Пра гэта паведаміў «Позірку» галоўны дарадца дэмакратычнай лідэркі Франак Вячорка.
Паводле яго, у цэнтры ўвагі былі «злачынствы супраць чалавечнасьці» і «вываз украінскіх дзяцей з тэрыторый, акупаваных Расеяй».
Ціханоўская прапанавала, каб Нідэрлянды «паднялі гэтае пытаньне перад Міжнародным крымінальным судом у Гаазе».
Бакі «абмяняліся думкамі аб сытуацыі ва Ўкраіне і рэгіёне», Ціханоўская «падкрэсьліла, што ў выпадку мірных перамоваў аб Украіне нельга дапусьціць, каб пацярпеў беларускі сувэрэнітэт», сказаў Вячорка.
Паводле яго, палітыкі таксама закранулі пытаньне санкцый, у тым ліку «індывідуальных супраць прапагандыстаў», абмяркоўвалася легалізацыя беларусаў у Нідэрландах, «атрыманьне імі дзейных праязных дакументаў іншаземцаў».
«Рутэ пацьвердзіў, што цяпер гэтае пытаньне вырашаецца», — адзначыў Вячорка.
«Ціханоўская падзякавала Рутэ за рашучасьць і пасьлядоўнасьць у адвакатаваньні тэмы Беларусі на міжнароднай арэне, падтрымку грамадзянскай супольнасьці і незалежных мэдыя, а таксама выказала надзею, што з новым урадам палітыка Нідэрляндаў адносна Беларусі ня зьменіцца», — падкрэсьліў дарадца.
17 студзеня ў Давосе Ціханоўская выступіла на панэльнай дыскусіі «Абараняючы адзіны фронт Эўропы», у якой таксама ўдзельнічалі прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда, прэзыдэнт Вэнгрыі Каталін Новак, а таксама прэм’ер-міністар Харватыі Андрэй Пленкавіч.
Асноўнымі тэмамі дыскусіі, паводле Францішка Вячоркі, былі падтрымка Ўкраіны ў вайне і захаваньне адзінства Эўропы.
«У аўдыторыі можна было ўбачыць міністра замежных спраў Польшчы, прэзыдэнта Латвіі, міністра замежных спраў Літвы і іншых палітыкаў», — удакладніў галоўны дарадца Ціханоўскай.
«Потым у Ціханоўскай быў другі выступ у асноўнай праграме форуму на тэму свабоды выказваньняў, — дадаў Вячорка. — Яна расказала аб сытуацыі з журналістамі ў Беларусі, уключаючы журналістаў-палітвязьняў. Заклікала сьвет да рашучасьці».
Вячорка таксама паведаміў аб сустрэчах Ціханоўскай 17 студзеня «зь міністрам замежных спраў Нідэрляндаў, міністрам замежных спраў Чэхіі, эўракамісарам у пытаньнях клімату, сьпікерам Сэнату Швайцарыі, міністрам замежных спраў Аўстрыі».
У час «працоўнага абеду, арганізаванага кіраўніцтвам Давоскага форуму з палітычнымі лідэрамі сьвету на тэму рэформы міжнародных інстытутаў і арганізацый», Ціханоўская «пазнаёмілася з генэральным сакратаром ААН, лідэрамі краін Блізкага Ўсходу, Азіі, Лацінскай Амэрыкі і Афрыкі», адзначыў Вячорка.
Акрамя гэтага, Ціханоўская паўдзельнічала ў сустрэчы з ізраільскімі семʼямі, родныя якіх знаходзяцца ў закладніках у палестынскай групоўкі ХАМАС.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская заклікала прэм’ер-міністра Бэльгіі падтрымаць эўрапейскі выбар Беларусі- 18 студзеня Ціханоўская правядзе на палях Форуму іншыя сустрэчы з палітыкамі і дыпляматамі.
- Апоўдні Ціханоўская возьме ўдзел у закрытай імпрэзе, арганізаванай легендай Washington Post Лэлі Вэймут, з удзелам прэзыдэнтаў, прэм’ераў, міністраў з розных краін сьвету, кіраўнікоў міжнародных карпарацыяў і арганізацыяў.
- Увечары Ціханоўская будзе ўдзельнічаць у закрытай непублічнай вячэры жанчын-лідэрак.