ДАІ: Колькасьць загінулых на дарогах беларусаў у 2023 годзе дасягнула мінімуму за ўсю гісторыю

ДТЗ каля Смалявічаў Менскай вобласьці, 2023 год

Летась колькасьць аварый па віне п’яных кіроўцаў была на 13% меншая, чым у 2022-м.

Колькасьць беларусаў, якія загінулі на дарогах краіны, у 2023 годзе дасягнула мінімуму за ўсю гісторыю вядзеньня ўліку — 434 чалавекі.

Пра гэта расказаў у газэце «На страже» начальнік галоўнага ўпраўленьня ДАІ МУС Беларусі Вадзім Гаркун.

Паводле яго слоў, гэтага ўдалося дасягнуць дзякуючы сыстэмнай працы на працягу некалькіх апошніх гадоў ва ўзаемадзеяньні з супрацоўнікамі іншых падразьдзяленьняў міліцыі.

Акрамя таго, інспэктары ажыцьцяўлялі кантроль за кіроўцамі, якія дапускалі грубыя правіны на праезнай частцы. У выніку ў 2023 годзе колькасьць аварый па віне п’яных кіроўцаў была на 13% меншая, чым у 2022-м, а загінулых у такіх ДТЗ — на 28 чалавек менш.

У ДАІ лічаць, што значна зьнізіць колькасьць злосных парушальнікаў на дарогах дапамагло і тое, што для іх павялічылі штрафы, у такіх кіроўцаў канфіскоўвалі аўтамабілі і прыцягвалі да адміністрацыйнай і крымінальнай адказнасьці за паўторную правіну на працягу году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сваякам загінулых у ДТЗ пад Смалявічамі выплацяць звыш 2,5 млн рублёў кампэнсацыі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У калядную ноч здарылася аварыя ў Барысаве: загінуў чалавек
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Польшчы аўтобус з турыстамі зь Беларусі трапіў у кювэт, некалькі чалавек шпіталізавалі