«Нехта не хацеў, каб беларус займаў высокае месца ў адным з найлепшых тэатраў Украіны». Першае інтэрвію Чарнухі-Воліча пра звальненьне

Вячаслаў Чарнуха-Воліч

Знакамітага беларускага дырыгента Вячаслава Чарнуху-Воліча звольнілі з адэскай опэры за фота з мужам расейскай опэрнай сьпявачкі Ганны Нятрэбкі, новым дырэктарам бакінскай опэры, а перад гэтым — зь беларускага опэрнага тэатру за падтрымку мірных пратэстаў. Цяпер дырыгент працуе ў кішынёўскай опэры.

Што насамрэч адбылося і якая пазыцыя самога дырыгента? Наш госьць — дырыгент Вячаслаў Чарнуха-Воліч, зь якім мы пагаворым ня толькі пра тое, што адбывалася зь ім ва Ўкраіне падчас вайны, але і пра сытуацыю ў беларускім тэатры опэры і балету, адкуль за апошнія тры гады былі звольненыя дзясяткі знакавых музыкаў.

Сьцісла

  • Думаю, што гэтая сытуацыя — ня толькі пра мяне. Камусьці вельмі не хацелася, каб беларус займаў такое высокае месца ў адным з найлепшых тэатраў Украіны.
  • Хацелася б адпаведнага стаўленьня да беларусаў, якія працягваюць жыць сярод украінцаў, працягваюць змагацца разам з Украінай, каб і СБУ ды іншыя службы ня бачылі ворагаў толькі па адным пашпарце.
  • Мне дагэтуль незразумела, як маглі музыкі перашкодзіць, як яны могуць так уплываць на палітыку, што трэба ад іх так пазбаўляцца? Незразумела, чым мае калегі так вінаватыя перад краінай.
  • Музыкі NIZKIZ — вельмі мужныя людзі. Яны прынялі рашэньне нікуды не зьяжджаць. Гэтыя музыкі і ўсе, хто застаўся на радзіме, сапраўды мужныя людзі, і яны вельмі годныя таго, каб іх падтрымалі.

Як зьявілася фота з мужам сьпявачкі Нятрэбкі, якая знаходзіцца пад украінскімі санкцыямі

— Вы працавалі галоўным дырыгентам Адэскай опэры з 2019 году. У жніўні 2020-га сталі галоўным дырыгентам і Вялікага тэатру ў Менску (па сумяшчальніцтве), але праз два дні вас звольнілі з палітычных матываў — за падтрымку мірных пратэстаў. Да красавіка 2023 году вы працавалі ў опэры ў ваеннай Адэсе. І вас звольнілі, як тлумачыцца, за фота з мужам расейскай опэрнай сьпявачкі Ганны Нятрэбкі Юсіфам Эйвазавым, новым дырэктарам бакінскай опэры. Сама сьпявачка знаходзіцца пад украінскімі санкцыямі. Раскажыце, што адбылося, ці згодныя вы з аргумэнтацыяй кіраўніцтва адэскага тэатру опэры і балету, што паколькі вы кантактавалі з прадстаўнікамі «русского мира», значыць, «ня маеце дакладнай грамадзянскай і патрыятычнай пазыцыі».

— Я ніколі ў жыцьці не займаўся палітыкай, я займаўся і займаюся музыкай. Што тычыцца гэтага знакамітага фота са спадаром Эйвазавым. Мы ўсе разумеем, у якім стане знаходзіцца Ўкраіна. Гэта суцэльны боль, гэта сапраўдная вайна і гора для мільёнаў жыхароў Украіны. Мне падаецца, што эмоцыі, якія ёсьць у грамадзтве, пануюць над рацыяй.

— Наколькі я разумею, вы былі афіцыйна запрошаныя на прадстаўленьне ў Бакінскі опэрны тэатар. Як гэтае фота зьявілася? Ці ўяўлялі вы, што могуць быць такія наступствы і такая рэакцыя ўкраінскага боку?

— Я абсалютна ўпэўнены ў тым, што ні ў кога не было нават думак аб тым, што можа такое здарыцца. Я атрымаў запрашэньне на спэктакль ад іншага дырэктара бакінскай опэры, які пакінуў сваё месца працы літаральна на наступны дзень, як я прыляцеў для рэпэтыцый. Гэта форс-мажорная сытуацыя. Я пачаў рэпэтаваць. Ніхто нават у сваім тэатры ня ведаў, хто будзе наступным дырэктарам, нават у самім тэатры. І літаральна ўжо перад спэктаклем абвясьцілі, што новым дырэктарам стаў Юсіф Эйвазаў. Нават у гэтай сытуацыі не было нічога такога драматычнага, таму што спадар Эйвазаў — грамадзянін Азэрбайджану. Вельмі штучная справа казаць, што ён «русский мир». Тое, што ягоная жонка — знакамітае сапрана Ганна Нятрэбка, якая сапраўды знаходзіцца ў санкцыйных сьпісах, у гэтым нічога няма супраць самога Юсіфа Эйвазава. Ягоная пазыцыя вельмі ясная, у сваім блогу на пачатку вайны ён заявіў, што ён супраць вайны і заклікае да таго, каб вайна хутчэй скончылася. На пачатку вайны і Нятрэбка, і Эйвазаў спынілі свае выступы ў Расейскай Фэдэрацыі і выступалі толькі ў Эўропе.

