Дэпутаты Эўрапарлямэнту зноў заклікалі Менск спыніць рэпрэсіі і вызваліць усіх палітвязьняў.
«Неадкладна спыніць усе рэпрэсіі, перасьлед і адвольныя затрыманьні», вызваліць усіх палітычных зьняволеных і іх сямейнікаў, а таксама выконваць свае міжнародныя абавязаньні заклікалі Менск 31 студзеня ў Бруселі кіраўнік дэлегацыі па сувязях зь Беларусьсю, дэпутат Эўрапейскага парлямэнту (ЭП) Юозас Олекас і пастаянны дакладчык ЭП аб Беларусі, дэпутат Пятрас Аўштравічус.
Як піша «Позірк», у заяве зазначаецца, што эўрадэпутаты «ўзрушаныя перасьледам паводле гендэрнай прыкметы» і заклікаюць да «неадкладнага і безумоўнага вызваленьня арыштаваных жанчын і іншых членаў сем'яў палітычных зьняволеных».
«Нядаўнія рэйды і ператрусы ў дамах палітычных зьняволеных, праведзеныя апаратам бясьпекі рэжыму, прывялі да арышту больш як 200 чалавек. Большасьць арыштаваных – жанчыны, жонкі і маці палітвязьняў, у тым ліку Марына Адамовіч, жонка палітвязьня, Мікалая Статкевіча», – адзначаюць палітыкі.
Дэпутаты заклікалі сустрэць «гэтыя злачынныя дзеяньні рэжыму», а таксама справу так званых «аналітыкаў Ціханоўскай», якім выстаўлена завочнае абвінавачаньне, «дадатковым адказам з боку ЭЗ у выглядзе ўзмацненьня ціску на рэжым у выглядзе санкцый».
24 студзеня жонку палітвязьня Міколы Статкевіча Марыну Адамовіч арыштавалі на 15 дзён. Пра затрыманьне Марыны Адамовіч стала вядома 23 студзеня, калі сілавікі прыйшлі больш як у 200 сем'яў палітвязьняў. 1 лютага стала вядома, што ў Магілёве затрымалі жонку палітвязьня Максіма Сергеенкі Алесю. Па папярэдняй інфармацыі, яна ў СІЗА, піша праваабарончы рэсурс MAYDAYMog.
У Алесі дзеці 3 і 16 гадоў. Яе муж Максім — палітвязень, які ў красавіку 2021 года атрымаў ад Круглянскага раённага суду вырак у 3 гады зьняволеньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 1 лютага: затрымалі яшчэ адну жонку палітвязьня13 студзеня ў Вільні дэмакратычны лідэр Сьвятлана Ціханоўская на сустрэчы са старшынёй Эўрапарлямэнту Рабэртай Мэтсалай абмеркавала шляхі вызваленьня беларускіх палітычных зьняволеных.
Ціханоўская перадала кіраўніку ЭП прапанову «прыняць асобны санкцыйны пакет супраць асоб, якія маюць дачыненьне да рэпрэсій, а таксама супраць прадпрыемстваў, якія выкарыстоўваюць прымусовую працу зьняволеных». Адзначаецца, што «многія з гэтых прадпрыемстваў прадаюць сваю прадукцыю ў краіны Эўразьвязу».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аўтар дакладу аб Беларусі ў Эўрапарлямэнце расказаў, як успрынялі прапанову завесьці справу на Лукашэнку ў Гаазе ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міжнародны трыбунал для Лукашэнкі, фармалізаваць адносіны з кабінэтам Ціханоўскай. Што прапаноўвалі падчас дыскусіі ў Эўрапарлямэнце