Дакумэнт апублікавалі 25 студзеня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
«Вынікі аналізу міграцыйнай сытуацыі ў Рэспубліцы Беларусь сьведчаць аб неабходнасьці павышэньня эфэктыўнасьці дзяржаўнага кіраваньня міграцыяй, забесьпячэньня нацыянальных інтарэсаў у гэтай сфэры», — адзначаецца сярод іншага ў 9-старонкавай пастанове.
Падкрэсьліваецца, што «міграцыйныя працэсы адыгрываюць значную ролю ў сацыяльна-эканамічным і дэмаграфічным разьвіцьці» Беларусі, што «цягам доўгага часу міграцыйны прырост у значнай ступені кампэнсаваў натуральнае зьмяншэньне насельніцтва», аднак цяпер «назіраецца міграцыйны адток» за мяжу «грамадзян, якія выяжджаюць у мэтах занятку працоўнай дзейнасьцю і на сталае месца жыхарства».
Пры гэтым, на думку аўтараў канцэпцыі, цяперашнія тэндэнцыі ў міграцыйнай сфэры Беларусі абумоўленыя «эканамічнымі і сацыяльнымі фактарамі, геаграфічным становішчам», а таксама «палітычнай сытуацыяй і міграцыйнай палітыкай у суседніх краінах».
Дакумэнт піша пра неабходнасьць прыняцьця «дадатковых захадаў у стварэньні прывабных падатковых, сацыяльных і іншых умоў для ўзмацненьня прытоку ў краіну высокакваліфікаванай замежнай рабочай сілы і ўдасканаленьня мэханізмаў яе адаптацыі і інтэграцыі ў грамадзтва».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску на 5 гадоў турмы асудзілі 67-гадовую беларуску, якая прыехала са ШвэцыіТаксама заяўляецца аб важнасьці «зьніжэньня адтоку грамадзян за межы Рэспублікі Беларусь, захаваньня кадравага патэнцыялу краіны і стымуляваньня вяртаньня грамадзян на радзіму».
Сярод асноўных кірункаў міграцыйнай палітыкі называюцца стымуляваньне «добраахвотнага перасяленьня ў Рэспубліку Беларусь на пастаяннае месца жыхарства асоб, якія маюць падобныя з народам Беларусі духоўныя каштоўнасьці», «распрацоўваньне і прыняцьце дадатковых захадаў для стымуляваньня вяртаньня беларускіх грамадзян, якія выехалі на працу» за мяжу.
У мэтах вяртаньня тых, хто выехаў на радзіму, плянуецца «правядзеньне інфармацыйных кампаній аб магчымасьцях працаўладкаваньня ў Рэспубліцы Беларусь».
«Для павышэньня эфэктыўнасьці дзяржаўнага кіраваньня міграцыяй неабходна аптымізаваць напрамкі і ўзмацніць меры ўзьдзеяньня дзяржавы на міграцыйныя працэсы ў частцы забесьпячэньня станоўчага сальда вонкавай міграцыі і зьмяншэньня эміграцыі, забясьпечыць захаваньне свайго інтэлектуальнага, дэмаграфічнага і працоўнага патэнцыялу, процідзейнічаць незаконнай міграцыі, узмацніць асьвятленьне ў сродках масавай інфармацыі інтарэсаў у сфэры міграцыі», — гаворыцца ў дакумэнце.
Пастанова прадпісвае МУС па ўзгадненьні з КДБ, Дзяржаўным памежным камітэтам, Дзяржаўным мытным камітэтам, МЗС, Мінпрацы, Мінэканомікі, Мінспорту, Міністэрствам аховы здароўя, Міністэрствам адукацыі і Нацыянальнай акадэміяй навук у трохмесячны тэрмін зацьвердзіць праграму рэалізацыі канцэпцыі. На гэтыя ж ведамствы ўскладзены кантроль за выкананьнем пастановы. Яна набывае моц з дня прыняцьця.
18 студзеня начальнік Дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі МУС Аляксей Бягун заявіў у эфіры АНТ, што за 2021–2022 гады зь Беларусі з розных прычын выехала больш за 200 тыс. грамадзян.
Намесьнік міністра ўнутраных спраў Мікалай Карпянкоў у кастрычніку мінулага году заяўляў, што пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020-га «за мяжу ўцяклі 350 тыс. тых, хто нас не падтрымлівае».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Як «камісія па вяртаньні» зрабілася часткай псыхалягічнага ціску на палітэмігрантаў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Усьлед за Беларусьсю ў Расеі заклікалі прыняць тых, хто зьехаў. Але ёсьць умова