Я думаю, што гэтая сытуацыя ня толькі пра мяне. Я думаю, што гэта адносіны Ўкраіны да ўсіх расейцаў і беларусаў. Камусьці вельмі не хацелася, каб беларус займаў такое высокае месца ў адным з найлепшых тэатраў Украіны.

— Вы працягвалі працаваць падчас вайны ў опэрным тэатры Адэсы. Ваша грамадзянская пазыцыя наконт вайны была шырока вядомая. Ці спрабавалі вы паразумецца з кіраўніцтвам тэатру, патлумачыць, што адбылося?

— Канечне. Наша з вамі размова — першая пасьля звальненьня ў красавіку летась. Наўмысна я не даваў ніякіх інтэрвію, таму што спрабаваў знайсьці паразуменьне ня толькі ў тэатры, але і зь Міністэрствам культуры. На працягу доўгага часу ішла перапіска са спадаром міністрам. Ёсьць адказы тэатру... Скончылася зусім па-шэксьпіраўску — напісалі, што маэстра ня выйшаў з блакітна-жоўтай хусткай, зь якой павінен быў выйсьці. Ня ведаю, каго мне як Атэла трэба было задушыць, ці спадара Эйвазава, ці яшчэ каго. Анэкдот.

— Дык вы мяркуеце, што падчас вайны беларус, беларускі дырыгент на чале вядомага опэрнага тэатру не даспадобы камусьці?

— Я зрабіў такія высновы. Пэўна, ня ўсе беларусы пра гэта хочуць гаварыць, але з пачатку вайны ўсе людзі, якія маюць беларускія ці расейскія пашпарты, былі фінансава абмежаваныя — усе банкаўскія рахункі былі закрытыя, усе карткі былі заблякаваныя. Гэта зразумела ў першыя дні вайны, калі дзяржава робіць агульныя захады для ўсіх. Але ж хацелася б, каб адносіны дзяржавы былі не да ўсіх аднолькавыя, а па справах людзей. Мы з маёй жонкай Аленай увесь час былі ва Ўкраіне, перажывалі разам з усімі ўкраінцамі і бамбёжкі, і паветраныя трывогі. Тая зіма, якую мы перажылі... Нікому не пажадаеш такіх выпрабаваньняў, калі людзі жывуць безь сьвятла, ацяпленьня, вады і каналізацыі. Але ж яны працягваюць працаваць (гэта маральны супраціў) і падтрымліваць адзін аднаго.

Хацелася б адпаведнага стаўленьня да беларусаў, якія працягваюць жыць сярод украінцаў, працягваюць змагацца разам з Украінай, каб і СБУ ды іншыя службы ня бачылі ворагаў толькі па адным пашпарце. Але, на жаль, уражаньне, што такое адбываецца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З опэрнага тэатру за грамадзянскую пазыцыю звольнілі ўжо чацьвёртага дырыгента

«Толькі вельмі сьмелыя і вельмі шчырыя людзі працягваюць падтрымліваць беларусаў, якія жывуць сярод украінцаў»

— А вам даводзілася ў твар чуць папрокі, што вы беларус, як часта кажуць, «вы, беларусы, слабакі, чаму танкі не спынілі»?

— На жаль, неаднаразова. З 2022 году стаўленьне да нашых землякоў разьвярнулася на супрацьлеглыя знакі. Калі да гэтага гэта быў адназначны плюс, то цяпер адназначны мінус, і толькі вельмі сьмелыя і вельмі шчырыя людзі працягваюць падтрымліваць беларусаў, якія жывуць сярод украінцаў. Гэта вельмі непрыемна, гэта вельмі балюча. У мяне склалася ўражаньне, што гэта ўсё не афіцыйна, не адкрыта робіцца, а як раней у Савецкім Саюзе, праз тэлефоннае права. Нічога супраць ня скажаш, а калі такая нагода зьяўляецца, як фатаграфія, тады адразу запускаюцца ўсе мэханізмы.

