Кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінэта Сьвятлана Ціханоўская 15–18 студзеня возьме ўдзел у Сусьветным эканамічным форуме ў Давосе (Швайцарыя), паведаміў выданьню «Позірк» яе галоўны дарадца Франак Вячорка.
Паводле яго, удзел Ціханоўскай у гэтым форуме дае магчымасьць «абмеркаваць дэмакратычную будучыню Беларусі і пагутарыць з сусьветнымі лідарамі па актуальных міжнародных пытаньнях».
Ціханоўская выступіць на панэльнай дыскусіі «Абараняючы адзіны фронт Эўропы», у якой таксама будуць удзельнічаць прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда, прэзыдэнт Вугоршчыны Каталін Новак, а таксама прэм’ер-міністар Харватыі Андрэй Пленкавіч.
Сытуацыю з мэдыя ў Беларусі Ціханоўская прадставіць на панэлі «Куды ідзе свабода выказваньня меркаваньняў?» Разам зь Ціханоўскай у гэтай частцы форуму возьмуць удзел выканаўчы дырэктар Human Rights Watch Тырана Хасан, кіроўны рэдактар New York Times Джозэф Кан, галоўны рэдактар Deutsche Welle Мануэла Каспэр-Кларыдж.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская заклікала працягваць замежную дапамогу незалежным беларускім СМІПаводле Вячоркі, Ціханоўская таксама будзе ўдзельнічаць у некалькіх мерапрыемствах з удзелам генсакратара ААН Антонію Гютэрыша, каралевы-кансорта Нідэрляндаў Максімы, прэзыдэнта Латвіі Эдгарса Рынкевічса, гендырэктара Сусьветнай гандлёвай арганізацыі Нгозі Аконджа-Івеалы, генсакратара Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і разьвіцьця Маціяса Кормана ды інш.
«Таксама беларуская лідарка правядзе шмат двухбаковых сустрэч, у тым ліку са сьпікерам парлямэнту Філіпінаў. Гэта будзе яе першы афіцыйны кантакт з гэтай краінай. Акрамя гэтага, Ціханоўская плянуе сустрэцца з прадстаўнікамі міжнароднага бізнэсу і тэхналягічных кампаній», — адзначыў галоўны дарадца палітыка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Выкладчыкі лічылі, што жанчына ня можа ведаць фізыку» — Беларусь у Давосе ўпершыню прадставіла жанчына