«Затрыманьні журналістаў Яўгена Глушкова, Алеся Сабалеўскага і Аляксандра Зянкова — яшчэ адзін прыклад няспыннага перасьледу прадстаўнікоў друку з боку беларускіх уладаў», — цытуе інфармацыйнае агенцтва «Позірк» каардынатарку праграмы CPJ па Эўропе і Цэнтральнай Азіі Гульнозу Саід.
Яна падкрэсьліла, што ўлады павінны забясьпечыць у Беларусі ўмовы, «каб прадстаўнікі друку не траплялі ў турму за сваю працу».
CPJ зьвярнуўся па камэнтар у Сьледчы камітэт Беларусі, але не атрымаў адказу.
Арганізацыя зазначае, што Беларусь займае трэцяе месца ў сьвеце па колькасьці зьняволеных журналістаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля другога арышту ня выйшаў на волю былы магілёўскі блогер Алесь СабалеўскіУ дачыненьні да прызнанага палітвязьнем магілёўскага блогера Алеся Сабалеўскага распачатая справа паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу (садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці). Ён знаходзіцца ў сьледчым ізалятары турмы № 4 Магілёва. Сабалеўскага затрымалі 12 сьнежня, ён ня выйшаў на волю пасьля двух адміністрацыйных арыштаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сілавікі затрымалі магілёўскага журналіста Яўгена ГлушковаБылы магілёўскі журналіст і відэаапэратар Яўген Глушкоў «затрыманы 4 ці 5 студзеня» і цяпер знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пачынаюць судзіць барысаўскага фатографа Аляксандра ЗянковаСправу былога фотажурналіста і відэаапэратара Аляксандра Зянкова пачалі разглядаць у Менскім гарадзкім судзе 12 студзеня. Яго вінавацяць па ч. 3 арт. 361-1 КК (стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім).
Журналіст, які пражываў у Барысаве (Менская вобласьць), супрацоўнічаў зь недзяржаўнымі СМІ, у тым ліку зь мясцовым сайтам ex-Press.by (цяпер ex-press.live), кантэнт якога двойчы прызнаваўся «экстрэмісцкімі матэрыяламі» (у кастрычніку 2021 і ў лютым 2023 году). Рэдакцыя сайта была прылічаная да «экстрэмісцкіх фармаваньняў» (у лістападзе 2023-га).
Паводле зьвестак Беларускай асацыяцыі журналістаў, у зьняволеньні знаходзяцца 34 супрацоўнікі беларускіх СМІ.
Крымінальны перасьлед Ігара і Дар'і Лосікаў
На журналіста Радыё Свабода і блогера Ігара Лосіка ў 2020 годзе завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).
Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 году пасьля ператрусу дома ў Баранавічах. На ягоны тэлеграм-канал «РБ головного мозга» ў той момант былі падпісаныя 167 тысяч чалавек.
Ігар Лосік актыўна асьвятляў падзеі выбараў прэзыдэнта Беларусі. Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.
15 сьнежня 2020 году, пасьля выстаўленьня другога абвінавачаньня, Ігар Лосік абвясьціў галадоўку пратэсту і трымаў яе да 25 студзеня 2021 году.
11 сакавіка 2021 году Лосіку выставілі новае абвінавачаньне. На знак пратэсту Ігар пашкодзіў сабе запясьце на вачах у адваката і сьледчага, а таксама абвясьціў сухую галадоўку. За гэта Лосіка зьмясьцілі ў карцар сьледчай турмы Жодзіна. Там ён прабыў пяць дзён, чатыры зь якіх трымаў сухую галадоўку.
- 14 сьнежня 2021 году ў будынку СІЗА-3 ў Гомлі судзьдзя Мікалай Доля прысудзіў Ігару Лосіку 15 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватым паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу — «Распальваньне сацыяльнай варажнечы і непрыязі ў адносінах да прадстаўнікоў улады і праваахоўных органаў, учыненае групай асобаў» (ч.3 арт.130) і «Арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся пагромамі падпаламі, зьнішчэньнем маёмасьці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады» (ч.1 ст.293).
