё больш станавіўся чалавекам сыстэмы, той, якая пачала стварацца ў Беларусі пасьля 2020 году. Калі сустракаўся з вашымі дыпляматамі і казаў ім: што ж вы робіце? — у адказ часта чуў адгаворкі накшталт „ну, вы ж разумееце“. Шмат адказаў былі нэўтральныя, але ў той жа час адчувалася, што людзі не зусім разумеюць, што ім рабіць.
Былі і такія, хто проста казаў: вы самі вінаватыя. Але ў большасьці адчувалася нейкая безвыходнасьць, маўляў, зразумей, мы ня можам не падтрымліваць афіцыйную палітыку, але калі што, мы заўсёды за вас.
Кожнаму чыноўніку, які займае вышэйшую і сярэднюю пазыцыю, усё ж такі выгадна, каб усё заставалася як ёсьць. Тады яму выразна гарантаванае працоўнае месца. Ён будзе працягваць заставацца ляяльным кіраўніцтву і, адпаведна, прасоўвацца па карʼернай лесьвіцы. Гэта мэнталітэт любога чыноўніка.
Паколькі ў Беларусі ўсе фактары залежаць ад аднаго чалавека, відавочна, што чыноўнікі будуць калі не маліцца на яго, то ва ўсякім разе старацца яму дагадзіць. Шчыра яны гэта робяць ці не — іншае пытаньне.
Я ведаю, што сярод вашых чыноўнікаў шмат тых, хто нібыта падтрымлівае Лукашэнку публічна, але, паверце, пры першай магчымасьці яны адразу пяройдуць у іншы лягер і будуць лаяць яго, можа, яшчэ больш, чым апазыцыя цяпер», — мяркуе Кізім.
Ён адказаў і на пытаньне, чаму Ўкраіна падтрымлівала адносіны з рэжымам Лукашэнкі пасьля падзеяў 2020 году.
«Пасьля тых падзеяў мы разарвалі палітычныя стасункі з рэжымам Лукашэнкі. Гэта праўда, там ніякай падтрымкі не было. Што тычыцца іншых адносінаў, то тут мы дзейнічалі, скажам, як любая дзяржава, якая перш за ўсё кіруецца сваімі ўласнымі інтарэсамі.
Супрацоўніцтва зь Беларусьсю ў некаторых сфэрах працягвалася аж да 2022 году. У той момант у нас былі чаканьні, што Беларусь ня будуць выкарыстоўваць для нападу на Ўкраіну, і мы дзейнічалі, зыходзячы з гэтага. І я дагэтуль не магу зразумець, як Лукашэнка мог пайсьці на такі дурны крок і страціць для сваёй краіны рынак у 5,5 млрд даляраў.
Прычым робячы тое, што зрабіў 24 лютага 2022 году, ён выдатна ўсьведамляў, што будзе далей у нашых адносінах. Пры гэтым яшчэ ў студзені 2022 году мы абмяркоўвалі гэтую тэму ў Беларусі і сышліся на тым, што лепш мець нават кепскі мір паміж краінамі, чым вайну. І каб пазьбегнуць таго разьвіцьця падзеяў, якія адбыліся, мы спрабавалі рабіць усё магчымае.
Але гэта быў пралік. Хутчэй за ўсё, ён быў у тым, што мы недаацанілі страх Лукашэнкі страціць сваю ўладу і такі ўплыў расейскага фактару», — кажа Кізім.
Былы ўкраінскі амбасадар упэўнены, што менавіта пазыцыя беларускага народу стала галоўнай прычынай няўдзелу беларускай арміі ў вайне.
«Калі пытаюцца, чаму Беларусь дагэтуль не ўступіла ў вайну, я прытрымліваюся думкі, што Лукашэнка тут наогул ні пры чым. Думаю, галоўны фактар — беларускі народ, які ніколі не пачне ваяваць супраць украінскага народу.
Я верыў у гэта, калі быў у вашай краіне, і дагэтуль веру, што большасьць беларусаў супраць вайны, тым больш супраць вайны з Украінай. Беларусы — мірны народ, у якога ў мэнталітэце закладзены такі антываенны складнік, і ён вельмі моцна пераважае.
Акрамя гэтага, у нас, па вялікім рахунку, няма нічога, што магло б справакаваць такую вайну, у нас няма ні тэрытарыяльных, ні моўных, ні культурных прэтэнзіяў адзін да аднаго. Гэта факт, які нельга ігнараваць.
Калі ў замбаваных расейцаў ёсьць вялікаімпэрскія думкі, пра спрадвечна рускія землі і іншую лухту, то ў беларусаў гэтага няма. І растлумачыць цяпер беларускаму абывацелю, навошта яму ісьці ва Ўкраіну, таму ж Лукашэнку будзе нашмат цяжэй, чым Пуціну засьмечваць мазгі расейцам.
Лукашэнка не самазабойца, ён выдатна гэта разумее. Разумее і тое, што калі беларускае войска будзе ўцягнутае, яго зброя празь некалькі дзён можа быць павернутая супраць яго самога.
Беларусы ня хочуць ні з кім ваяваць, тым больш захопліваць тэрыторыі. Але сваю тэрыторыю, калі хтосьці нападзе, яны будуць абараняць. Як мы цяпер абараняемся ад Расеі», — сказаў дыплямат.