Без апазыцыі, але з імітацыяй канкурэнтнасьці. Што паказалі вынікі рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты

У сучаснай беларускай улады формула выбараў — выбар намэнклятуры, воляй намэнклятуры і для намэнклятуры

Сьцісла:

  • Рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў паказала, што па большасьці акругаў балятуюцца чыноўнікі, сілавікі і дзейныя дэпутаты Нацыянальнага сходу;
  • Пры гэтым яны не канкуруюць паміж сабой, па гэтых акругах можна дакладна прадказаць, хто стане дэпутатам;
  • Гэтыя выбары імітуюць спаборнасьць, на ўсіх акругах - больш за аднаго кандыдата;
  • Аднак яны не прадугледжваюць канкурэнцыі нават паміж прыхільнікамі рэжыму, выбар зроблены загадзя і зусім не народам.

Вынікі рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прымушаюць прыгадаць знакамітыя словы амэрыканскага прэзыдэнта Аўраама Лінкальна зь ягонай Гэтысбэрскай адозвы: «Каб улада народу, воляй народу і для народу ня зьнікла з твару зямлі».

У сучаснай Беларусі формула іншая, адваротная: «Выбар улады, воляй улады і для ўлады». Тое, што апазыцыя сярод кандыдатаў не прадстаўленая наагул — гэта не адзіны доказ таго, што прынцып рэгістрацыі менавіта такі.

Па большасьці акругаў можна з высокай ступеньню дакладнасьці прадказаць, каго абвесьцяць дэпутатам Палаты.

Пры аналізе сьпісу зарэгістраваных кандыдатаў відаць тры катэгорыі вылучэнцаў — чыноўнікі (супрацоўнікі сыстэмы дзяржкіраваньня), сілавікі і дзейныя дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і Савету Рэспублікі. Першых — 28, другіх — 11, трэціх — 20, агулам — 59.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што стане з Марзалюком? Расказваем пра выбарчыя акругі, дзе незразумела, хто будзе дэпутатам

Да гэтых трох катэгорыяў варта дадаць чацьвёртую, якую можна ўмоўна назваць «уплывовыя». У 52-й Горадзенскай-Паўночнай акрузе балятуецца старшыня партыі «Белая Русь» Алег Раманаў, па 56-й Нёманскай акрузе (Горадзенская вобласьць) — старшыня Фэдэрацыі прафсаюзаў Міхаіл Арда, па 91-й Паўночнай (Менск) — кіраўнік таварыства Чырвонага Крыжа Дзьмітры Шаўцоў, па 97-й Чкалаўскай (Менск) — рэктар Акадэміі кіраваньня Вячаслаў Даніловіч, па 110-й Партызанскай (Менск) — дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Вадзім Гігін.

Агулам — 5 чалавек. Фармальна гэта прадстаўнікі грамадзкіх арганізацыяў, выкладчык і кіраўнік прадпрыемства. Але роля ў грамадзтве інстытутаў, якія ўзначальваюць гэтыя кандыдаты, дазваляе трактаваць іх таксама як фактычна элемэнты дзяржаўнага кіраваньня.

Зьвяртае на сябе ўвагу, што прадстаўнікі гэтых чатырох катэгорыяў канкуруюць толькі ў дзьвюх акругах: у 57-й Замкавай на Горадзеншчыне — дэпутат Палаты і кіраўнік аддзелу райвыканкаму, і ў 76-й Сеніцкай акрузе на Меншчыне — вайсковец і начальніца ўпраўленьня райвыканкаму. У астатніх акругах, дзе балятуюцца прадстаўнікі гэтых чатырох катэгорыяў, яны нідзе не сутыкаюцца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Імітацыя канкурэнцыі. Такіх выбараў незалежная Беларусь яшчэ ня бачыла

Прадстаўнікі гэтых чатырох катэгорыяў, як правіла, маюць вылучэньне двух ці нават трох відаў — зборам подпісаў, ад працоўнага калектыву, ад палітычнай партыі.

Вылучэньне толькі аднаго віду ў гэтых чатырох групах кандыдатаў амаль не сустракаецца. Адно зь нешматлікіх выключэньняў — Ігар Сергеенка, кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі, якога па 29-й Пастаўскай акрузе на Віцебшчыне вылучыў толькі працоўны калектыў.

Пры гэтым у канкурэнтаў кандыдатаў з названых чатырох катэгорыяў відаў вылучэньня, як правіла, менш. Прычым вельмі часта гэта вылучэньне толькі ад палітычнай партыі.

