«Люстэрка»: Дзяржава нацыяналізавала электрападстанцыю «Рэчыца»

Сонечная электрастанцыя, ілюстрацыйнае фота

Дзяржава нацыяналізавала электрападстанцыю «Рэчыца», якая належала прыватнай кампаніі з брытанскім капіталам «Солар Лэнд».

Гэта вынікае з інфармацыі на сайце Вярхоўнага суду, піша партал «Люстэрка». Да гэтага зь фірмы спрабавалі спагнаць больш за 15 млн. рублёў, якія дзяржава ёй заплаціла за электраэнэргію, а потым вырашыла, што гэтыя пастаўкі былі з парушэньнямі.

15 студзеня ў эканамічным судзе Магілёўскай вобласьці разгледзелі справу супраць прыватнай кампаніі «Солар Лэнд» — замоўніка фотаэлектрастанцыі ў Чэрыкаўскім раёне. Пазоў падало Міністэрства энэргетыкі, ён тычыўся прызнаньня права ўласнасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Люстэрка»: Чыноўнікі забіраюць ва ўласнасьць дзяржавы былы McDonald’s

На сайце Вярхоўнага суду зьявілася рашэньне, прынятае на гэтым пасяджэньні. Суд пастанавіў прызнаць за дзяржавай права ўласнасьці на капітальныя будынкі, якія раней належалі прыватнай фірме. У яе таксама адабралі лініі электраперадачы, а таксама апоры высакавольтных лініяў электраперадачы.

З 2022 года гэтая прыватная сонечная электрастанцыя прадавала дзяржаве электраэнэргію. Па законе электрычнасьць, вырабленая за кошт аднаўляльных крыніц энэргіі, аплачвалася фірме, якая яе вырабляла, паводле падвышанага тарыфу. Кампанія атрымала ад дзяржавы за свае паслугі амаль 16 мільёнаў рублёў. Але пасьля таго як заканадаўства зьмянілі, скасаваўшы падвышаныя тарыфы для такой электрычнасьці, улады запатрабавалі ў прыватніка вярнуць гэтыя грошы. З гэтага пачаліся працяглыя судовыя разборкі, якія сталі адной з прычын банкруцтва фірмы.

Падчас разбору ў эканамічным судзе Магілёўскай вобласьці 15 студзеня прызналі несапраўднымі дзяржрэгістрацыю і права ўласнасьці «Солар Лэнд» на капітальны будынак, які зьяўляецца падстанцыяй «Рэчыца», дзе вырабляецца электраэнэргія.

Акрамя адабранай у прыватніка нерухомасьці, суд пастанавіў спагнаць зь яго таксама крыху больш за 413 тысяч рублёў дзяржаўнай пошліны. Рашэньне суду можа быць абскарджанае.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі ўвялі чарговыя абмежаваньні і зборы для кампаній зь «недружалюбных» краінаў

Кампанія «Солар Лэнд» падавала на банкруцтва, аднак эканамічны суд Менску ў траўні вярнуў заяву. Гэтая кампанія раней трапіла пад контрасанкцыі Менску, уладальнікам фірмаў з «чорнага сьпісу» забаранілі распараджацца акцыямі.

Пазьней стала вядома, што грамадзянін Вялікай Брытаніі Кіабод Тутанян Машад, які інвэставаў у «Солар Лэнд», патрабуе ад уладаў Беларусі кампэнсаваць яму сотні мільёнаў даляраў. Ён падаў адпаведнае апавяшчэньне аб спрэчцы 26 ліпеня 2023 году.

Што вядома пра кампанію «Солар Лэнд»

Паводле дадзеных сэрвісу «Картатэка», кампанія «Солар Лэнд» была зарэгістраваная ў 2015 годзе для будаўніцтва і эксплюатацыі будучай фотаэлектрычнай станцыі. 100% долі ў ёй належыць брытанскай фірме Сameliaside. Яе, у сваю чаргу, стварылі як праект у зялёнай энэргетыцы Беларусі брытанскія інвэстыцыйныя кампаніі United Green Group і Altоstarta.

Інвэстыцыйную дамову зь беларускімі ўладамі на пабудову найбуйнейшай у краіне сонечнай электрастанцыі ў Чэрыкаўскім раёне падпісалі ў 2014 годзе. Будаўніцтва стартавала ў 2018 годзе. У ім узялі ўдзел беларускі і нямецкі падрадчык, а абсталяваньне было з Кітаю. Станцыя пачала працу ў верасьні 2021 году, а першым месяцам камэрцыйнай эксплюатацыі стаў люты мінулага году. Агульная сума інвэстыцыйных затрат на праект ацэньвалася ў 170 мільёнаў даляраў.

Санкцыі супраць Беларусі за падтрымку расейскай вайны ва Ўкраіне

Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што зь Беларусі па ўкраінскай тэрыторыі стралялі ракетамі. Пры гэтым беларускіх вайскоўцаў на ўкраінскую тэрыторыю не адправілі.

Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр у інтэрвію Свабодзе заявіла, што «рэжым Лукашэнкі — саўдзельнік цяперашняга ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, бо дазволіў Расеі зрабіць напад зь беларускай тэрыторыі».

26 лютага санкцыі супраць Расеі і Беларусі абвясьцілі Канада і Рада Эўразьвязу. У сьпіс трапілі 20 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў. 15 юрыдычных і 8 фізычных асобаў трапілі ў санкцыйны сьпіс ЗША.

