У Беларусі забаранілі рэклямаваць замежную вучобу ці працу паўсюль, акрамя інтэрнэту. Хутчэй за ўсё, улады стануць тлумачыць гэта абаронай беларусак і беларусаў ад гандлю людзьмі, але рэч, вядома, ня ў гэтым.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі пашырылі час для тэлерэклямы піва і абмежавалі абвесткі пра працу і навучаньне за мяжойРаней да такой рэклямы быў цэлы сьпіс патрабаваньняў, і ён сапраўды быў падобны да прафіляктыкі гандлю людзьмі і рабства. Магчыма, гуманістычны аргумэнт ня быў адзіным, але ён сапраўды быў — патэнцыйны працадаўца мусіў падаць цэлы шэраг зьвестак пра будучую працу, каб запэўніць, што гэта ня нейкая шэрая схема. Праўда, ні раней, ні цяпер у рэклямадаўцы няма абавязку прапісваць памер заробку, які будзе атрымліваць чалавек за мяжой. Але калі кампанія ўсё ж піша пра грошы, закон патрабуе, каб зьвесткі пра памер аплаты былі пацьверджаныя дакумэнтальна і прапісаныя ў дамове.
Называць выдуманыя лічбы, не зьвязаныя з рэальнасьцю, нельга, а проста прыхоўваць фінансавыя ўмовы — калі ласка. Ну, так сабе клопат атрымліваецца...
Але сапраўды важна нават ня гэта, а тое, у якім кантэксьце зьяўляецца такое сур’ёзнае абмежаваньне на рэкляму ў Беларусі працы ці вучобы за мяжой. А гэтае абмежаваньне ствараецца на фоне вялізнай антызаходняй інфармацыйнай кампаніі, атакі на школы польскай мовы і новых прапаноў па разьмеркаваньні маладых спэцыялістаў, што называюць прыгонным правам для студэнтаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сілавікі вымусілі закрыцца ў Беларусі каля 10 устаноў, дзе вучылі польскай мовеА яшчэ ў Беларусі працягвае расьці недахоп працаўнікоў і працаўніц, прычым усё хутчэй.
На гэтым фоне ну ніяк не выпадае верыць у тое, што сур’ёзнае абмежаваньне рэклямы замежнай вучобы ці працы неяк зьвязана з клопатам пра людзей. Проста ўлады шукаюць усё новыя спосабы — эфэктыўныя і ня вельмі — адарваць беларусак і беларусаў ад заходняга сьвету. Як звычайна, яны не імкнуцца зрабіць больш прывабнай саму Беларусь, а гавораць на мове сілы — разгромамі школ і арыштам настаўніц і настаўнікаў запужваюць тых, хто хоча атрымаць карту паляка, штучным зацягваньнем і часам нават пагаршэньнем міграцыйнага крызісу правакуюць суседнія краіны зачыняць межы.
А ўнутры краіны на вядомых сваёй чысьцінёй і парадкам вуліцах яны робяць ідэальную карцінку, у якой ніхто нібыта і ня хоча нікуды зьяжджаць. Гэта чарговая правакацыя ўладаў і спроба прымусіць беларусак і беларусаў, якія хочуць лепшага жыцьця, паверыць, што яны такія адны. Што ўсіх астатніх усё задавальняе.
Калі праблемы не відаць, значыць, яе няма? Добрая спроба, але не. Людзі працягваюць уцякаць, і наўрад ці новыя абмежаваньні іх змогуць спыніць.
Думкі, выказаныя ў аўтарскіх рубрыках, перадаюць погляды аўтараў і не адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.