Урад апублікаваў парадак просьбаў замежных кампаній аб адчужэньні беларускіх актываў

Рэкляма адной з марак, якую пасьля новых умоваў ня здолелі прадаць замежныя ўладальнікі

Дазвол на продаж актываў у краіне будзе выдаваць абласны выканаўчы камітэт, а тлумачыць пытаньні будзе Дзяржаўны камітэт маёмасьці.

Пастанова ўраду № 27 падпісана 12 студзеня, апублікавана сёньня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале і набывае моц пасьля яе афіцыйнага апублікаваньня.

Пералік апэрацый, на якія мусяць быць дазволы:

  • адчужэньне ўдзельнікамі, грамадзянамі замежных дзяржаў, дзеляў у статутных фондах (акцый);
  • адчужэньне ўласьнікамі маёмасьці, грамадзянаў замежных дзяржаў, нерухомай маёмасьці;
  • адчужэньне юрыдычнымі асобамі, у статутных фондах якіх доля ўласнасьці замежных грамадзян складае 25% і больш нерухомасьці;
  • рэарганізацыя юрыдычных асоб, а таксама выхад зь юрыдычных асоб удзельніка, грамадзяніна замежнай дзяржавы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі ўвялі чарговыя абмежаваньні і зборы для кампаній зь «недружалюбных» краінаў

Ахвотным трэба зьвярнуцца ў аблвыканкамы або Менгарвыканкам па месцы рэгістрацыі юрыдычнай асобы з заявай, да якой прыкладаюцца названыя ў палажэньні дакумэнты. Там прымуць рашэньне. У выпадку станоўчага адказу будзе ўказаны памер унёску, які належыць пералічыць у бюджэт, і тэрміны яго ўнясеньня.

Затым выканкамы накіроўваюць рашэньні ў Дзяржаўны камітэт маёмасьці, якая рыхтуе зводны праект пастановы ўраду аб выдачы адпаведных дазволаў.

Вяртаньне выплачанага ўзносу прадугледжваецца толькі ў выпадку невыкананьня ўгоды адчужэньня нерухомасьці юрыдычнымі асобамі, у статутных фондах якіх доля ўласнасьці асоб з замежных дзяржаў складае 25 і больш адсоткаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фінская кампанія Olvi адмовілася ад продажу «Лідзкага піва» і сплаціць шматмільённы штраф КДК
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урад забараніў швэдзкаму холдынгу прадаваць яго беларускія актывы