Грамадзянін Беларусі Максім Запека быў уключаны ў сьпіс абмену палоннымі, які 31 студзеня адбыўся паміж Расеяй і Ўкраінай.
«Запеку сёньня абмянялі. Як і іншых расейскіх палонных, яго перадалі расейскаму боку», — паведамілі Свабодзе ў праекце, створаным ва Ўкраіне для расейскіх вайскоўцаў «Хачу жыць».
Іншых дэталяў гэтага абмену не ўдакладнілі.
У той жа час паведамілі, што сярод тых украінскіх вайскоўцаў, якія ў межах абмену вярнуліся ва Ўкраіну, беларускіх добраахвотнікаў, захопленых Расеяй у палон, няма.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палонныя найміты зь Беларусі, якія ваявалі за Расею, просяць абмяняць іх на палонных каліноўцаў ці палітвязьняўУкраінскія вайскоўцы ўзялі ў палон Максіма Запеку апошнім, пасьля Андрэя Герыловіча і Максіма Зязюльчыка. Гэта адбылося летась у кастрычніку пад Бахмутам у Данецкай вобласьці.
У палоне беларус паведаміў, што працаваў у Маскве ў кампаніі «Гормост» зваршчыкам, а да Расеі працаваў мулярам у Беларусі. Ён сказаў, што ўдзельнічаў у так званым аднаўленьні зьнішчанага расейцамі Марыюпалю з 8 студзеня па 1 сакавіка 2023 году.
«Прыйшла разнарадка, каб мы падпісвалі кантракт. Я быў трэцім з чатырох. Падпісвалі кантракт у Маскве, у абласным ваенкамаце», — паведаміў беларус.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінцы ўзялі ў палон трэцяга беларуса. Яго на працы ў Маскве прымусілі падпісаць кантракт з расейскай арміяйМаксім Запека пачаў служыць ва Ўзброеных сілах Расеі з 5 жніўня 2023 году. У палон ён трапіў пад Бахмутам у Данецкай вобласьці 22 кастрычніка, калі, паводле яго, ён разам зь іншымі расейцамі эвакуаваў параненага.
Яму, маўляў, абяцалі, што ён «будзе развозіць ежу», а не ваяваць ва Ўкраіне.
Беларус паведаміў, што кантракт з расейскай арміяй падпісаў, бо патрэбныя былі грошы. Першы заробак ён адправіў свайму брату, а на наступныя купляў сабе вайсковую амуніцыю, бо ў выдадзенай немагчыма было служыць — бронекамізэлькі цяжкія і неэфэктыўныя, не было цёплай вопраткі.
Ён расказаў, што сваякі кепска паставіліся да ягонага рашэньня ісьці служыць у расейскую армію і што ў Беларусі ягоныя сябры ўвогуле нэгатыўна ставяцца да расейскай вайны ва Ўкраіне.
Максім Запека стаў трэцім беларусам, які ваяваў на баку Расеі і трапіў ва ўкраінскі палон.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея і Ўкраіна правялі вялікі абмен палоннымі — першы пасьля катастрофы Іл-76