За апошнія суткі шэраг беларускіх палітычных ініцыятыў масава закідваюць скаргамі ў сацыяльных сетках. Пад атаку трапілі акаўнты ў Інстаграм Сьвятланы Ціханоўскай і Паўла Латушкі, праект дапамогі жанчынам за кратамі «Палітвязынка», палітычная ініцыятыва «Моладзевы блёк».
«Давялося зрабіць старонку часова закрытай. Мы атрымалі 198 скаргаў, і гэта згубна для нашай старонкі. Таму, калі ласка, падпісвайцеся на нас, расказвайце сябрам пра нас. Мы вельмі стараемся», — паведаміла стваральніца праекту «Палітвязынка» Яўгенія Доўгая.
Раней адбылася кібэратака на сайт BySol.
«Сёньня з раніцы мы перажылі самую моцную і прафэсійную кібэратаку. Спэцыфіка атакі была ў тым, што яна праводзілася на высокім тэхнічным узроўні і новымі мэтадамі, зь якімі мы раней не сутыкаліся. Але атака была пасьпяхова адбітая», — паведаміў кіраўнік фонду Андрэй Стрыжак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адбылася атака на старонкі беларускіх палітыкаў і ініцыятыўЯк атакуюць сацыяльныя сеткі
Акаўнт у нейкай сацыяльнай сетцы могуць атакаваць як з мэтай памяншэньня ахопаў, гэта значыць аўдыторыі гэтага каналу, так і з мэтай ягонага блякаваньня адміністрацыяй сацыяльнай сеткі. Кожная буйная сацсетка мае альгарытм, які дазваляе скардзіцца на кантэнт. Менавіта гэты мэханізм і выкарыстоўваюць для атакі, тлумачыць прадстаўнік праваабарончай арганізацыі Human Constanta, які пажадаў застацца ананімным.
«Збольшага ў сацыяльных сетках ёсьць свае альгарытмы, якія правяраюць кантэнт на адпаведнасьць правілам. На моманце, калі ён загружаецца ў сетку. Другі інструмэнт, калі карыстальнікі пазначаюць гэты кантэнт як шкодны і скардзяцца на яго. Калі гэта масавая зьява, то акаўнт могуць заблякаваць ці панізіць ягоны ахоп. Сацыяльныя сеткі перастрахоўваюцца і абмяжоўваюць доступ», — кажа суразмоўца.
Масавыя скаргі могуць ісьці як ад ботафэрмы, так і ад супольнасьці людзей, якія дамовіліся паміж сабой. Таксама гэта можа быць базай узламаных акаўнтаў, ад якіх вядзецца атака скаргамі.
«Адміністрацыя сацыяльных сетак таксама адсочвае такія выпадкі і ботаў выдаляюць, але адбываецца гэта няхутка. Выкарыстоўваць могуць фэйкавыя акаўнты, якія стварылі з гэтай мэтай, узламаныя акаўнты ці проста супольнасьць людзей», — гаворыць суразмоўца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка загаварыў пра цэнзуру для дзяцей у інтэрнэце. Як гэта працуе і чаго можна чакаць
Як бараніцца
Абмежаваць доступ і зрабіць акаўнт прыватным — гэта часовая мера, каб староньнія акаўнты не маглі закідваць скаргамі.
«Доўгатэрміновае рашэньне — гэта камунікацыя з адміністрацыяй сацыяльнай сеткі. Гэта таксама няпроста, бо сацсеткамі карыстаецца шмат людзей і мадэрацыя і рэагаваньне на скаргі — цяжкі і марудны працэс. Калі гаворка пра палітычныя ці мэдыйныя праекты і яны сталі мэтай атакі дзяржаў, то можна разьлічваць на большую каапэрацыю з адміністрацыяй сацыяльных сетак. Можна зьвяртацца да міжнародных арганізацый у сфэры правоў карыстальнікаў, напрыклад Accessnow, яны могуць вырашаць гэтыя пытаньні больш апэратыўна і наўпрост камунікаваць з адміністрацыяй сацсетак», — тлумачыць суразмоўца.
Праблема таксама яшчэ і ў тым, што адміністрацыя сацыяльных сетак не заўжды разумее кантэкст той ці іншай краіны, дзе адбываюцца такія атакі. Таму гэта патрабуе часу — праверыць інфармацыю па скаргах.
Accessnow — міжнародная арганізацыя, якая займаецца абаронай лічбавых правоў чалавека па ўсім сьвеце.
Рэпэтыцыя
Што да атакі на сацыяльныя сеткі актывістаў і палітыкаў, то гэта маглі быць «вучэньні» ці трэнаваньне. Так мяркуе мэдыяаналітык Міхаіл Дарашэвіч.
«Нагадвае, што гэта былі нейкія вучэньні, гэта нейкая трэніроўка, бо яна была непрацяглай і лёгка адбівалася. Акаўнты сутыкнуліся з праблемай скаргаў, але гэта вырашалася і фіксавалася. Аднак, калі думаць, што гэта нейкі тэст, то трэба думаць пра магчымую больш маштабную атаку на старонкі ў сацыяльных сетак», — расказаў у размове са Свабодай Міхаіл Дарашэвіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На аўтара Свабоды Сяргея Дубаўца завялі крымінальныя справы. Дубавец адказаў пракуратурыА што за DDos-атака?
Сайт BySol, у адрозьненьне ад сацыяльных сетак, зазнаў DDos-атаку, якая вялася на гостынг, дзе знаходзіцца іх вэб-рэсурс.
DDos-атака — гэта накіраваньне праз сетку кампутараў шматлікіх запытаў на сайт ці гостынг з мэтай выклікаць адмову ў працы сайту. Адзін з праўладных каналаў пасьля атакі на сайт BySol паведаміў, што сілавікі атрымалі доступ да базы людзей, якія данацілі ў фонд. Кіраўнік фонду Андрэй Стрыжак зьняпраўдзіў гэтую інфармацыю.
«Учорашнія кібэратакі на сайт фонду, сацыяльныя сеткі грамадзянскіх структур, сёньняшнія аблавы па ўсёй краіне, прызнаньне калег з IneedHelp экстрэмістамі і чарговая хваля дэзынфармацыі пра дзейнасьць BySol выглядаюць як комплексная атака на сыстэму дапамогі палітвязьням і на структуру грамадзянскай супольнасьці, якая супрацьдзейнічае лукашэнкаўскаму тэрору», — напісаў Стрыжак.
У сацыяльных сетках BySol таксама абверглі, што сілавікам удалося атрымаць доступ да базы дадзеных.
«Ідзе дэзынфармацыя. Скрыны і відэа прапагандыстаў альбо не адпавядаюць рэчаіснасьці, альбо скампіляваныя так, каб уразіць і запалохаць людзей. Дадзеныя пра плацяжы ў бясьпецы, сыстэма ахвяраваньняў працуе спраўна, хвалявацца ня трэба», — напісалі прадстаўнікі BySol у сацыяльных сетках.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як у Беларусі адключалі YouTube і ці могуць яго заблякаваць цалкам. Разьбіраемся з экспэртам