Пра сутнасьць ідэі Аліна Коўшык расказала ў этэры «Эўрарадыё».
«Сапраўды, прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэньні выступае з ініцыятывай новага памятнага дня. Думаю, цяжка на дадзены момант назваць гэта сьвятам, думаю, у будучыні ў вольнай Беларусі гэты дзень сапраўды можа быць сьвятам», — заявіла Коўшык.
Паводле Коўшык, гэты Дзень герояў і гераінь мог бы стаць добрай нагодай задумацца, «хто гэтыя людзі, дзякуючы якім мы захавалі Беларусь і маем Беларусь сёньня. Хто гэтыя людзі, якія былі нашымі героямі ў гісторыі, хто тыя беларусы, дзякуючы неверагоднай нязломнасьці якіх, адвазе і асабістым якасьцям, мы дагэтуль маем Беларусь, беларускую мову і ганарымся».
Коўшык адзначыла, што варта падкрэсьліваць ролю асобы ў гісторыі.
«Наколькі важна мець вось такі пазытыўны прыклад тых людзей, якія зрабілі неверагодныя справы, якія падаваліся ніколі немагчымымі. Але яны іх зрабілі. Думаю, гэта акурат тыя прыклады для натхненьня, якія зараз нам так патрэбныя», — заявіла прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінэту па нацыянальным адраджэньні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аб’яднаны пераходны кабінэт Беларусі абвясьціў 2024-ты Годам беларускай нацыянальнай традыцыіАліна Коўшык лічыць, што папулярнасьць Кастуся Каліноўскага вартая большага пашырэньня:
«Гэта той чалавек, які натхняў, натхняе і будзе натхняць новыя пакаленьні беларусаў. Гэта чалавек, які ўсім сваім жыцьцём паказаў, як варта змагацца за Беларусь і што варта паміраць за Беларусь у тым ліку. Ягоная творчасьць, ягоныя лісты, ягоны верш — гэта ўсё, што нам дагэтуль дазваляе трымаць узровень барацьбы, на якім мы знаходзімся зараз. Думаю, што Кастусь Каліноўскі па ўзроўні сымбалізму, гераізму, такога поп-сымбалю, гэта наш такі беларускі Чэ Гевара. У тым сэнсе, што ўсе ведаюць, хто такі Чэ Гевара, я б хацела, каб увесь сьвет ведаў, хто такі Кастусь Каліноўскі, за што ён змагаўся, чаму беларусы павінны быць яму ўдзячныя. Таму падумалі, што менавіта дзень нараджэньня, а ня дзень сьмерці, будзе сымбалічнай датай для таго, каб сабраць кола беларускіх герояў і гераінь. Мы прапануем, каб кожны задумаўся, якая асоба ў нашай гісторыі альбо нашай сучаснасьці зьяўляецца той асобай, якая выбрала сваёй місіяй Беларусь. Зьбяром прапановы. І зробім супольны партрэт беларускіх герояў і гераінь».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Вільні адкрылася «Чытальня» — бібліятэчны праект, які прафінансавалі беларусы замежжа. Фота ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Год будзе цяжкім». Рэпартаж Свабоды з пасяджэньня Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў Варшаве ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Вільні ўшанавалі памяць паўстанцаў Каліноўскага. ФОТА