Дырыжор Вячаслаў Чарнуха-Воліч

З майго боку не было ніводнага кроку супраць Украіны. Я выконваў усе загады, якія былі. Загад быў зь Міністэрства культуры — ня граць расейскую музыку, калі выяжджаеш за межы краіны, не кантактаваць і не выступаць у нейкіх праграмах разам з расейскімі музыкамі. Ніводнага з гэтых пунктаў я не парушыў. Гэтае фота было зроблена пасьля спэктакля. Са спадаром Эйвазавым я не працаваў. У нас прынята пасьля канцэрту ці спэктакля рабіць фота. Гэта робіцца заўсёды ва ўсіх філярмоніях, тэатрах. Фота на памяць з артыстамі — гэта тое, што застаецца ў цябе пасьля спэктакля. Калі мы рабілі гэтае фота, на сцэну выйшаў спадар Эйвазаў з прадстаўнікамі Міністэрства культуры Азэрбайджану, такая міністэрская дэлегацыя. І як можна было адмовіцца рабіць фота з гаспадаром тэатру? Я не ўяўляю, што можна было зрабіць. І як адмовіцца? Я і цяпер ня бачу ніякага парушэньня ніводнага пункту ў гэтым.

— Зь якім пачуцьцём вы пакідалі Ўкраіну, якой аддалі вялікую частку свайго прафэсійнага і чалавечага жыцьця? Думаю, што вы разумееце прычыны таго, чаму гэта адбылося. Вайна шмат што тлумачыць. Ці шкадавалі вы, ці былі пакрыўджаныя? Ці будзеце вяртацца ва Ўкраіну?

— Я вельмі люблю Ўкраіну, вельмі люблю Адэсу. У нас многа сяброў, шмат людзей, якія нас падтрымліваюць дагэтуль. У мяне вельмі добрыя кантакты з маімі калегамі па ўсёй Украіне. Мноства людзей мне напісалі асабіста словы падтрымкі. Многа людзей мне дапамаглі юрыдычна і цяпер працягваюць дапамагаць. Маё стаўленьне да Ўкраіны і да ўкраінцаў — як да нашых найбліжэйшых родзічаў па культуры, па мэнталітэце, па гісторыі. Канечне, ніякай крыўды да Ўкраіны ў мяне няма. Я разумею, што Ўкраіна, якая дэкляруе эўрапейскія каштоўнасьці, шлях да дэмакратыі, то яна і павінна так дзейнічаць. І тут у мяне вялікія пытаньні да кіраўніцтва Ўкраіны. Зрабілі справу зь нічога... Мне крыўдна толькі за гэта.

— Вы маеце імя, вядомае ў сьвеце. Як хутка знайшлі працу? Раскажыце пра цяперашнюю працу ў Кішынёўскім опэрным тэатры.

— З Малдовай сувязі ў мяне сталыя. Калі пачалася вайна, дырэктар малдоўскай опэры адразу запрасіў мяне прыяжджаць і працаваць. Тады я адмовіўся ад гэтай прапановы. Я лічыў немажлівым так рабіць, калі твой тэатар у складаным стане. Калі ты галоўны дырыгент, то, як капітан карабля, павінен быць са сваімі людзьмі ўвесь час. Калі сытуацыя зьмянілася, прапанова зноў паступіла, ня толькі з Малдовы, але і з Румыніі і іншых краінаў. Мы абралі Кішынёў як найбліжэйшы пункт да Ўкраіны, да Адэсы, каб быць побач.

Як будзе далей, цяжка сказаць, але цяпер мы тут. Я працую ў тэатры, мы займаемся мастацтвам. Зараз будзем рыхтаваць новую прэм’еру опэры Рахманінава «Алека» паводле Пушкіна. «Цыгане шумною толпой по Бессарабии кочуют». Гэтая опэра павінна быць у рэпэртуары тэатру, мы пачынаем працу над спэктаклем.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зь Вялікага тэатру звольніўся сёлетні пераможца міжнароднага конкурсу маладых дырыгентаў

Што адбываецца ў беларускім Тэатры опэры і балету


— Давайце пагаворым пра тое, што цяпер адбываецца ў Нацыянальным тэатры опэры і балету ў Менску, адкуль са жніўня 2020 году, акрамя вас, былі звольненыя знакавыя артысты і музыкі: саліст опэры Ільля Сільчукоў, галоўны канцэртмайстар Рэгіна Саркісава, дырыгенты Андрэй Галанаў, Іван Касьцяхін, Алег Лясун, скрыпачка Ала Джыган, альтыстка Аляксандра Пацеміна, хормайстар Іван Цітоў ды іншыя. Сышлі па ўласным жаданьні адзін з найлепшых маладых дырыгентаў Дзьмітры Мацьвіенка і рэжысэры Дар’я Пататурка і Алена Медзякова. Раней сышла з тэатру сьпявачка Маргарыта Ляўчук. «Здраднікам ня месца на сцэне, нават калі гэта будзе дзяржспэцмерапрыемства ці канцэрт у аграгарадку», — такім чынам выказаўся міністар культуры Анатоль Маркевіч пра артыстаў, якія не падтрымліваюць улады. Хто прыйшоў наўзамен звольненых? Як вы ацэньваеце прафэсійны ўзровень Вялікага тэатру ў Менску?

