«Буйное, неверагоднае і грандыёзнае відовішча»
Стваральнік «Дома творцаў» Сяржук Доўгушаў расказаў Свабодзе, што мэта праекту — падтрымаць рэпрэсаваных беларусаў, дапамагчы ім. Па-першае, псыхалягічна рэабілітавацца, а па-другое — рэалізавацца творча. У выніку працы восьмай рэзыдэнцыі і зьявіўся новы музычны калектыў — Olia Shnip Band.
«Мы праводзім конкурс заявак, адбіраем менавіта рэпрэсаваных творчых асобаў. У восьмую па ліку рэзыдэнцыю мы запрасілі менавіта аркестравых музыкантаў (струнныя, духавыя інструмэнты). Хтосьці раней працаваў у філярмоніі, хтосьці ў опэрным тэатры, хтосьці ў аркестры цырку, ёсьць дзяўчына з Украіны.
Ідэя стварэньня новага калектыву належыць Вользе і Антону Шніпам. На сцэне адначасова будуць 20 музыкаў. Гэта Варшаўскі вольны аркестар (Warsaw Freedom Orchestra) і гурт з шасьці беларусаў.
На канцэрце будуць гучаць і соўл, і джаз, і госпэл (жанр духоўнай хрысьціянскай музыкі), і фольк. На апошняй рэпэтыцыі я пераканаўся, што гледачоў чакае штосьці буйное, неймавернае і грандыёзнае», — прызнаецца Доўгушаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гурт Irdorath выпусьціў першую песьню пасьля выхаду на волю«Сьвятло і надзея»
Мультыінструмэнталіста, саўндпрадусара Антона Шніпа затрымалі 2 жніўня 2021 году разам зь іншымі музыкамі фэнтэзі-фольк-гурту Irdorath (Надзеяй і Ўладзімерам Калачамі, Пятром і Юліяй Марчанкамі) на лецішчы пад Менскам. У «апэрацыі» ўдзельнічалі узброеныя байцы САХР і міліцыя.
Ягонай жонкі Вольгі цудам там не было — паехала раней павіншаваць бацьку з днём народзінаў. У сьнежні 2021 году Антона Шніпа асудзілі на паўтара года калёніі. Тэрмін ён адбываў у адной з самых жорсткіх папраўчых установаў — у Наваполацкай калёніі № 1. Там яму ўдалося сустрэцца зь Віктарам Бабарыкам. Калі Антон вызваліўся, яны з Вольгай пераехалі ў Польшчу.
Вольга Шніп — опэрная сьпявачка і кампазытарка. Займаецца музыкай з 6 гадоў, свой першы альбом запісала ў 11. Потым было шмат супольных праектаў з мужам.
«З астатнімі музыкамі мы пазнаёміліся ў Польшчы ў Доме творцаў. У кожнага былі свае ўласныя праекты: адзін працаваў у аркестры цырку, другі піяністам у аркестры тэатру опэры і балету, трэці — круты джазмэн, чацьвёрты — у праектах цяжкай музыкі, чацьвёрты — у фольк-бэндах. У кожнага вялікі досьвед.
Падчас рэзыдэнцыі мы стварылі такі бэнд: два клявішнікі (кожны са сваімі „прымочкамі“), бас-гітара, бубны, вакал). Да нас далучыліся музыкі з Варшаўскага вольнага аркестру — мы расьпісалі для іх партытуры). Уся музыка майго аўтарства: мы не абмяжоўваемся адным жанрам, лічым, што гэта арт-поп: туды ўваходзіць джаз, опэра, рок-музыка — на любы густ.
Мы ня бачым сябе ў агрэсіўнай барацьбе, мы хочам паказаць сваёй музыкай людзям сьвятло, надзею, што трэба рухацца наперад», — дзеліцца Вольга Шніп.
Першы канцэрт Olia Shnip Band адбудзецца 18 студзеня ў Варшаве на вуліцы Pulawska, 114.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пудзілы, ігра на дудах, карагод. За які крэатыў садзілі беларусаў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Яшчэ траіх музыкаў з гурту Irdorath асудзілі на 1,5 года калёніі агульнага рэжыму