31 студзеня ўрад Літвы ўхваліў прапанову яшчэ на адзін год працягнуць абмежаваньні супраць грамадзян Расеі і ўзмацніць жорсткасьць праверкі грамадзян Беларусі, якія прыбываюць у Літву, піша сайт Delfi.
«У выпадках перасячэньня мяжы грамадзянамі Рэспублікі Беларусь па шэнгенскай візе супрацоўнікі Службы аховы дзяржаўнай мяжы абавязаныя дадаткова ацаніць рызыкі і пры неабходнасьці правесьці больш дэталёвую праверку», — гаворыцца ў тлумачальнай запісцы да законапраекту.
У дакумэнце таксама прапануецца ўдакладніць, што абмежавальная мера будзе распаўсюджвацца на юрыдычных асоб, бэнэфіцыярамі якіх зьяўляюцца грамадзяне Расеі, незалежна ад таго, ці маюць яны часовы або сталы дазвол на жыхарства ў Літве.
Законапраект таксама накіраваны на абмежаваньне права юрыдычных асоб на набыцьцё нерухомасьці пасьля ацэнкі таго, ці зьяўляецца грамадзянін Расеі бэнэфіцыярам канкрэтнай юрыдычнай асобы ў адпаведнасьці з Законам аб супрацьдзеяньні адмываньню грошай і фінансаваньню тэрарызму.
Сьцьвярджаецца, што рэалізацыі абмежавальных захадаў будзе садзейнічаць Інфармацыйная сыстэма ўдзельнікаў юрыдычных асоб, якая зьбірае зьвесткі пра бэнэфіцыяраў юрыдычных асоб. Абмежавальныя захады для грамадзян Расеі прадоўжаныя да 2 траўня 2025 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС Літвы прапануе працягнуць абмежаваньні для беларусаў і расейцаў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Сейме Літвы не хапае галасоў, каб узмацніць абмежаваньні для беларусаў, — дэпутат Кашчунас