136 739 вакансій цяпер у агульнарэспубліканскай базе Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Шукаюць таксама чыноўнікаў. Глядзім, што ім гатовая прапанаваць дзяржава.
Нацбанк – 85 вакансій
Дзяржаўны рэгулятар у банкаўскай сфэры – Нацбанк – мае цэлых 85 вакансій. Самы высокі заробак, 3578 рублёў, прапануюць начальніку аднаго са структурных падразьдзяленьняў. Патрабуюць досьвед працы 5 гадоў і вышэйшую адукацыю.
На ўсіх вакансіях у Нацбанку абавязковая ўмова – адсутнасьць крымінальнай судзімасьці. Тут жа гэтай умовы не прапісалі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нацбанк увёў зьмены па пераводах грошай. Калі ў пераводзе могуць адмовіць і якія новыя паўнамоцтвы атрымалі сілавікіУ Нацбанку шукаюць таксама сыстэмнага аналітыка, дарадцу, сьлесара, сантэхніка, кіроўцу ды іншых спэцыялістаў.
Міністэрства энэргетыкі – 4 вакансіі
Міністэрства энэргетыкі шукае адразу чацьвярых спэцыялістаў. Кансультанту прапануюць 2026 рублёў на месяц. Трэба мець вышэйшую адукацыю, досьвед працы ў энэргетычнай сфэры працягласьцю 4 гады і веданьне заканадаўства ў сфэры ядзернай энэргетыкі.
У Мінэнэрга таксама шукаюць яшчэ аднаго кансультанта з заробкам у 2026 рублёў. Патрабаваньні падобныя да першай вакансіі, але яшчэ трэба знацца на абыходжаньні з радыяактыўнымі адкідамі.
У Міністэрства энэргетыкі патрабуюцца інжынэр (1417 рублёў заробку) і эканаміст з такой жа заработнай платай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новы міністар, дырэктар БелАЭС і яшчэ адзін былы вайсковец у вэртыкалі ўлады. Лукашэнка зрабіў прызначэньніАблвыканкам – два судовыя выканаўцы
Упраўленьне юстыцыі Горадзенскага аблвыканкаму шукае адразу 6 спэцыялістаў, зь іх двое – гэта судовыя выканаўцы ў два розныя раёны.
Судоваму выканаўцу ў Ашмянах прапануюць да 2600 рублёў заробку. Больш, чым у Міністэрстве энэргетыкі вузкаму спэцыялісту. З патрабаваньняў – вышэйшая адукацыя. Абяцаюць выплату дапамогі на аздараўленьне да адпачынку.
Судоваму выканаўцу ў Шчучыне прапануюць менш – 1954 рублі.
У гэтым жа аблвыканкаме шукаюць таксама рэфэрэнта (да 1300 рублёў заробку), двух юрыстаў (да 2100 рублёў) і аднаго спэцыяліста (да 700 рублёў).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новы дырэктар БелАЭС расказаў, што станцыя працуе на поўную магутнасьцьДырэктару раённай жыльлёвай гаспадаркі – 4678 рублёў
Адміністрацыя Партызанскага раёну Менску шукае чатырох спэцыялістаў. Найбольш прапануюць дырэктару жыльлёвай камунальнай гаспадаркі Партызанскага раёну Менску – да 4678 рублёў.
Патрабаваньне да патэнцыйнага супрацоўніка адно – наяўнасьць вышэйшай адукацыі.
Як стала вядома Свабодзе, падрабязнасьці вакансій і патрабаваньні да кандыдатаў кадравікі па тэлефоне абмяркоўваюць неахвотна, часта раяць проста «прыслаць рэзюмэ».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адправілі ў адстаўку намесьніка кіраўніка Мінэнэрга, які зьняпраўджваў інфармацыю Bloomberg аб няштатнай сытуацыі на БелАЭС«Ня мара кожнага школьніка»
Праца чыноўніка ня самая распаўсюджаная “прафэсія мары” ў Беларусі, кажа старшая навуковая супрацоўніца дасьледчага цэнтру Beroc Анастасія Лузгіна. Таму дэфіцыт кадраў закрануў чыноўнікаў, асабліва цяжка стала з добрымі спэцыялістамі.
«У дзяржаўнае кіраваньне раней ішлі людзі, але гэта ня самы прыярытэтны кірунак, ня мара кожнага школьніка. Там не стае кадраў і цяжкасьці з пошукам спэцыялістаў. Пытаньне і ў іх кваліфікацыі. Людзей і так бракуе, а высакаклясных спэцыялістаў не хапае зусім. Праз палітычную сытуацыю ёсьць фактар праверкі на ляяльнасьць сыстэме. Могуць узяць горшага спэцыяліста, але каб ён быў “надзейны”», – прыводзіць прыклад Анастасія Лузгіна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Патрыятычнае выхаваньне маладых кадраў і іх замацаваньне на месцах». Лукашэнка зацвердзіў Канцэпцыю дзяржаўнай кадравай палітыкі
Празь нястачу кадраў нявыкананы аб’ём працы кладзецца на іншых супрацоўнікаў, адсюль зьяўляюцца перапрацоўкі, пераход старых кадраў на іншую працу, дадае экспэртка.
«Дзяржаўная кіраваньне – гэта нялёгкая праца, там трэба досьвед і кваліфікацыя. Калі ёсьць праблемы з кадрамі, няхватка кіраўнікоў зьніжае якасьць дзяржаўнага кіраваньня і адбіваецца на ўсёй эканоміцы. Ускосна гэта ўплывае на кожнага беларуса», – дадае Анастасія Лузгіна.
У кастрычніку мінулага году дасьледчы цэнтар Beroc рабіў маніторынг становішча малога і сярэдняга бізнэсу ў Беларусі. Больш за 40% апытаных рэспандэнтаў назвалі «няхватку пэрсаналу» галоўным фактарам, які перашкаджае разьвіцьцю кампаніі. Дэфіцыт кадраў у Беларусі працягвае расьці, найбольш бракуе сьлесараў, дактароў, інжынэраў, будаўнікоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «40% бізнэсу скардзяцца на недахоп кадраў». У Беларусі зьяўляецца больш за тысячу новых вакансій штодня