Афіцыйны прагноз беларускага ўраду прадугледжвае рост ВУП сёлета на ўзроўні 3,8%. У бягучым годзе грашова-крэдытная палітыка будзе накіраваная на абмежаваньне інфляцыі ў межах 6% (сьнежань 2024 году адносна сьнежня 2023 году).
Выданьне Myfin.by прапануе агляд прагнозаў міжнародных фінансавых інстытуцыяў для Беларусі на 2024 год.
Эўразійскі банк разьвіцьця (ЭАБР)
Базавы сцэнарый прагнозу ЭАБР прадугледжвае павелічэньне ВУП Беларусі на 2% у 2024 годзе. Экспэрты банку адзначаюць, што рост эканомікі замарудзіцца з прычыны завяршэньня аднаўленчага пэрыяду і захаваньня абмежаваньняў на баку прапановы (скарачэньне занятасьці, ускладненьне ланцужкоў паставак і доступу да тэхналёгіяў).
Што датычыцца інфляцыі, то да канца 2024 году яна можа выйсьці на ўзровень 8%.
На думку экспэртаў банку, істотную рызыку для эканомікі Беларусі нясе прагназаванае значнае запавольваньне эканамічнага росту ў РФ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Залежнасьць ад Расеі стала татальнай», — эканаміст Крук пра вынікі годуСусьветны банк
Экспэрты Сусьветнага банку чакаюць росту беларускай эканомікі на 0,8% у 2024 годзе. Для параўнаньня: эканоміка Грузіі, на думку аналітыкаў, вырасьце на 4,8%, Казахстану — на 4,3%, Армэніі — на 4,1%, Польшчы — на 2,6%, Расеі — на 1,3%.
Інфляцыя ў Беларусі прагназуецца на ўзроўні 8,9% па выніках 2024 году, а ў 2025 годзе чакаецца запавольваньне росту цэнаў да 7,2%.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міжнародны валютны фонд палепшыў прагноз разьвіцьця эканомікі БеларусіЭўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця (ЭБРР)
Аналітыкі ЭБРР лічаць, што ВУП Беларусі вырасьце ў 2024 годзе на 1,3 працэнта.
Дынаміка ВУП у іншых краінах прагназуецца такой: Казахстан — рост на 5,0%; Польшча — на 2,7%; Латвія — на 2,0%; Літва — на 1,5%; Расея — на 1,0%.
Міжнародны валютны фонд (МВФ)
Паводле ацэнкі экспэртаў МВФ, у 2024 годзе рост валавога ўнутранага прадукту Беларусі складзе 1,3%.
У Польшчы МВФ прагназуе рост ВУП на 2,3%, у Літве — на 2,7%, у Расеі — на 1,1%. Паводле Фонду ў бягучым годзе інфляцыя ў Беларусі можа дасягнуць 5,7%.