Колькасьць відаў вылучэньня кандыдата — ускосны паказьнік увагі да кандыдата з боку тых, хто выкарыстоўвае выбары для фармаваньня пажаданага складу Палаты прадстаўнікоў. Больш відаў вылучэньня — больш адміністрацыйных высілкаў: сход працоўнага калектыву трэба арганізаваць, збор подпісаў ці зладзіць, ці хаця б зымітаваць. Лішні раз напружваць апарат, нагружаць яго марнай працай ня мае сэнсу — шмат відаў вылучэньня атрымліваюць тыя, хто, хутчэй за ўсё, і стане дэпутатам, хто фактычна ім будзе прызначаны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Конкурс у Палату прадстаўнікоў мінімальны за апошні час — 2,4 чалавека: ЦВК абнародавала вынікі рэгістрацыі кандыдатаў на выбары

Яшчэ адна асаблівасьць фармаваньня сьпісу кандыдатаў — каго адсеялі на этапе рэгістрацыі. Падалі дакумэнты на рэгістрацыю 298 прэтэндэнтаў, зарэгістраваныя былі 265. Адсеў — 33 чалавекі (11%).

Сярод гэтых 33 асобаў амаль няма прадстаўнікоў вызначаных вышэй чатырох катэгорыяў. Заўважнае выключэньне: дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Марына Васько, якая зьбіралася балятавацца па 2-й Берасьцейскай-Цэнтральнай акрузе. Вылучэньне і ад працоўнага калектыву, і зборам подпісаў не дапамагло ёй стаць кандыдаткай у новы склад Палаты. Ужо якія праблемы ўзьніклі ў спадарыні Васько, сказаць складана. Але астатнія «адсеяныя» — ні чыноўнікі, ні сілавікі, ні дзейныя дэпутаты Нацыянальнага сходу, ні «ўплывовыя». «Адсеялі» лішніх, тых, хто не ўваходзіць у сыстэму.

На этапе вылучэньня 298 прэтэндэнтаў разьмяркоўваліся па акругах наступным чынам: па два прэтэндэнты — у 46 акругах, па тры — у 53 акругах, па чатыры і больш — у 11 акругах. А вось вынікі ўжо пасьля рэгістрацыі: па два кандыдаты — у 72 акругах, па тры — у 32 акругах, па чатыры — у 6 акругах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Зь песьнямі, танцамі, буфэтамі». Як Натальля Качанава разумее выбары

Нядаўна кіраўніца Савету Рэспублікі Натальля Качанава расчулена распавядала, якія цудоўныя былі выбары ў СССР у часы яе дзяцінства. Палітыка, чалавека сталага веку, зусім не засмучае, што тыя савецкія выбары былі ня выбарамі, а рытуалам, што «выбіралі» тады з аднаго прадстаўніка «блёку камуністаў і беспартыйных». Але менавіта рытуальны характар тых выбараў Качанавай падабаецца і дагэтуль.

На першы погляд, вынікі рэгістрацыі кандыдатаў на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў супярэчаць яе настальгічным пяшчотным успамінам. Фармальна канкурэнтнасьць выбараў сёлета вытрыманая, прычым жорстка. Дарэчы, на мінулых выбарах у Палату прадстаўнікоў, калі апазыцыянэрам дазвалялі зьбіраць подпісы і некаторых нават рэгістравалі кандыдатамі, бывалі акругі, дзе ішоў толькі адзін кандыдат. Сёлета такіх акругаў ня будзе ніводнай. Парадак ёсьць парадак. Ён крышачку зьмяніўся ў параўнаньні з часамі нашага з Натальляй Качанавай дзяцінства. Але не зьмянілася тое, што з палітычнай канкурэнцыяй ён ня мае нічога агульнага: не зьмяніўся ягоны рытуальны характар, што так даспадобы старшыні Савету Рэспублікі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навошта ўладзе ўяўная канкурэнцыя на выбарах? — тлумачэньне былога супрацоўніка адміністрацыі Лукашэнкі

Нехта мог меркаваць, што на сёлетніх выбарах улада паспрабуе ўсё ж выкарыстаць мэханізм палітычнай канкурэнцыі для адбору больш здольных і таленавітых сярод ляялістаў, сярод сваіх. Што «экстрэмістаў» і «тэрарыстаў» не дапусьцяць да выбараў нават фармальна, было зразумелым і чаканым. Але і сапраўднага спаборніцтва сярод лукашэнкаўцаў сёлетнія выбары не прадугледжваюць.

