У канцы мінулага году з папраўчай калёніі № 22 «Ваўчыныя норы» раптоўна вывезьлі амаль 20 палітычных вязьняў. Нехта зь пераведзеных пазьней апынуўся ў магілёўскай калёніі, нехта ў бабруйскай, а на месца тых, хто выбыў, прывезьлі іншых.
Суразмоўца, які кантактуе са сваякамі палітвязьня, на ўмовах ананімнасьці пацьвердзіў Свабодзе, што чалавека нечакана перавялі ў іншую калёнію. А разам зь ім цэлую групу вязьняў. З чым дакладна зьвязаны перавод, невядома. Па словах родных зьняволеных, такія працэдуры тычацца толькі «палітычных».
«Нядаўна адбылося такое: хлопцаў раптам „паднялі“ і этапавалі ў іншае месца. Каля 20 чалавек „палітыкаў-тэрарыстаў“. А новых прывезьлі нядаўна», — паведаміла крыніца ў размове са Свабодай пра палітвязьня, якога раней утрымлівалі ў калёніі № 22 «Ваўчыныя норы».
Адзін зь перасяленцаў, пра якіх паведамлялася, пазьней знайшоўся ў калёніі № 15.
«Ён ужо ў калёніі пад Магілёвам», — сьцьвярджае суразмоўца, які таксама запэўнівае, што прычына пераезду палітвязьня невядомая, бо чалавек сьвядома пазьбягае гэтых тлумачэньняў.
«Гэтага не камэнтуе. Відаць, разумее, што небясьпечна. Ведаем толькі, што ў былой калёніі ў яго праводзілі вобшукі, адпраўлялі ў ШЫЗА, пераводзілі з аднаго атраду ў іншы. Такія пераводы ў іншыя атрады практыкуюць ня толькі адносна палітзьняволеных. Але каб увогуле памянялі калёнію, раней такога з палітычнымі там не было», — сьцьвярджае суразмоўца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як лечаць у калёніі «Віцьба-3», дзе памерлі ўжо двое палітвязьняў. Расказваюць сьведкіЗьвесткі пра перавод палітвязьняў з адной калёніі ў іншую можна знайсьці і ў тэлеграм-канале dissidentby, дзе публікуюцца навіны палітзьняволеных. У паведамленьні фігуруюць калёніі № 1, 2, 5, 8, 11, 15, 17, 22, паміж якімі на нядаўна адбыўся «абмен» палітвязьнямі.
З магілёўскай калёніі ПК-15 у ПК-17, што пад Шкловам, этапавалі двух палітвязьняў, таксама паведамляе dissidentby. Туды ж адправілі палітвязьня з ПК-2 у Бабруйску. У гэтай калёніі зьявіўся новы палітвязень з ПК-22 у Івацэвічах. У сваю чаргу, у калёнію № 22 пад Івацэвічамі, вядомую таксама пад назвай «Ваўчыныя норы», прывезьлі двух палітвязьняў з ПК-1, якая знаходзіцца ў Наваполацку.
У праўдзівасьці зьвестак dissidentby запэўніла актывістка Марына, якая мае дачыненьне да тэлеграм-каналу.
«Людзі баяцца лішняе слова напісаць хаця б камусьці. Вельмі складана цяпер з гэтым», — сказала актывістка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці патрапіць праваабаронца Павал Левінаў са шпіталя зноў у вязьніцу? «Ня думаю, што міліцыянты павязуць на апэрацыю»Новая практыка
Праваабаронца «Вясны» Леанід Судаленка, які адбываў тэрмін у калёніі «Віцьба-3» і выйшаў на волю ўлетку мінулага году, прыгадаў, што ў ягоны час такіх пераводаў амаль не практыкавалася.
«За паўтара года ў калёніі ведаю мо пару такіх выпадкаў. Часьцей пераводзілі з аднаго атраду ў іншы. Апэратыўныя супрацоўнікі гэтак перавыхоўвалі тых, каго лічылі патрэбным перавыхаваць, найперш палітычных. Калі трапіў у ШЫЗА, дык потым паедзеш у новы атрад. І гэта была агульная практыка, ня толькі палітычных гэта тычылася. Але каб у іншыя калёніі... Навошта? „Пайка“ паўсюль адна і тая ж», — зьдзівіўся Леанід Судаленка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У Беларусі да гвалтаваньняў швабрамі адзін крок». Былы турэмны лекар пра катаваньні і сяброўства зь Мікалаем АўтуховічамПраваабаронца Васіль Завадзкі працаваў лекарам у некалькіх калёніях, а ў канцы нулявых — на адказнай пасадзе ў Дэпартамэнце выкананьня пакараньняў МУС. Васіль успамінае, што пытаньне пераводу вязьня з адной калёнію ў іншую, калі гэта не зьвязана з новым рашэньнем суду, заўсёды вырашалася на ўзроўні дэпартамэнту, а не ў калёніі альбо паміж імі.
«Магло быць, што сваякі са спасылкай на стан здароўя хадайнічалі пра перавод у іншую калёнію, бо тая бліжэй. І гэта маглі задаволіць. Альбо маглі перавесьці ў іншую калёнію зь нейкай апэратыўнай прычыны. Але ўсё гэта выключныя выпадкі. Чаму цяпер пачалі шырока перасоўваць палітвязьняў туды-сюды, у мяне хіба дзьве здагадкі. Магчыма, гэта своеасаблівае пакараньне за нейкую актыўнасьць, бо пераезд — гэта доўгі этап, пэўныя праблемы і пакуты. Плюс людзі мусяць наноў адаптавацца да ўмоваў у новай калёніі, што таксама складана. Мяркую, у Дэпартамэнце выкананьня пакараньняў думаюць пра тое, каб яшчэ больш ускладніць жыцьцё асобным палітвязьням», — мяркуе Васіль Завадзкі.
Праваабаронца Павал Левінаў, які да ад’езду за мяжу жыў у Віцебску, дадае да гэтых мэтаў яшчэ адну — дадаткова запалохаць іншых вязьняў.
«Такое раней практыкавалі ў цэнтрах ізаляцыі правапарушальнікаў адносна тых, каму давалі „суткі“ за пратэсты. Людзі за якія 15 дзён маглі памяняць 3-4 камэры. Каб ім было дрэнна і каб іншыя бачылі, што будзе, калі зоймуцца палітыкай. Гэтаксама ў калёніях на прыкладзе асобных палітычных выхоўваюць усіх іншых — такая мера застрашваньня. У дадатак да пагрозы ШЫЗА — яшчэ і пагроза адправіць у іншую калёнію, дзе горш. За час, што мінуў з 2020 году, кіраўніцтва калёній стала сябе адчуваць звышупэўнена, яны ўжо нічога не баяцца», — кажа праваабаронца Павал Левінаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лепш у Вільню, чым у „Віцьбу“». Легендарны праваабаронца Леанід Судаленка пра тое, як выйшаў «з адной турмы ў іншую турму»