Сучасны мастацкі тэатар працаваў у Беларусі 17 гадоў. Цяпер ягоны стваральнік і дырэктар Уладзімер Ушакоў у вымушанай эміграцыі. Свабода знайшла творцу ў Фінляндыі.
У Менску ў 2020-м ставілі толькі драмы і зьбіралі поўныя залі
Уладзімер Ушакоў у 2004 годзе стварыў першы ў Беларусі прыватны тэатральны праект — Сучасны мастацкі тэатар. У 2020 годзе тэатар Ушакова выступіў супраць гвалту і ў падтрымку дэмакратычных каштоўнасьцяў. Акторы выказвалі салідарнасьць з калегамі з Купалаўскага тэатру, удзельнічалі ў розных акцыях. Яны адмянілі пастаноўкі камэдый і ставілі на сцэне толькі драмы. У тым ліку «Цмока» («Дракона») і «Гэтадэмакрэйшн». У плянах была пастаноўка па рамане Сашы Філіпенкі «Былы сын».
«Але Міністэрства культуры — гэта яшчэ адзін від карнікаў. Яны ўвесь час чынілі нам перашкоды, чапляліся да нас з кожнай нагоды, патрабавалі кучу дакумэнтаў. Прыходзілі супрацоўнікі МНС і адмянялі спэктаклі. Так было 5 студзеня 2021 году. Назаўтра прастору ОК16 увогуле закрылі», — успамінае ўжо былы дырэктар Сучаснага мастацкага тэатру.
Ушакоў кажа, што не пакідаў намеру паставіць «Былога сына» ўвесну 2021 году. «Але нас папярэдзілі: калі спэктакль адбудзецца, то арыштуюць усіх — і актораў, і гледачоў», — кажа Ўладзімер.
Ці ўсьведамлялі акторы і дырэктар усю глыбіню рызыкі такіх паводзінаў у пэрыяд 2020–2021 году?
«Мы не маглі ўвесь час думаць, што з намі могуць зрабіць. Мы не ішлі за гэтай думкай. Мы ішлі за думкай, што мы ідзём за справядлівасьць. Нам важна было выказвацца і адчуваць сябе свабоднымі людзьмі. Важна было быць са сваім народам», — тлумачыць рэжысэр.
Паехаў у Кіеў паставіць спэктакль і ня змог вярнуцца
Уладзімер Ушакоў кажа, што ня мог адмовіцца ад задумы паставіць спэктакль «Былы сын». Таму ўвесну 2021 году паехаў рабіць гэта ў Кіеў.
«Я ехаў ставіць спэктакль. Ня думаў, што не вярнуся. Але рэпрэсіі нарасталі. Мне знаёмыя праваабаронцы сказалі, што небясьпечна вяртацца. Тады ўжо зьявіліся „чорныя сьпісы“ дзеячоў культуры», — кажа творца.
У Кіеве ён знайшоў падтрымку ў тэатральным асяродзьдзі і прастору для пастаноўкі. Пасьпеў за 11 месяцаў паставіць два спэктаклі. Прэм’еру трэцяга плянавалі на сакавік 2022 году. Але 24 лютага на Кіеў пасыпаліся расейскія ракеты.
«Трэці спэктакль я рыхтаваў на ўкраінскай мове, працаваў з украінскімі артыстамі. На той момант мы з памочнікамі зарэгістравалі грамадзкае аб’яднаньне „Беларускі сучасны мастацкі тэатар за мяжой“. Я плянаваў, што з часам мы даб’ёмся сур’ёзнай увагі кіеўскай публікі, заваюем гледачоў. Але пасьля 24 лютага нават назва нашага тэатру „беларускі“ пачала ня надта добра ўспрымацца», — кажа Ўладзімер.
Як і іншыя беларусы ва Ўкраіне, рэжысэр зазнаў фінансавыя праблемы — ягоныя банкаўскія рахункі былі заблякаваныя. Гэта стала яшчэ адной прычынай, каб выехаць з Украіны.
