Радзе Эўропы прапануюць актывізаваць супрацу зь беларускай грамадзянскай супольнасьцю

Беларускі «Вольны хор» выступіў на пленарным пасяджэнні ПАРЭ перад дэбатамі аб Беларусі ў 2023 годзе

Парлямэнцкая асамблеі Рады Эўропы 25 студзеня ў Страсбуры 25 студзеня правядзе слуханьні «Дэмакратычная будучыня для Беларусі».

У Парлямэнцкая асамблеі Рады Эўропы (ПАРЭ) абмяркуюць, якія захады могуць паспрыяць прыцягненьню рэжыму Аляксандра Лукашэнкі да адказнасьці за яго дзеяньні, як дамагацца кампэнсацыі ахвярам і актывізаваць падтрымку беларускіх дэмакратычных сілаў.

Дакладчыкамі выступяць Кіма Кільюнэн (Фінляндыя), Эмануэліс Зінгерыс (Літва). Таксама да ПАРЭ зьвернецца беларуская дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская.

Як гаворыцца ў справаздачы Кіма Кільюнэна ад імя Камітэту палітычных адносінаў і дэмакратыі ПАРЭ, Асамблея павінна наладзіць структураваны дыялёг зь беларускімі дэмакратычнымі сіламі, у тым ліку шляхам дазволу прадстаўнічай дэлегацыі адыгрываць актыўную ролю ў яе працы; ёсьць таксама задача прызначыць генэральнага дакладчыка для дэмакратычнай Беларусі.

У дакумэнце адзначана, што Асамблея бачыць «выдатны прагрэс, дасягнуты беларускімі дэмакратычнымі сіламі ў выгнаньні пад кіраўніцтвам Сьвятланы Ціханоўскай у каардынацыі і накіраваньні іх намаганьняў у адстойваньні правоў усіх беларусаў і ажыцьцяўленьні дэмакратычных пераменаў у Беларусі.

Яна вітае стварэньне Аб’яднанага пераходнага кабінэту, цэнтральнага выканаўчага органу дэмакратычнага руху, разам з Каардынацыйнай радай, адзіным прадстаўнічым органам беларускай дэмакратычнай грамадзкасьці, як суб’ектаў, якія прадстаўляюць законныя дэмакратычныя памкненьні народу Беларусі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генэральная сакратарка ПАРЭ: Народ Беларусі — гэта не рэжым

Кіма Кільюнэн у сваім дакладзе адзначыў, што «дзеяньні рэжыму Лукашэнкі не адлюстроўваюць дэмакратычных памкненьняў беларусаў. Ён заявіў, што прыпыненьне стасункаў зь Беларусьсю — гэта не прыпыненьне стасункаў зь беларусамі, якія імкнуцца да гэтай дэмакратычнай будучыні».

«У адпаведнасьці з рашэньнем Асамблеі актывізаваць узаемадзеяньне зь беларускай грамадзянскай супольнасьцю, праваабаронцамі, незалежнымі журналістамі, навуковымі коламі і дэмакратычнымі сіламі, я разглядаў гэты даклад як працэс, выкарыстоўваючы свой мандат для прасоўваньня гэтага ўзаемадзеяньня».

У дакладзе фінскага прадстаўніка ёсьць пункты пра наступствы палітычнага крызісу 2020 году, сытуацыю з правамі чалавека і палітычнымі свабодамі, палітычных вязьняў, свабоду выказваньня, свабоду сходаў, сьмяротнае пакараньне, спробы пазбавіць грамадзянства і абмежаваць выдачу пашпартоў, пасадку самалёту Ryanair з Раманам Пратасевічам і Соф’яй Сапегай на борце, мігранцкі крызіс, удзел Беларусі ў расейскай агрэсіі супраць Украіны, адносіны Рады Эўропы з Рэспублікай Беларусь і з дэмакратычнымі сіламі.