Што гэтага ня будзе, можна было зразумець са шматгадовай практыкі падліку галасоў. Справа ў тым, што іх не падлічваюць наагул, нават у тых сытуацыях, калі канкуруюць прыхільнікі рэжыму. Сыстэма фальсыфікацыі адладжаная гадамі, зь якой прычыны было б яе разбураць нават для сваіх? А раптам што нядобрае выйдзе, «безобразие», як сказала Качанава?

Аднак гэтую выснову пацьвярджае і прыведзены вышэй аналіз сьпісу кандыдатаў. Нават бязь веданьня канкрэтнай сытуацыі ў той ці іншай акрузе адно вывучэньне прыналежнасьці кандыдатаў да вызначаных вышэй чатырох катэгорыяў і характарыстык іх і іхных канкурэнтаў дазваляе зрабіць выснову, што канкурэнты прадстаўнікоў намэнклятуры ў такіх акругах — гэта спарынг-партнэры.

Часы дзяцінства Качанавай усё ж мінулі, правілы крыху памяняліся. Цяпер трэба імітаваць ня толькі самую працэдуру выбараў, але і іх спаборнасьць. Але нязьменнай застаецца ўлада намэнклятуры, воляй намэнклятуры і для намэнклятуры.

Што трэба ведаць пра Адзіны дзень галасаваньня – 2024

  • 25 лютага 2024 году ў Беларусі праходзіць так званы Адзіны дзень галасаваньня, у рамках якога выбіраюць дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 8-га скліканьня і дэпутатаў мясцовых саветаў 29-га скліканьня.
  • Пратаколы з камісій павінны паступіць у ЦВК не пазьней за 29 лютага.
  • Датэрміновае галасаваньне праходзіла з 20 па 24 лютага. ЦВК заявіла, што за 5 дзён датэрмінова прагаласавалі 41,71% грамадзян, якія ўключаныя ў сьпісы для галасаваньня.
  • Парог яўкі на гэтых выбарах адменены — яны адбудуцца пры любой колькасьці выбарнікаў. Незалежных назіральнікаў на выбарах няма, як і апазыцыйных кандыдатаў. Прозьвішчы сябраў выбарчых камісіі засакрэчаныя. На ўчастках узмацнілі ахову.
  • Перадвыбарная агітацыя праходзіла з 31 студзеня па 24 лютага, рэгістрацыя кандыдатаў — з 16 студзеня да 30 студзеня.
  • Прадстаўнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» падкрэсьлілі, што ў сувязі з рэпрэсіўнымі рызыкамі будзе працаваць экспэртная місія, а не «клясычнае» назіраньне, якое ажыцьцяўлялася падчас ранейшых кампаній.
  • Палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч лічыць, што Лукашэнка разглядае выбары як «ваенную апэрацыю». Ён упэўнены, што абсалютная большасьць як сярод прыхільнікаў, так і сярод праціўнікаў Лукашэнкі выдатна разумее, што ў сёньняшніх умовах гэта суцэльная імітацыя.
  • Улады вырашылі не запрашаць АБСЭ для назіраньня празь Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ). АБСЭ cкрытыкавала ўлады Беларусі за гэтую адмову.
  • Кіраўнік штабу місіі назіральнікаў ад СНД Леанід Анфімаў заявіў, што ў Вярхоўны суд падалі 6 скаргаў аб выбарах. Назіральнікі ад СНД прапанавалі іх лічыць «неабгрунтаванымі».
  • Выбары ў Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу 8-га скліканьня адбудуцца 4 красавіка 2024 году. Вылучэньне кандыдатаў у члены СР мясцовымі саветамі дэпутатаў, выканаўчымі і распарадчымі органамі павінна адбыцца не пазьней за 21 сакавіка 2024-га.
  • Электаральная кампанія праходзіць на фоне маштабных рэпрэсій і зачысткі палітычнага поля ад апазыцыі. Незалежных назіральнікаў на выбарах няма: Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе (БДІПЧ АБСЭ) запрашэньня не атрымала.
  • На гэтых выбарах няма і апазыцыйных кандыдатаў — да выбараў дапусьцілі толькі ляяльных рэжыму кандыдатаў. Паводле кіраўніка ЦВК Ігара Карпенкі, усе 12 скаргаў на адмовы ў рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты (у тым ліку 2 скаргі ў суды) адхілілі.
  • Па выніках датэрміновага галасаваньня ЦВК даў справаздачу аб рэкорднай яўцы выбарнікаў — 41,71%. Незалежныя назіральнікі называюць датэрміновае галасаваньне адным з мэханізмаў масавых фальсыфікацый.
  • З 1996 году незалежныя назіральнікі не прызналі ніводную выбарчую кампанію ў Беларусі транспарэнтнай і адпаведнай стандартам АБСЭ.