«Мы праз мастацтва стараліся данесьці праўду пра Беларусь, пра тое, што там адбываецца насамрэч. Бо многія ўкраінцы думалі пра беларусаў у кантэксьце „крэпкага хазяйсьцьвеньніка“ Лукашэнкі. Праз вайну яны даведаліся праўду пра гэтага „хазяйсьцьвеньніка“ і які ён насамрэч, і што ён ня можа быць добрым суседам», — зазначыў рэжысэр.
Пастаноўка ў Хэльсынкі
Пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне Ўладзімер Ушакоў атрымаў прапанову прыехаць у Фінляндыю, у рэзыдэнцыю па праграме абароны творцаў «Artists at risk». Тут ён пасьпеў паставіць спэктакль пра беларускія падзеі з удзелам беларусаў, якія пасьля 2020 году пераехалі ў Фінляндыю. Тут жа ён паставіў першы для сябе радыёспэктакль «Размовы ўцекачоў» па п’есе Бэртольда Брэхта, якая была напісаная на пачатку Другой сусьветнай вайны.
Рэжысэр кажа, што фіны — добрыя, адкрытыя і гасьцінныя людзі, якія ведаюць пра сытуацыю як у Беларусі, так і ва Ўкраіне.
«У мяне ёсьць ідэі, пляны, мне ёсьць што сказаць, выказацца на сцэне пра сытуацыю ў Беларусі і Ўкраіне», — кажа Ўладзімер.
Цяпер ён узмоцнена вучыць ангельскую мову, а з новага году пачне вучыць фінскую.
«Нам усім, хто цяпер знаходзіцца ў розных краінах, трэба адаптавацца, разумець, дзе мы і што мы можам зрабіць і для гэтай краіны, і для нашай», — лічыць творца.
Ён зазначыў, што фінскі тэатар самадастатковы. Людзі тут любяць тэатар і шмат хто займаецца ім прафэсійна і якасна.
Па словах рэжысэра, у Фінляндыі жыве прыкладна 1300 беларусаў, дыяспара тут «маладая і актыўная».
«Рана ці позна скончацца войны, хоча хто ці не, але наступяць перамены і ў нас. І тады мы прымем рашэньне, што рабіць далей. Адно я ведаю дакладна — мы ня будзем абыякавыя да лёсу нашай краіны. Часта не хапае веры, але нам трэба дакладна вызначыцца — што мы хочам, што будзем рабіць у новай Беларусі. Я выдатна разумею, чым я буду займацца і чым мусіць займацца беларускі тэатар», — кажа Ўладзімер Ушакоў.
Новыя магчымасьці для беларускай культуры
Рэжысэр кажа, што Фінляндыя яму падабаецца і ў гэтай краіны шмат чаму можна павучыцца.
«Многія рэчы тут правераныя часам, і гэта можна пераймаць у фінаў. Тут сапраўды пануе ўлада народу. Тут вельмі ўважлівае, камфортнае стаўленьне да чалавека, пачынаючы з грамадзкага транспарту. Выдатная мадэль бібліятэк, куды можа прыйсьці кожны. І ня толькі каб пачытаць кнігу, але і паўдзельнічаць у шматлікіх актыўнасьцях, выдрукаваць нешта на 3D-друкарцы і гэтак далей», — кажа Ўладзімер Ушакоў.
Па словах беларуса, мінус Фінляндыі — бюракратызм.
«І няхуткія рашэньні. Любое пытаньне займае пэўны час. Але яно вырашаецца. Мне здаецца, што Фінляндыя — краіна для жыцьця», — кажа творца.
Па словах Ушакова, беларусы ў Фінляндыі даказалі і сабе, і іншым, што яны многае могуць. Бо вывучылі мову, знайшлі прыстойную працу.
«І ў дыяспары ёсьць час і жаданьне разьвіваць нашу супольнасьць тут, быць значнымі для фінскага грамадзтва», — лічыць рэжысэр.
У ягоных плянах — пастаноўка спэктакля ў Варшаве разам зь іншымі беларускімі тэатральнымі дзеячамі і ўдзел у творчай лябараторыі ў Нарвэгіі. «Ідзём далей. Шукаем шляхі і магчымасьці прасоўваць беларускую культуру», — дадаў Уладзімер Ушакоў.