Беларускі офіс у ПАРЭ

Дэмакратычныя сілы Беларусі летась атрымалі асобны офіс у будынку Рады Эўропы ў Страсбуры. Офіс будзе выкарыстоўвацца для «сустрэч і кансультацыяў у межах працы кантактнай групы і міжпарлямэнцкага супрацоўніцтва».

Кантактная група Рады Эўропы ў справах Беларусі дзейнічае зь лістапада 2022 году. Зь беларускага боку туды ўваходзяць прадстаўнікі дэмакратычных сілаў і грамадзянскай супольнасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ПАРЭ прызнала ўладу Пуціна «дыктатурай» і заклікала лічыць яго нелегітымным пасьля цяперашняга прэзыдэнцкага тэрміну

Што такое ПАРЭ і Рада Эўропы

  • Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы (ПАРЭ) — адзін з двух галоўных статутных органаў Рады Эўропы: кансультацыйны орган, які складаецца з прадстаўнікоў парлямэнтаў усіх дзяржаў-сяброў.
  • ПАРЭ — найстарэйшы ў Эўропе орган міжпарлямэнцкага супрацоўніцтва, ён заснаваны 5 траўня 1949 году. Асамблея прымае рэзалюцыі і рэкамэндацыі на падставе дакладаў, якія рыхтуюцца дэпутатамі.
  • Місія Рады Эўропы — адстойваць правы чалавека і падзел галінаў уладаў, спыніць сьмяротнае пакараньне на ўсім кантынэнце.
  • Вярхоўны Савет Беларусі ў 1990 гадах меў статус спэцыяльна запрошанага ў ПАРЭ, але пасьля сфальшаванага канстытуцыйнага рэфэрэндуму 1996 году гэты статус быў страчаны.
  • Расея пасьля поўнамаштабнага нападу на Ўкраіну ў 2022 годзе сама выйшла з Рады Эўропы.

Што такое Кантактная група?


Кантактная група, створаная Радай Эўропы сумесна зь беларускімі дэмакратычнымі сіламі і грамадзянскай супольнасьцю, правяла першае пасяджэньне 7 лістапада 2022 у Страсбургу, у Палацы Эўропы.

Сябры Кантактнай групы аказваюць дэмакратычныя сілы і грамадзянскую супольнасьць Беларусі, а таксама адпаведныя органы Рады Эўропы. Кантактная група будзе займацца «распрацоўкай, арганізацыяй і кантролем праграмаў і праектаў на карысьць народу Беларусі».

Беларусь падала заяўку на ўступленьне у Раду Эўропы ў 1993 годзе, аднак працэс быў прыпынены ў 1996 годзе, калі пры ўладзе ўжо быў Лукашэнка, а ў краіне душылі пратэсты.

Кантактную групу стварыў генэральны сакратар Рады Эўропы на падставе рашэньня Камітэту міністраў ад 7 верасьня. Раней у 2022 годзе Камітэт міністраў вырашыў прыпыніць усе адносіны з рэжымам Лукашэнкі.

Мэтаю Кантактнае групы ёсьць забесьпячэньне падтрымкі і досьведу арганізацыі для ўмацаваньня беларускага дэмакратычнага грамадзтва ў адпаведнасьці з асноўнымі каштоўнасьцямі Рады Эўропы, зь яе дзейнасьцю ў галіне правоў чалавека, вяршэнства права і дэмакратыі.

«Рада Эўропы прынцыпова падтрымлівае дэмакратычныя сілы і грамадзянскую супольнасьць Беларусі. Я радая стварэньню гэтае групы. Гэта наватарскае рашэньне: ніводная іншая міжнародная арганізацыя не стварала інстытуцыйных адносінаў такога кшталту», — падкрэсьліла генэральны сакратар Рады Эўропы Марыя Пэйчынавіч-Бурыч.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дэмакратычныя сілы Беларусі атрымалі офіс у будынку Рады Эўропы ў Страсбургу
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аўтар дакладу аб беларускіх уцекачах расказаў, як краіны Рады Эўропы будуць выконваць рэкамэндацыі