У Мазыры два масты цераз Прыпяць, мясцовыя жыхары называюць іх «новы» і «стары». Апошні — адзін з самых доўгіх у Беларусі, цягнецца амаль на кілямэтар. Ён зьяўляецца візыткай палескага гораду. Быў пабудаваны ў 1958 годзе, у 2019-м мост прызналі аварыйным, але для руху транспарту закрылі ў канцы лістапада 2023-га. Цяпер увесь трафік накіравалі праз «новы» мост, які знаходзіцца далёка ад цэнтра гораду, у раёне вёскі Навікі. Гэта значыць, што значна падоўжыўся час, які жыхары рэгіёну трацяць на паездкі зь левага берага Прыпяці на правы і назад.
У канцы студзеня 2024 году будаўнікі пачалі дэмантаж моста. На гэтую справу іх нават дабраславіў мясцовы япіскап Леанід.
Ён адправіў малебен, падарыў будаўнікам абраз, папырскаў іх сьвятой вадой. Для будаўнікоў пасьпяваў праваслаўны мужчынскі хор.
Транспартны каляпс
Рамонт моста пацягнуў за сабой шмат праблемаў. Праз будоўлю давялося зьмяніць схемы руху 45 гарадзкіх, 9 прыгарадных і 13 міжгародніх маршрутаў. Найбольш «пацярпеў» маршрут № 6, які злучаў мікрараён Пхоў з цэнтрам Мазыра. Працягласьць маршруту павялічылася больш як у чатыры разы, час у дарозе — утрая.
Адны з самых частых пытаньняў у мясцовых суполках цяпер — пра расклад руху таго ці іншага аўтобуса, пра магчымасьць увогуле даехаць з пункту А у пункт В. Бо праз рамонт моста вялікае транспартнае кола, якое праходзіла праз увесь горад, «разарвалася» ў адным з галоўных месцаў.
Найбольш пацярпелі ад сытуацыі жыхары Зарэчнага мікрараёну (мясцовая неафіцыйная назва «Пхоў» паходзіць ад ранейшай, савецкай назвы «Посёлок хозяйственного обеспечения водников». — РС). Тут жыве каля 5 тысяч чалавек, знаходзіцца рачны порт, чыгуначная станцыя, машынабудаўнічы завод. На мікрараён працуе адна школа і адна аптэка. Многія дзеці езьдзілі на вучобу ў іншыя школы, у «горад». Але цяпер, як кажа суразмоўца Свабоды, мясцовая жыхарка Тацяна (імя зьмененае з прычын бясьпекі. — РС) бацькі вымушаныя былі пераводзіць іх у школу № 6 на Пхове.
Тацяна дадала, што на ўвесь мікрараён працуе толькі адзін банкамат. «І той цяпер зламаны, ніхто яго не рамантуе», — абураецца жанчына.
Да закрыцьця моста жыхары Пхова садзіліся на аўтобус № 6 і ехалі «ў горад». Паездка да плошчы «Прымаставая» займала каля 15-17 хвілін. Цяпер аўтобус № 6 ідзе цераз «новы» мост у Навіках, дарога займае каля гадзіны.
«Значыць, і падымацца трэба сама меней на гадзіну раней! І ня факт, што ты ўшчэмісься ў аўтобус, які перапоўнены ідзе», — кажа Тацяна.
Праблемай стала трапіць ня толькі ў Мазыр, але і ў суседнія Калінкавічы. Напрыклад, на цягнік да Менску ці ў іншых патрэбах. Бо маршрут № 201 увесь час злучаў гарады-суседзі і праходзіў недалёка ад Зарэчнага. Цяпер аўтобус едзе праз Навікі, па «новым» мосьце, час у дарозе падоўжыўся, а жыхарам Пхова наагул ня трапіць на яго.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Цела параненай расейцамі пад Кіевам дзяўчынкі, якую два гады шукалі ў розных краінах, было ў моргу Мазыра
Як на ўсё гэта рэагуе ўлада
Пытаньні наконт руху транспарту задавалі і кіраўніцтву вобласьці. Сярод іх — пра цяперашнюю нязручнасьць маршруту № 201 (Мазыр — Калінкавічы).
Бо празь зьмену руху аўтобуса і рамонт моста жыхары пэўных мікрараёнаў Калінкавічаў ня могуць трапіць на гэты рэйс.
Начальнік аддзелу філіялу «Аўтобусны парк № 2» ААТ «Гомельаблтранс» Кацярына Савянок адказала, што маршрут № 201 быў створаны з прыярытэтам дастаўкі жыхароў Мазыра да цягнікоў на станцыі Калінкавічы.