28 лютага амбасадары краін Эўразьвязу ўвялі візавыя санкцыі ў дачыненьні 22 беларускіх высокапастаўленых асобаў.

Маладачанская фабрыка «МэбеЛайн» пайшла ў прастой, бо швэдзкая кампанія IKEA згарнула бізнэс у краіне. IKEA шчыльна супрацоўнічала яшчэ з цэлым шэрагам вытворцаў і фабрык, у тым ліку дзяржаўных. Сярод іх дзяржаўны «Менскі мэблевы цэнтар» з Маладэчна, магілёўскі вытворца тэкстылю «Магатэкс», менскі гадзіньнікавы завод «Луч» і іншыя.

У сакавіку Эўразьвяз забараніў экспартаваць прадукцыю дрэваапрацоўкі, вырабленую ў Беларусі ці экспартаваную зь яе. Міністэрства лясной гаспадаркі заявіла, што вымушана скіраваць прадукцыю з Эўропы ў Азію.

Празь цяжкасьці вядзеньня бізнэсу ў рэгіёне ня дзейнічаюць у краіне сэрвісы пошуку жытла на час падарожжаў і выправаў Booking.com і Airbnb.

Дацкая транпартна-лягістычная кампанія Maersk заявіла аб спыненьні перавозак грузаў у Беларусь 4 сакавіка. Пры сыход зь беларускага рынку паведамілі іншыя кампаніі падобнага профілю — DHL і FedEx.

5 сакавіка фінская кампанія OLVI паведаміла пра пачатак згортваньня свайго бізнэсу ў Беларусі, дзе кампаніі належыць «Лідзкае піва». 840 супрацоўнікаў заводу пакуль будуць атрымліваць заробак, спыненьне бізнэсу будзе паступовым.

6 сакавіка наклала санкцыі Рэспубліка Карэя. Там увялі меры экспартнага кантролю для Беларусі, мяркуючы, што яна «істотна спрыяе ўварваньню Расеі ва Ўкраіну».

8 сакавіка санкцыі ўвяла Японія. Актывы фізычных і юрыдычных асобаў, якія трапілі пад новыя абмежаваньні, замарожваюцца. Забараняюцца пастаўкі тавараў двайнога прызначэньня ў Беларусь і экспарт у адрас Міністэрства абароны Беларусі і «Інтэгралу».

Сусьветны банк спыніў усе праграмы ў Беларусі. Банк адзначыў, што ён не ўхваляў новых крэдытаў Беларусі з 2020 году.

Абмежаваньні закранулі спартовую галіну. Зборныя Беларусі розных узростаў адхілілі ад удзелу ў міжнародных турніраў у хакеі, гандболе і баскетболе. Беларускую зборную не дапусьцілі да Паралімпійскіх гульняў — 2022.

Рэйтынгавае агенцтва Fitch, зважаючы на санкцыі, панізіла доўгатэрміновы сувэрэнны крэдытны рэйтынг Беларусі да ССС, што азначае рэальную магчымасьць дэфолту.

Амэрыканская фінансавая кампанія American Express прыпыніла аказаньне паслуг у краіне. Па яе картках цяпер немагчымыя ніякія апэрацыі.

9 сакавіка Эўразьвяз ухваліў адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.

16 красавіка ўведзена поўная забарона на перасячэньне грузавым транспартам Беларусі і Расеі мяжы з ЭЗ. У рашэньні Эўразьвязу, якое апублікавана ў афіцыйным часопісе, сказана, што ЭЗ у адпаведнасьці з уведзенымі санкцыямі забараняе ўвоз і транзыт грузаў аўтатранспартам зь Беларусі і Расеі на тэрыторыю Эўразьвязу.

22 лістапада Канада пашырыла ранейшыя санкцыі. У сьпісы ўключылі дадаткова 22 беларускіх чыноўнікаў, а таксама 16 беларускіх кампаніяў, зьвязаных з ВПК, машынабудаваньнем, фінансавым сэктарам і чыгуначным транспартам. Сярод падсанкцыйных асобаў апынуліся адказныя за перавозкі расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі, якая выкарыстоўвалася для ўварваньня ва Ўкраіну. У сьпісе кампаніяў, якія трапілі пад санкцыі, апынуліся беларускія Альфа-Банк і МТБанк. У красавіку 2023 у сьпіс дадалі яшчэ 9 беларускіх банкаў.

28 студзеня 2023 году прэзыдэнт Украіны ўвёў у дзеяньне рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны аб санкцыях супраць 185 юрыдычных і фізычных асоб, якіх Расея выкарыстоўвае для перавозкі па чыгунцы асабовага складу і вайсковай тэхнікі. У сьпіс трапілі «Беларуськалій», Гомельскі хімічны завод, «Беларуская чыгунка», «Белінтэртранс», «Грузавая служба-Захад», «Лякафарба», «Белгазпрамбанк», «ПЛМ-Інавацыі», «Кронаспан ОСБ», «Беллесэкспарт», «Супрацоўніцтва Транс-Агра», «Рэал-Агент», «Прамагралізінг», «АСБЛізінг», «Транзыт-Аўта-2003», «Ізатэрмічная лягістыка», «Омск-Карбон Магілёў» і іншыя.

20 ліпеня Аўстралія ўнесла ў санкцыйныя сьпісы высокапастаўленых вайскоўцаў Беларусі.