Сьвятлана Ціханоўская, а таксама прадстаўнікі Аб’яднанага пераходнага кабінэту Валер Кавалеўскі, Павал Латушка, Вольга Гарбунова, Аліна Коўшык правялі ў пасольстве Канады брыфінг для дыпляматаў, якія знаходзяцца ў Варшаве. У ім узялі ўдзел больш за 30 амбасадараў, у тым ліку з Гішпаніі, Нідэрляндаў, Ірляндыі, Вялікай Брытаніі, Швэцыі, Чэхіі, Кіпру, Украіны і іншых краін.
Ціханоўская расказала пра сытуацыю з палітвязьнямі, асабліва пра тых, каго трымаюць у рэжыме інкамунікада, і заклікала да больш рашучых дзеяньняў для іх вызваленьня з прыцягненьнем міжнародных арганізацый. Таксама папрасіла ўсе краіны спрасьціць працэдуры легалізацыі беларусаў, узьняла пытаньне эўрапейскай будучыні для Беларусі, абмеркавала іншыя тэмы.
Зь міністрам школьнай адукацыі Польшчы Барбарай Навацкай абмеркавалі адкрыцьцё ў Польшчы беларускамоўных школ, сытуацыю зь беларускімі ліцэямі на Падляшшы.
Зь міністрам спорту Польшчы Славамірам Вітольдам Нітрасам — падтрымку рэпрэсаваных спартоўцаў, нядопуск да спаборніцтваў прарэжымных спартоўцаў, якія падтрымалі тэрор.
З намесьнікам міністра ўнутраных спраў прафэсарам Мацеем Душчыкам — спрашчэньне міграцыйных патрабаваньняў.
А ў Цэнтры беларускай салідарнасьці прайшла сустрэча з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці і незалежных беларускіх мэдыя ў Варшаве.
- Напярэдадні прэзыдэнт Польшчы правёў перамовы зь Ціханоўскай і прыняў беларусаў у сваёй рэзыдэнцыі ў Бэльвэдэры. Анджэй Дуда выказаў поўную падтрымку беларускаму народу ў барацьбе за свабоду.
- 9 студзеня Сьвятлана Ціханоўская і прадстаўнікі Абʼяднанага пераходнага кабінэту сустрэліся з новым кіраўніцтвам Польшчы — чальцамі Сэйму і Сэнату. Па выніках сустрэчы стала вядома, што ўжо сфармаваная група сяброў Беларусі ў польскім Сэйме.
- 8 студзеня Ціханоўская разам з дэлегацыяй Аб’яднанага пераходнага кабінэту сустрэлася з кіраўніком МЗС Польшчы Радаславам Сікорскім і зь міністрам Польшчы ў эўрапейскіх справах Адамам Шлапкам, з мэрам Варшавы Рафалам Тшаскоўскім.
- На ўсіх сустрэчах перадусім узьнімаліся тэмы вызваленьня палітвязьняў, дапамогі беларускай грамадзянскай супольнасьці.