«Я ўжо пачала хвалявацца». Як ходзяць лісты і пасылкі зь Беларусі ў Польшчу і наадварот

Пасылка з Польшчы. Ілюстрацыйнае фота

Даведаліся, ці добра цяпер працуе пошта паміж Беларусьсю і Польшчай. Пасьля 2020 году ў Польшчу зь Беларусі пераехалі каля ста тысяч чалавек.

Польская пошта ўнутры краіны мае досыць кепскую рэпутацыю, бо лісты і пасылкі могуць ісьці доўга. Калі яны прыйшлі ў паштовы пункт, то адрасата могуць не апавясьціць і ўрэшце пасылку могуць адправіць назад.

Аднак, паводле аналізу Свабоды, лісты і пасылкі паміж Беларусьсю і Польшчай ходзяць стабільна добра. Сярэдні час на перасыланьне — адзін месяц. Часам выходзіць больш на 1-2 тыдні; здараецца, што трэба чакаць і да двух месяцаў. Прыкладам, большасьць лістоў і пасылак, якія высылалі суразмоўцы незадоўга да Новага году, яшчэ не дайшлі (па стане на 17 студзеня). Зрэдку ўсё ж лісты ў дарозе губляюцца.

Паштоўкі і маркі з Польшчы

Частка лістоў і пасылак «даляталі» як з Польшчы ў Беларусь, так і наадварот, за два тыдні. Пры гэтым некаторыя адпраўнікі даплачвалі за хуткасьць. Часам прыярытэтны ліст можа дайсьці за яшчэ меншы тэрмін. За прыярытэтную бандэроль давядзецца заплаціць 35 рублёў (каля 10 эўра) у Беларусі плюс каля 2 эўра ў Польшчы, калі чалавек забірае прысланае. Канвэрт з маркамі з Польшчы ў Беларусь каштуе 2,5 даляра.

Беларусы адзначаюць, што сачыць за пасылкай онлайн на адмысловых сайтах лягчэй на тэрыторыі Польшчы — там падрабязна расьпісаныя пункты, куды дастаўляюць пасылку, а вось на тэрыторыі Беларусі сьляды на нейкі час «губляюцца». Трэкер можа выдаць урэшце, што адпраўленае прыбыло на мяжу на мытны кантроль, а потым ужо — што яго даставілі па месцы прызначэньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У «Белпошце» расказалі, зь якіх краін нельга атрымаць лістоў і пасылак з прычыны санкцыяў

«Што ў Беларусі адбываецца зь лістом, было невядома месяц»

Беларуска Марта* (імёны зьмененыя дзеля бясьпекі суразмоўцаў. — РС) жыве ў Польшчы. Летась яна адпраўляла ў Беларусь дакумэнты папяровай поштай. Заказны ліст каштаваў 5 даляраў. Яна выслала ліст у пачатку сьнежня, на месца той прыбыў у студзені.

«Я ўжо пачала хвалявацца, што ня дойдуць, таму што нават у трэкеры на сайце пошты было толькі пазначана, што ліст трапіў у Беларусь. А што далей зь ім адбываецца, было невядома месяц. Адрасату толькі празь месяц прыйшоў квіток, што ліст чакае ў паштовым аддзяленьні», — дзеліцца Марта.

Пры гэтым, паводле трэкера, па Польшчы ліст ішоў усяго некалькі дзён, рэшту часу ён прабыў у Беларусі.

Паштовая ўпакоўка з Польшчы

«Магчыма, гэта зьвязана з чэргамі на мяжы»

Дар’я расказала Свабодзе, што высылала ў сярэдзіне сьнежня з Польшчы ў Беларусь бандэроль і паштоўкі. Паштоўкі дайшлі цягам 2-3 тыдняў. Бандэроль ідзе ўжо 1 месяц і 1 тыдзень, але яшчэ не дайшла. З гісторыі сачэньня за пасылкай у інтэрнэце відаць, што больш за два тыдні яна ішла па тэрыторыі Польшчы.

«З 27 сьнежня пасылка была недзе ў паветры. Толькі 16 студзеня зьявілася інфармацыя, што яе прынялі ў Менску на мытны кантроль. Чаму так доўга? Магчыма, гэта зьвязана з чэргамі на мяжы, а магчыма, зь нечым іншым. У Беларусі на мытным кантролі пасылка была два дні», — расказала суразмоўца.

Паводле трэкера, ейная бандэроль даедзе толькі празь некалькі дзён на месца.

Беларуска Ўршуля адправіла з Польшчы ў Беларусь пасылку да трох кіляграмаў у самым пачатку студзеня. З даплатай за прыярытэтнасьць патраціла на паслугу каля 25 даляраў. Прыярытэтная бандэроль да двух кіляграмаў каштуе каля 20 даляраў. Калі адпраўляць «эканамічным» спосабам, будзе таньней усяго на некалькі даляраў, а ісьці можа значна даўжэй.

Онлайн-трэкер паказваў, што пасылка даедзе праз два тыдні — 17 студзеня. Аднак на месцы яе ў гэты дзень не было. Па Польшчы яна ішла восем дзён. Пасьля дастаўкі ў Варшаву інфармацыя пра перасыланьне перастала абнаўляцца. Паводле трэкера, скрыня прайшла толькі два з чатырох этапаў перасылкі. Падобна, спатрэбіцца яшчэ каля двух тыдняў, каб даставіць рэчы да адрасата.

Сытуацыю на просьбу Свабоды пракамэнтавалі ў прэс-службе Польскай пошты. Паводле ведамства, праблемы з абменам лістамі і пасылкамі паміж краінамі пачаліся ў пандэмію, калі замест самалётаў пошту зь Менску ў Варшаву сталі перавозіць наземным транспартам. Абмен адбываўся ў раёне Берасьця.

«Ад 2022 году беларуская пошта дастаўляе пасылкі грузавіком, арганізаваным беларускім бокам, ён жа забірае пошту ў Польшчы і перавозіць яе ў Беларусь. Што да складанасьцяў у дастаўцы, інфармуем, што іх прычынай сталі закрытыя межы паміж Польшчай і Беларусьсю», — гаворыцца ў адказе.

Па словах прадстаўніка польскага боку, найдаўжэй пасылак і лістоў паміж краінамі даводзілася чакаць у сьвяточны пэрыяд. Цяпер яны дастаўляюцца звычайна на працягу 7–10 дзён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад сабачай будкі да «Траянскага каня»: Што за маркетплэйс хоча стварыць «Белпошта» і якія там цяпер цэны