«Таму такое рашэньне прынялі, каб зьменшыць час дастаўкі пасажыраў у новых умовах», — тлумачыць чыноўніца.
Жыхары Мазыра складалі пэтыцыю да органаў мясцовай улады. Напрыклад, як дабрацца на работу ў Мазыр да 08:00, калі ўсе ахвочыя могуць зрабіць гэта, толькі сеўшы на аўтобусы ў 06:05 ці 06:45? Наступны аўтобус ідзе ў 07:25, гэта значыць, што на працу не пасьпееш.
У адваротны бок — тыя ж праблемы. Калі чалавек жыве ў «горадзе», а працуе ў мікрараёне за ракой. На працягу дня аўтобусы маюць перапынкі ў руху на дзьве гадзіны, кажуць суразмоўцы Свабоды.
Мясцовыя лічылі, што праблему мог бы вырашыць цягнік Калінкавічы — Пхоў — станцыя Мазыр-Козенкі. Бо ад Козенак да Пхова ехаць каля 16 хвілін, да Калінкавічаў — 30. Ды і каштуе дызэль таньней. Улады адказалі, што дадалі дадатковыя маршруты аўтобусаў, дапасавалі іх да раскладу дызэльных цягнікоў.
Жыхар Мазыра Сямён (імя зьмененае з прычынаў бясьпекі. — РС) кажа, што мясцовыя людзі сталі больш спадзявацца на сябе, не чакаць абяцанага ад уладаў.
«У суполках прапануюць на сваіх аўтамабілях падкінуць да працы ці забраць сюды, на Пхоў. Іх спадарожнікі скідаюцца на паліва і так выходзяць з гэтай цяжкай сытуацыі. Тут праблема, што не распрацаваная лягістыка — аўтобусы ідуць па сваім раскладзе, не дапасаваным да іншых гарадзкіх ці міжгародніх аўтобусаў ці да цягнікоў», — кажа Сямён.
Суразмоўца дадае, што перад закрыцьцём моста ўлады абяцалі, што асартымэнт тавараў у крамах і аптэцы значна пашырыцца, але гэтага не адбылося.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ноч на 13 сьнежня гарэў Мазырскі НПЗ. Ад апёкаў загінуў работнік
Праблема з таварамі, паслугамі, мэдыцынскай дапамогай
У Мазыры разьмешчана шмат гандлёвых пунктаў, у тым ліку вялікія сеткавыя крамы «Гіпа», «Марцін», «Суседзі», «Эўраопт». Нічога з гэтага няма ў адрэзаным Прыпяцьцю мікрараёне Мазыра.
«Там жа і адзеньне, і рэчы, і ўсё на сьвеце. У нас чатыры невялікія харчовыя крамы, усё на гэтым. Мы ўсё жыцьцё купляем прадукты ў „горадзе“, бо ў нас вельмі малы асартымэнт. Цяпер як дабірацца, і калі, і колькі да таго гораду?» — кажа Сямён.
Тацяна зазначае, што праблемай стала таксама атрыманьне мэдыцынскай дапамогі, купля неабходных лекаў. Бо на ўвесь Пхоў — адна дзяржаўная аптэка. Шпіталь, паліклініка — на другім баку Прыпяці, «хуткую» праз доўгі час у дарозе няма сэнсу выклікаць. Пасьля пачатку рамонту моста на Пхове пачала дзяжурыць адна брыгада «хуткай дапамогі».
«Улады абяцалі выязную брыгаду лекараў, але аказалася, што ў будні ў нашай паліклініцы прымае толькі тэрапэўт. „Вузкія“ спэцыялісты — па суботах. Толькі ўявіце, які там тлум і аншляг у суботу робіцца», — скардзіцца Тацяна.
Яна зьвяртае ўвагу на тое, што мазырскі шпіталь перапоўнены праз рамонт шпіталя ў Калінкавічах. Некаторых хворых адтуль перавезьлі ў Мазыр.
«Як дабірацца школьнікам на вучобу ў горад? Праблему некаторыя бацькі вырашылі так, што перавялі іх вучыцца сюды, у адзіную школу на Пхове. Як людзям дабірацца на працу ці з працы? Расклад руху не заўсёды пасуе, аўтобусы перапоўненыя, ды яшчэ і халодныя цяпер, узімку, не ацяпляюцца», — пералічвае праблемы беларуска.
Ці скончыцца рамонт моста цераз Прыпяць за абяцаныя ўладамі два гады, мясцовыя жыхары ня ведаюць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тата — украінец, жылі на памежжы. Што вядома пра сям’ю, затрыманую ў Гомлі за «здраду дзяржаве»