У 2023 годзе ў Беларусі звольнілі амаль 693 тысячы чалавек — на 62,8 тысячы больш, чым прынялі на працу (630,15 тысяч чалавек), вынікае са зьвестак Белстату, на якія спасылаецца Reform.by.
Варта адзначыць, што ў справаздачу Белстату ня ўключаныя мікра- і малыя прадпрыемствы бязь ведамаснай падпарадкаванасьці.
Летась у Беларусі больш звальнялі, чым прымалі на працу, у сельскай, лясной і рыбнай гаспадарцы, у апрацоўчай прамысловасьці, будаўніцтве, аптовым і розьнічным гандлі, рамонце аўтамабіляў і матацыклаў, у транспартнай і лягістычнай галінах, у галінах інфармацыі і сувязі, фінансавай і страхавой дзейнасьці, дзяржаўным кіраваньні і ахове здароўя.
Больш працаўладкаваньняў, чым звальненьняў, было толькі ў галінах прафэсійнай, навуковай і тэхнічнай дзейнасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «40% бізнэсу скардзяцца на недахоп кадраў». У Беларусі зьяўляецца больш за тысячу новых вакансій штодня- У 2023 годзе колькасьць занятых у беларускай эканоміцы скарацілася на 49,5 тысячы чалавек. Па стане на сьнежань 2023 году ў эканоміцы краіны былі занятыя 4,14 мільёна чалавек.
- У Беларусі апошнім часам назіраецца вялікі недахоп кадраў. У агульнарэспубліканскай базе вакансій на сёньня амаль 136,8 тысячы абвестак — столькі спэцыялістаў шукаюць у Беларусі. Рэзюмэ ў гэтым жа банку толькі 12 тысяч. Толькі за мінулы тыдзень у базу дадаліся 15 тысяч вакансій. Нястача кадраў у Беларусі закранула нават чыноўнікаў.
- У кастрычніку 2023 году дасьледчы цэнтар Beroc рабіў маніторынг становішча малога і сярэдняга бізнэсу ў Беларусі. Больш за 40% апытаных рэспандэнтаў назвалі «нястачу пэрсаналу» галоўным фактарам, які перашкаджае разьвіцьцю кампаніі. Дэфіцыт кадраў у Беларусі працягвае расьці, найбольш бракуе сьлесараў, дактароў, інжынэраў, будаўнікоў.