І ёсьць вялікая імавернасьць, што фактычна гэта ўжо адбылося, піша партал «Люстэрка».
Зрабіць гэта, паведамляе партал, мелі намер па законе «Аб канфіскацыі маёмасьці», які прымалі таемна.
Кароткая перадгісторыя судовых разбораў вакол (не) McDonald’s
У Вярхоўным судзе 10 студзеня адбылося пасяджэньне паводле пазову Дзяржкаммаёмасьці да кампаніі «КСБ Виктори Рестораны», якая кіруе ў Беларусі ўстановамі «МАК.by» — былымі рэстаранамі McDonald’s. Пазоў тычыўся прыпыненьня дзейнасьці па заявах кантралюючых органаў. Аднак паседжаньне было закрытае, а Вярхоўны суд апублікаваў на сайце сваё рашэньне па гэтым пазове з пустым файлам. Дакладней — з трыма кропкамі ў дакумэнце.
У Вярхоўным судзе разглядалі апэляцыю на рашэньне Эканамічнага суду Менску. Паседжаньне было аб прыпыненьні дзейнасьці кампаніяў, якія кіруюць рэстаранамі хуткага харчаваньня «МАК.by». У банку судовых рашэньняў таксама разьмешчаны дакумэнт з рашэньнем гэтага суду ад 10 кастрычніка, але ў ім — таксама тры кропкі.
Аднак 15 студзеня «Люстэрку» ўдалося знайсьці на сайце Вярхоўнага суду важны дакумэнт па гэтай справе, ён датаваны яшчэ 23 верасьня 2023 году. У ім гаворыцца, што ў Эканамічным судзе Менску будуць разглядаць пазоў Дзяржкаммаёмасьці да «КСБ Виктори Рестораны» і яе «мамы» — Ksb victory restaurants pte. Ltd. (яна базуецца ў Сынгапуры). Размова можа ісьці аб сетцы МАК.by.
У Беларусі на пачатку 2023 году зьявіўся закон «Аб канфіскацыі маёмасьці», які прымалі таемна. Сярод іншага ён закранае бізнэс зь «недружалюбных» дзяржаваў і пагражае замежным інвэстарам сур’ёзнымі наступствамі за давядзеньне кампаніі да банкруцтва або прыняцьце мераў, накіраваных на яе ліквідацыю. У прыватнасьці, кіраўнікоў прадпрыемства з замежным капіталам могуць замяніць на прадстаўнікоў уладаў або цалкам нацыяналізаваць такое прадпрыемства.
15 студзеня праект «Менскі капучынатар» разьмясьціў нібыта рашэньне Эканамічнага суду Менску ад 10 кастрычніка 2023 году па пазове Дзяржкаммаёмасьці да «КСБ Виктори Рестораны» і яе «мамы» — Ksb victory restaurants pte. Ltd. Як сьцьвярджае праект, суд прыняў рашэньне «выключыць бязвыплатна гандлёва-вытворчае ўнітарнае прадпрыемства „КСБ Виктори Рестораны“ ў кампаніі KSB VICTORY RESTAURANTS PTE. ТАА (Рэспубліка Сынгапур)» і перадаць яго ва ўласнасьць Беларусі.
«Люстэрку» не ўдалося пацьвердзіць або абвергнуць сапраўднасьць гэтага дакумэнту. Таксама нам не ўдалося атрымаць камэнтар у кампаніі «КСБ Виктори Рестораны», па тэлефонных нумарах галаўной фірмы ў Менску не адказалі.
Хутчэй за ўсё, у кампаніі «КСБ Виктори Рестораны» і Ksb victory restaurants pte. Ltd. ёсьць час, каб абскардзіць рашэньне Вярхоўнага суду.
Як разьвівалася гісторыя з McDonaldʼs у Беларусі
Установы «МАК.by» — гэта былыя рэстараны McDonaldʼs. Як стала вядома 11 лістапада 2022 году, McDonaldʼs сыходзіць зь беларускага рынку. Было абвешчана, што ягонае месца зойме расейская сетка фастфуду «Вкусно — и точка», адкрытая ў памяшканьнях McDonaldʼs пасьля яго закрыцьця ў Расеі.
Меркавалася, што рэстараны пад брэндам «Вкусно — и точка» пачнуць працаваць у Беларусі 22 лістапада. Але 18 лістапада, камэнтуючы сыход McDonald’s, Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ягонае месца павінны заняць беларускія прадпрыемствы і вытворцы.
А раніцай 28 лістапада на рэстаранах ужо не было ані шыльдаў McDonaldʼs, ані «Вкусно — и точка». З таго часу ўстановы юрыдычнай асобы «КСБ Виктори Рестораны» працавалі пад незразумелым брэндам «Мы адкрытыя», аднак з новым мэню, якое ня ўсім спадабалася.
12 сьнежня 2022 году Лукашэнка назваў McDonaldʼs «нашым прадпрыемствам».
У красавіку 2023 году кампанія «КСБ Виктори Рестораны» падала заяўку на рэгістрацыю новага таварнага знаку, пасьля чаго сетка рэстаранаў хуткага харчаваньня зьмяніла назву на «МАК.by».
Санкцыі супраць Беларусі за падтрымку расейскай вайны ва Ўкраіне
Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што зь Беларусі па ўкраінскай тэрыторыі стралялі ракетамі. Пры гэтым беларускіх вайскоўцаў на ўкраінскую тэрыторыю не адправілі.
Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр у інтэрвію Свабодзе заявіла, што «рэжым Лукашэнкі — саўдзельнік цяперашняга ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, бо дазволіў Расеі зрабіць напад зь беларускай тэрыторыі».
