Сьвятлана Ціханоўская разам з прадстаўнікамі Аб’яднанага пераходнага кабінэту Валерам Кавалеўскім, Паўлам Латушкам і Алінай Коўшык сустрэліся з амбасадарам ЗША ў Польшчы Маркам Бжэзінскім.
Як паведамляе прэсавая служба АПК, на сустрэчы абмеркавалі вынікі Стратэгічнага дыялёгу ЗША з дэмакратычнымі сіламі Беларусі і прызначэньне спэцпасланьніка па Беларусі, стратэгію ЗША, Вялікай Брытаніі, Канады і ЭЗ у дачыненьні Беларусі на 2024 год.
Таксама бакі абмяркоўвалі аднаўленьне Акту аб дэмакратыі, магчымасьць больш эфэктыўнай санкцыйнай палітыкі бяз шчылін, а таксама падтрымку грамадзянскай супольнасьці, культурных ініцыятываў, мэдыя і прыватнага сэктару.
Сьвятлана Ціханоўская падзякавала ЗША за падтрымку, назваўшы краіну стратэгічным партнэрам.
Таксама з амбасадарам абмеркавалі сытуацыю з палітвязьнямі, рэжым інкамунікада, апошнія затрыманьні і шляхі іх вызваленьня, у тым ліку і з удзелам і прыцягненьнем міжнародных структур.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пачаўся Стратэгічны дыялёг ЗША зь беларускімі дэмакратычнымі сіламі. Што ў праграме? ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская прыбыла зь візытам у Фінлядыю, правяла перамовы з прэм’ер-міністрам ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская з камандай завяршылі сустрэчы ў Польшчы. АсноўнаеСтратэгічны дыялёг Беларусь — ЗША
Неабходнасьць выпрацаваць праграму стратэгічнага дыялёгу ў сакавіку 2023 году абвясьціла намесьніца дзяржаўнага сакратара ЗША Вэндзі Шэрман.
На яе думку, гэта дасьць магчымасьць Дзяржаўнаму дэпартамэнту ЗША, USAID і іншым структурам ураду ЗША арганізавана і мэтанакіравана сесьці за стол перамоваў з усімі ўдзельнікамі беларускага дэмакратычнага руху — з максымальна шырокім прадстаўніцтвам, ад палітычных інстытутаў да грамадзянскай супольнасьці, арганізацый, незалежных СМІ, прыватнага сэктару.
Перамовы праходзяць, каб разам вызначыць, як далей Злучаным Штатам падтрымліваць разьвіцьцё беларускай грамадзянскай супольнасьці і палітычных інстытутаў, як ЗША будуць далей падтрымліваць прыватны сэктар у выгнаньні, а таксама беларускія незалежныя СМІ.
Амэрыканскі бок акрэсьліў, што жадае бачыць шырокае кола беларускіх дэмакратычных суб’ектаў, у тым ліку:
- палітычных лідэраў;
- прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці;
- незалежных журналістаў;
- праваабаронцаў;
- юрыстаў;
- лідэраў прафсаюзаў;
- навукоўцаў.
Раней прадстаўнікі Офісу Ціханоўскай і і галоўны намесьнік памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША ў супрацоўніцтве зь міжнароднымі арганізацыямі Дэвід Макфарлан абмяркоўвалі спосабы недапушчэньня сяброўства Беларусі ў Радзе Бясьпекі ААН у 2024–2025 гадах (па квоце Ўсходняй Эўропы) і арганізацыю слуханьняў па Беларусі ў Радзе Бясьпекі ААН, «каб патлумачыць важнасьць краіны для бясьпекі рэгіёну».
Амэрыканскія сэнатары Джын Шагін і Роджэр Уікер пасьля сустрэчы са Сьвятланай Ціханоўскай заснавалі двупартыйную групу «Вольная Беларусь». Яны таксама ўзначалілі двупартыйную рэзалюцыю, якая пацьвярджае падтрымку ЗША беларускага прадэмакратычнага руху, які летась аднагалосна прыняў Сэнат.
На 6-8 сьнежня 2023 году ў Вашынгтоне прызначаны першы Стратэгічны дыялёг Беларусь — ЗША.
Зь беларускага боку ў ім возьмуць удзел Сьвятлана Ціханоўская, прадстаўнікі яе офісу, Аб’яднанага пераходнага кабінэту, Каардынацыйнай рады, праваабарончага цэнтру «Вясна», Беларускага прэс-клюбу, «Кібэрпартызанаў» і іншых арганізацый, а таксама незалежных СМІ.
У першым дыялёгу абмяркоўваюць пытаньні правоў чалавека і шляхі вызваленьня палітзьняволеных, разьвіцьцё прыватнага сэктару Беларусі, пагрозы сувэрэнітэту Беларусі з боку Расеі. Асобным пунктам перамоваў стане абмеркаваньне візавай і міграцыйнай праблематыкі.