Большасьць «Купаўлаўцаў» трапіла ў Польшчу перад самым пачаткам вайны ва Ўкраіне. Частка трупы тады апынулася на праекце «Дзяды» ў Любліне. Адтуль акторы зьбіраліся ехаць у Львоў, дзе трупе прапанавалі спрыяльныя для працы ўмовы, а прадусарка дамовілася на арэнду сцэны, расказвала Свабодзе народная артыстка Беларусі, прыма тэатру Зоя Белахвосьцік.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Галоўнае, каб мы не захрасьлі ў тым жніўні». Вялікая размова з народнай артысткай Беларусі Зояй БелахвосьцікА частка трупы вярталася зь Нямеччыны, дзе паказвала спэктакль «Страх». Пра пачатак вайны даведаліся ў аэрапорце. Усе пляны парушыліся, і паўтара дзясятка артыстаў засталіся ў Польшчы.
Вольныя «Купалаўцы» шукалі магчымасьці працаваць на чужых сцэнах. Пляцоўкі ім давалі вядомыя польскія тэатры. Нагадаем пра некалькі пасьпяховых праектаў «Купалаўцаў».
Пяць спэктакляў за год — без уласнай сцэны
- 18–19 чэрвеня 2022 году на сцэне Люблінскага тэатру імя Юльюша Астэрвы адбылася прэм’ера спэктакля купалаўцаў «Гусі-людзі-лебедзі», пастаўленага па адной з частак раману «Сабакі Эўропы» Альгерда Бахарэвіча. Рэжысэр — Аляксандар Гарцуеў. Пазьней спэктакль паказвалі ва Ўроцлаве, Беластоку, Варшаве.
- 8–9 кастрычніка 2022 году на сцэне Польскага тэатру ў Варшаве адбылася прэм’ера спэктакля «Рамантыка» паводле «Балядаў і рамансаў» Адама Міцкевіча. Рэжысэр-пастаноўшчык — Мікалай Пінігін.
- Крыху пазьней паставілі «Сфагнум» паводле Віктара Марціновіча. 22 сьнежня 2023 году прэм’ера прайшла ў Варшаве на сцэне Przodownik @Teatr Dramatyczny.
- Увесну 2023 году ў Любліне «Купалаўцы» працавалі над спэктаклем па п’есе Сяргея Кавалёва «Юдыф». Ставіў яго рэжысэр Павал Пасіні, які раней з «Купалаўцамі» рабіў «Дзяды» Міцкевіча. Прэм’ера «Юдыфі» адбылася 14 ліпеня 2023 году на сцэне варшаўскага Teatr WAM.
- 12 жніўня 2023 году на сцэне тэатру TR Warszawa прайшла прэм’ера спэктакля «Плошча Перамогі» па Бахарэвічу. Рэжысэр — Аляксандар Гарцуеў.
Ставіць спэктаклі, ня маючы свайго памяшканьня, сваёй сцэны, надзвычай складана. Да таго ж некаторыя спэктаклі акторы адыгралі ўсяго раз, максымум тры-чатыры.
«Хацелася б мець сталую пляцоўку. Іграць хаця б па 2–3 спэктаклі на месяц. Каб спэктакль жыў, яго часьцей трэба выконваць. Бо калі праз пэўны час яго аднаўляць, гэта як пачынаць яго наноў ставіць», — разважаў актор Алег Гарбуз у інтэрвію Свабодзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Хацелася б мець сталую пляцоўку. Іграць хаця б па 2-3 спэктаклі на месяц». Алег Гарбуз пра тое, што адбываецца з «Купалаўцамі»Два памяшканьні адкінулі, шукаюць далей
Былы дырэктар Купалаўскага тэатру, прадстаўнік НАК Павал Латушка расказаў Свабодзе, што ў сьнежні і студзені адбыліся перамовы з прадстаўнікамі польскай улады.
«На гэтых сустрэчах абмяркоўвалася ў тым ліку стварэньне сталай пляцоўкі ў Варшаве для беларускіх тэатральных дзеячоў, якія былі вымушаныя пакінуць Беларусь і сёньня знаходзяцца ў Польшчы. Мы бачым канцэпт як пляцоўку для ўсіх тэатральных калектываў, што знаходзяцца ў Польшчы і, у прыватнасьці, у Варшаве», — расказаў Латушка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Рана ці позна і вайна скончыцца, і перамены ў нас адбудуцца». Былы дырэктар беларускага тэатру пра жыцьцё і творчасьць у ФінляндыіЁн таксама паведаміў пра асобную сустрэчу пры ўдзеле «Купалаўцаў» з дырэктарам Бюро культуры варшаўскай мэрыі Артурам Юзьвікам. Бюро культуры прызначыла адказнага супрацоўніка, каб шукаць памяшканьне для беларускіх актораў.
«Разам з гэтым супрацоўнікам ужо прагледзелі два памяшканьні. Першае, на жаль, не адпавядае тэхнічным патрабаваньням, а па другім зараз ідзе працэс абмеркаваньня магчымасьці адпаведнай адаптацыі памяшканьня для тэатральнай сцэны. Пошукі пляцоўкі працягваюцца», — запэўніў спадар Латушка.
8 студзеня прадстаўнікі Аб’яднанага пераходнага кабінэту, у тым ліку Сьвятлана Ціханоўская і Павал Латушка, сустрэліся з прэзыдэнтам Варшавы Рафалам Тшаскоўскім.
«Мы атрымалі падчас гэтай сустрэчы дакладны мэсэдж пра тое, што неабходна вызначыць стратэгічныя кірункі, у якіх горад у далейшым мог бы аказаць падтрымку прадстаўнікам беларускай нацыянальнай культуры, што знаходзяцца ў Польшчы. Адным з такіх кірункаў, на нашу думку, безумоўна, павінна стаць стварэньне тэатральнай пляцоўкі для беларускіх тэатраў у Варшаве.
Таксама падтрымку ідэі стварэньня такой пляцоўкі з мэтай захаваньня беларускай культуры і рэлякацыі ў будучым у новую дэмакратычную Беларусь выказала маршалак Сэнату Польшчы Малгажата Кідава-Блоньска», — кажа Павал Латушка.