Украінскі праект poternet.site апублікаваў прозьвішчы яшчэ двух ураджэнцаў Беларусі, якія ваявалі ў расейскай арміі і загінулі ў часе баявых дзеяньняў на тэрыторыі Ўкраіны. Інфармацыя пра дваіх зь іх раней не была вядомая.
Раней паведамлялі аб пацьверджанай гібелі 16 беларусаў і выхадцаў зь Беларусі, якія ваявалі ў складзе прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр», расейскай арміі і ў ваенізаваных фармаваньнях так званых «ДНР» і «ЛНР».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паўгода ідзе вайна ва Ўкраіне. Асноўныя факты і лічбы- Згодна з інфармацыяй праекту, 25 сакавіка 2022 году загінуў Вячаслаў Моніч, які нарадзіўся ў 1974 годзе ў Пінску. Служыў у 9-м упраўленьні дэпартамэнту апэратыўнай інфармацыі пятай службы ФСБ Расеі. Падрабязнасьцяў пра абставіны гібелі не паведамляюць.
- Павал Макараў нарадзіўся ў Менску ў 1987 годзе. Бацькі пераехалі ў Кастрамскую вобласьць Расеі неўзабаве пасьля ягонага нараджэньня. Служыў паводле кантракту ў паветрана-дэсантных войсках Расеі мэханікам-кіроўцам. Двойчы ўдзельнічаў у вайсковых парадах на Краснай плошчы ў Маскве. Загінуў 19 красавіка 2022 году, ваяваў у складзе выведнай роты парашутна-дэсантнага палку. Яго пахавалі на Алеі славы ў Кастраме.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі расьсьледавальніцкі цэнтар апублікаваў імёны 12 беларусаў, якія ваявалі ва Ўкраіне на баку Расеі
Раней розныя крыніцы паведамлялі, што на вайне ва Ўкраіне загінулі ўраджэнцы Беларусі Андрэй Бабко, Раман Гровіч, Васіль Курловіч, Аляксандар Шыянаў, Пётра Лузанаў, Павал Яўглеўскі, Ільля Курналёў, Уладзіслаў Чарноў, Мікалай Маркаў, Ігар Валачылаў, Аляксей Цішкевіч, Віталь Загнеткін, Аляксандар Міхайлаў, Іван Ігнаценка, Яраслаў Асташкоў і Сяргей Ланавенка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ваявалі ў «Вагнэры», па кантракце і ў казацкіх войсках. Што вядома пра выхадцаў зь Беларусі, якія загінулі ва Ўкраіне