У Беларусі за суткі на пажарах загінулі дзевяць чалавек, паведамілі ў МНС.
Днём 8 студзеня пажар адбыўся ў жылым доме ў вёсцы Мамаі Глыбоцкага раёну, загінуў 59-гадовы гаспадар. Як асноўная вэрсія прычыны здарэньня разглядаецца неасьцярожнае абыходжаньне з агнём пры курэньні.
У гэты ж дзень у выніку пажару загінулі чатыры чалавекі ў прыватным доме ў Слуцку. Увечары ратавальнікі знайшлі там загінулага 72-гадовага гаспадара, яго 66-гадовую сужыцельку, а таксама іх гасьцей — 55-гадовага мужчыну і 52-гадовую жанчыну.
«Сусед пагарэльцаў да прыезду ратавальнікаў на падлозе на вэрандзе знайшоў 44-гадовага мужчыну і вынес яго на сьвежае паветра. З атручэньнем прадуктамі гарэньня ён шпіталізаваны», — расказалі ў МНС.
Меркаваная прычына пажару, як і ў папярэднім выпадку, — неасьцярожнае абыходжаньне з агнём пры курэньні.
Гэты ж чыньнік, імаверна, стаў прычынай гібелі дваіх Менску. У ноч на 9 студзеня гарэла кватэра ў пяціпавярхоўцы ў завулку Клумава. У ёй ратавальнікі знайшлі загінулых — 46-гадовага гаспадара і яго 48-гадовага госьця.
Уначы 9 студзеня паступіла паведамленьне пра пажар у кватэры ў пасёлку Сасновы Бор Сьветлагорскага раёну. У жыльлі ратавальнікі знайшлі цела 64-гадовага гаспадара.
Увечары 8 студзеня гарэў дом у вёсцы Савішчына Аршанскага раёну. У ім знайшлі 89-гадовую бабку гаспадара. Магчымая прычына пажару — парушэньне правілаў эксплюатацыі электраабсталяваньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Лідзкім раёне ў часе дэмантажу абваліўся пралёт моста церазь Нёман, пад вадой апынуўся экскаватар. ВІДЭА ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Два выпадкі падзеньня лёду з дахаў на людзей: сьмерць у Віцебску, траўма ў Гомлі