26 лютага санкцыі супраць Расеі і Беларусі абвясьцілі Канада і Рада Эўразьвязу. У сьпіс трапілі 20 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў. 15 юрыдычных і 8 фізычных асобаў трапілі ў санкцыйны сьпіс ЗША.
28 лютага амбасадары краін Эўразьвязу ўвялі візавыя санкцыі ў дачыненьні 22 беларускіх высокапастаўленых асобаў.
Маладачанская фабрыка «МэбеЛайн» пайшла ў прастой, бо швэдзкая кампанія IKEA згарнула бізнэс у краіне. IKEA шчыльна супрацоўнічала яшчэ з цэлым шэрагам вытворцаў і фабрык, у тым ліку дзяржаўных. Сярод іх дзяржаўны «Менскі мэблевы цэнтар» з Маладэчна, магілёўскі вытворца тэкстылю «Магатэкс», менскі гадзіньнікавы завод «Луч» і іншыя.
У сакавіку Эўразьвяз забараніў экспартаваць прадукцыю дрэваапрацоўкі, вырабленую ў Беларусі ці экспартаваную зь яе. Міністэрства лясной гаспадаркі заявіла, што вымушана скіраваць прадукцыю з Эўропы ў Азію.
Празь цяжкасьці вядзеньня бізнэсу ў рэгіёне ня дзейнічаюць у краіне сэрвісы пошуку жытла на час падарожжаў і выправаў Booking.com і Airbnb.
Дацкая транпартна-лягістычная кампанія Maersk заявіла аб спыненьні перавозак грузаў у Беларусь 4 сакавіка. Пры сыход зь беларускага рынку паведамілі іншыя кампаніі падобнага профілю — DHL і FedEx.
5 сакавіка фінская кампанія OLVI паведаміла пра пачатак згортваньня свайго бізнэсу ў Беларусі, дзе кампаніі належыць «Лідзкае піва». 840 супрацоўнікаў заводу пакуль будуць атрымліваць заробак, спыненьне бізнэсу будзе паступовым.
6 сакавіка наклала санкцыі Рэспубліка Карэя. Там увялі меры экспартнага кантролю для Беларусі, мяркуючы, што яна «істотна спрыяе ўварваньню Расеі ва Ўкраіну».
8 сакавіка санкцыі ўвяла Японія. Актывы фізычных і юрыдычных асобаў, якія трапілі пад новыя абмежаваньні, замарожваюцца. Забараняюцца пастаўкі тавараў двайнога прызначэньня ў Беларусь і экспарт у адрас Міністэрства абароны Беларусі і «Інтэгралу».
Сусьветны банк спыніў усе праграмы ў Беларусі. Банк адзначыў, што ён не ўхваляў новых крэдытаў Беларусі з 2020 году.
Абмежаваньні закранулі спартовую галіну. Зборныя Беларусі розных узростаў адхілілі ад удзелу ў міжнародных турніраў у хакеі, гандболе і баскетболе. Беларускую зборную не дапусьцілі да Паралімпійскіх гульняў — 2022.
Рэйтынгавае агенцтва Fitch, зважаючы на санкцыі, панізіла доўгатэрміновы сувэрэнны крэдытны рэйтынг Беларусі да ССС, што азначае рэальную магчымасьць дэфолту.
Амэрыканская фінансавая кампанія American Express прыпыніла аказаньне паслуг у краіне. Па яе картках цяпер немагчымыя ніякія апэрацыі.
9 сакавіка Эўразьвяз ухваліў адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.
16 красавіка ўведзена поўная забарона на перасячэньне грузавым транспартам Беларусі і Расеі мяжы з ЭЗ. У рашэньні Эўразьвязу, якое апублікавана ў афіцыйным часопісе, сказана, што ЭЗ у адпаведнасьці з уведзенымі санкцыямі забараняе ўвоз і транзыт грузаў аўтатранспартам зь Беларусі і Расеі на тэрыторыю Эўразьвязу.
22 лістапада Канада пашырыла ранейшыя санкцыі. У сьпісы ўключылі дадаткова 22 беларускіх чыноўнікаў, а таксама 16 беларускіх кампаніяў, зьвязаных з ВПК, машынабудаваньнем, фінансавым сэктарам і чыгуначным транспартам. Сярод падсанкцыйных асобаў апынуліся адказныя за перавозкі расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі, якая выкарыстоўвалася для ўварваньня ва Ўкраіну. У сьпісе кампаніяў, якія трапілі пад санкцыі, апынуліся беларускія Альфа-Банк і МТБанк. У красавіку 2023 у сьпіс дадалі яшчэ 9 беларускіх банкаў.
28 студзеня 2023 году прэзыдэнт Украіны ўвёў у дзеяньне рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны аб санкцыях супраць 185 юрыдычных і фізычных асоб, якіх Расея выкарыстоўвае для перавозкі па чыгунцы асабовага складу і вайсковай тэхнікі. У сьпіс трапілі «Беларуськалій», Гомельскі хімічны завод, «Беларуская чыгунка», «Белінтэртранс», «Грузавая служба-Захад», «Лякафарба», «Белгазпрамбанк», «ПЛМ-Інавацыі», «Кронаспан ОСБ», «Беллесэкспарт», «Супрацоўніцтва Транс-Агра», «Рэал-Агент», «Прамагралізінг», «АСБЛізінг», «Транзыт-Аўта-2003», «Ізатэрмічная лягістыка», «Омск-Карбон Магілёў» і іншыя.
20 ліпеня Аўстралія ўнесла ў санкцыйныя сьпісы высокапастаўленых вайскоўцаў Беларусі.