— Мне дагэтуль незразумела, як маглі музыкі перашкодзіць, як яны могуць так уплываць на палітыку, што трэба ад іх так пазбаўляцца? Незразумела, чым мае калегі так вінаватыя перад краінай. З тых, з кім я працаваў, толькі адзін Мікалай Калядка застаўся дырыгентам, нікога не засталося з астатніх маіх калегаў, зь якімі я працаваў апошнія 20 гадоў. Каму гэта патрэбна? Навошта такі стрэс для калектыву, для аркестру, для ўсіх салістаў? Наша прафэсія — гэта штучная справа. Яна доўга рыхтуецца, адзінкі з музыкаў становяцца опэрнымі дырыгентамі. Вельмі крыўдна, што няма Ўладзімера Пятрова, Ільлі Сільчукова і многіх іншых салістаў. Цяпер там многа моладзі. Але справа ў тым, што гэта вялікая адказнасьць — выходзіць на такую сцэну. Выходзіць трэба падрыхтаваным. Цяжка без дапамогі прафэсійных дырыгентаў, рэжысэраў, а калі іх выштурхоўваюць з тэатру... Цяжка сказаць пра прафэсійны ўзровень, таму што гэта трэба бачыць і чуць. Зараз назіраю за тэатрам, бачу, што шмат новых працаў. Гэта вельмі добра, але ж хацелася б пачуць і паглядзець, што сапраўды адбываецца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Эпоха дыктатуры скончылася ў палітыцы і ў мастацтве». Галоўны дырыжор Чарнуха-Воліч расказаў пра звальненьне з опэрнага тэатру

— Хачу падзяліцца з вамі ўражаньнямі некалькіх людзей, якія наведалі опэрны тэатар у Менску напярэдадні Новага году. Гэта сталыя наведнікі опэры, і яны былі моцна ўражаныя, як зьмянілася публіка ў тэатры — і па выглядзе, і па паводзінах, людзі размаўлялі праз тэлефон падчас прадстаўленьня, былі адзетыя вельмі неадпаведна, рэагавалі на музыкаў, нібы яны на канцэрце поп-зорак. Выглядае, што сталая публіка, якія хадзіла ў Тэатар опэры і балету, была вымушаная зьехаць, як і вялікая колькасьць музыкаў. Як вам бачыцца цяперашняя аўдыторыя клясычнай музыкі ў Беларусі?

— Клясычная музыка і паход у тэатар — гэта ў пэўнай ступені выхаваньне. Падрыхтоўка, што ты надзенеш, як будзеш сябе паводзіць. Уражаньне, што людзей літаральна з вуліцы запрасілі, яны шукалі, куды пайсьці — у цырк ці на нейкі поп-канцэрт, а ўбачылі квіткі ў опэру — пойдзем глянем, што гэта такое. Гэта вельмі крыўдна. Мы бачым па ўсім, што адбываецца ў грамадзтве, вельмі нізкія стандарты культуры, амаль што роўныя нулю. Опэра і балет — гэта найвышэйшае дасягненьне драматычнага тэатру і музычнага мастацтва. Канечне, публіку трэба таксама выхоўваць. У тэатры павінны быць служба, якая будзе рабіць заўвагі.

— Мы з вамі размаўляем, калі яшчэ працягваюцца вельмі гарачыя дыскусіі ў сацыяльных сетках, выкліканыя арыштам музыкаў папулярнага гурту NIZKIZ, чые песьні сталі сымбалем мірнага пратэсту. Яны не зьяжджалі зь Беларусі, ведаючы пра ўсе рызыкі і маючы, напэўна, свае прычыны для гэтага. Як вы гледзіце на маральныя дылемы, якія цяпер паўстаюць і вельмі горача абмяркоўваюцца?

— Магу сказаць, што гэта вельмі мужныя людзі. Яны прынялі рашэньне нікуды не зьяжджаць. Яны, як і я, лічаць, што не зрабілі нічога супраць свайго народу, супраць грамадзтва. Якая тут палітыка ў тым, што чалавек выказвае сваю грамадзянскую пазыцыю, у тым, што ён за законнасьць, за тое, каб закон быў роўны для ўсіх? У нас павінна быць адна адказнасьць за гэта і перад грамадзтвам, і перад Богам. Таму пэўна, што гэтыя часы пройдуць, зьмены ў грамадзтве неабходныя. І гэтыя музыкі і ўсе, хто застаўся на радзіме, сапраўды мужныя людзі, і яны вельмі годныя таго, каб іх падтрымалі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці варта дакараць Nizkiz за іх выбар? Спрэчка Дзяйкалы і Кірылюка