Зь Беларусі цяпер нельга адправіць лісты ў Фінляндыю і ва Ўкраіну, адтуль яны таксама ня прыйдуць, паведаміла гендырэктар «Белпошты» Сьвятлана Юркевіч, піша Sputnik Беларусь.
Таксама абмежаваньні ёсьць і па ЗША. «ЗША часткова... Мы туды адпраўляем, а да нас яны не прымаюць», — дадала Юркевіч.
Паводле яе, раней санкцыі шэрагу краінаў у дачыненьні да Беларусі стварылі праблемы для лягістыкі «Белпошты», але цяпер маршруты адпраўкі і атрыманьня карэспандэнцыі перастроілі. Праз гэта некаторыя адпраўленьні могуць ісьці даўжэй. У тым ліку гэта адбываецца праз замену авіяперавозак на аўтаперавозкі.
Улетку 2022 году ў «Белпошты» ўзьніклі праблемы з адпраўкай карэспандэнцыі за мяжу пасьля таго, як Асацыяцыя эўрапейскіх паштовых апэратараў PostEurop прыпыніла сяброўства «Белпошты» і «Пошты Расеі». У той жа час «Белпошта» захавала сяброўства ў Сусьветным паштовым зьвязе.