- Жонку Ігара Лосіка Дар’ю пакаралі 2 гадамі зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму (паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу, «Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці») за інтэрвію пра мужа, у якім яна, паводле абвінавачаньня, «пазыцыянавала сябе як жонка палітвязьня». Прысуд Дар’і Лосік вынес 19 студзеня 2023 году судзьдзя Берасьцейскага абласнога суду Мікалай Грыгаровіч.
Перасьлед Андрэя Кузьнечыка
- Андрэй Кузьнечык — журналіст, які супрацоўнічае з Радыё Свабода, фрылансэр.
- Андрэя Кузьнечыка затрымалі 25 лістапада, на наступны дзень яго асудзілі на 10 сутак, аднак 5 сьнежня ён на волю не выйшаў, зноў атрымаўшы 10 сутак. Але і 15 сьнежня яго ня вызвалілі і зноў прысудзілі 10 дзён арышту.
- Віны паводле адміністрацыйных артыкулаў фрылансэр Радыё Свабода не прызнаў, перадач для яго не прынялі.
- 22 сьнежня Беларуская асацыяцыя журналістаў запатрабавала ад уладаў органаў неадкладна даць інфармацыю пра тое, дзе і ў сувязі зь якой справай утрымліваюць журналіста.
- Прэзыдэнт Радыё Свабода Джэймі Флай заявіў, што ўлады Беларусі працягваюць утрымліваць журналіста, па сутнасьці, як выкрадзенага закладніка. Ён запатрабаваў вызваліць Андрэя і спыніць перасьлед беларускіх журналістаў.
- 23 сьнежня сваякам Андрэя паведамілі, што на яго завялі крымінальную справу, але не назвалі артыкулу КК. Кузьнечыка перавялі ў СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага ў Менску.
- У чэрвені 2022 году Магілёўскі абласны суд прызнаў яго стваральнікам «экстрэмісцкага фармаваньня» (арт. 361-1 КК) і прысудзіў 6 гадоў турмы. Суд доўжыўся 3 гадзіны.
Змаганьне ўлады супраць недзяржаўных СМІ
У 2020–2021 гадах перасталі выходзіць на паперы шэраг незалежных газэтаў нацыянальнага і рэгіянальнага абсягу. Большасьць газэтаў спынілі выхад праз палітычны ціск пасьля публікацый — ім не давалі далей друкавацца ў Беларусі. Перасьлед працягнуўся ў 2022-2023 гг.
Праблемы з друкарнямі паўсталі перад рэдакцыямі выданьняў:
- «Белгазета»,
- «Брестская газета»,
- «Газета Слонімская»,
- «Информ-прогулка»,
- «„Комсомольская правда“ в Белоруссии»,
- «Лидер-пресс».
- «Народная воля»,
- «Новы час»,
- «Рэгіянальная газета»,
- «Свободные новости плюс»,
- «Ганцавіцкі час».
У многіх рэдакцыях і ў журналістаў дома прайшлі ператрусы. Некаторыя рэдакцыі зазналі некалькі ператрусаў.
Фінансавыя праблемы сталі прычынай закрыцьця яшчэ дзьвюх папулярных у сваіх рэгіёнах незалежных газэтаў. На пачатку мінулага году перасталі выходзіць «Барысаўскія навіны», а ў канцы 2020 году выйшаў апошні нумар газэты «Вольнае Глыбокае».
Мэдыя і мэдыяарганізацыі, прызнаныя ўладай «экстрэмісцкімі фармаваньнямі/арганізацыямі»: Радыё Свабода, Белсат, БелаПАН, Эўрарадыё, Tut.by, Kyky.org, Наша Ніва, Хартыя’97, Флагшток, Hrodna.life, Volkovysk.by, Маланка Медыя, «Бабруйск Online», «Брестская газета», Беларуская асацыяцыя журналістаў, Мост, Люстэрка, Ранак, Беларускі расьсьледавальніцкі цэнтар, Tribuna.com Беларусь, Ex-press.livе, Deutsche Welle Беларусь, UDF.by.
У Воршы па рашэньні пракуратуры заблякавалі рэгіянальны партал Orsha.eu, у Гомлі «Свободные новости Плюс», у Віцебску «Витебский курьер».
Некаторыя рэдакцыі самі вырашылі спыніць выхад папяровых вэрсій, як, напрыклад, «Информ-прогулка» ў Лунінцы ці «ЎзГорак» у Горках.