Паводле прэс-службы ведамства, плацеж у памеры 22,9 млн даляраў у эквіваленце праведзены 29 сьнежня 2023 году. «Сродкі ў поўным аб’ёме» залічаныя на асобны банкаўскі рахунак, адкрыты ў «Беларусбанку» ў нацыянальнай валюце, цытуе паведамленьне «Позірк».
28 чэрвеня 2022 году Савет міністраў і Нацыянальны банк прынялі сумесную пастанову, паводле якой «выкананьне абавязаньняў запазычанасьці па дзяржаўных каштоўных паперах, разьмешчаных на зьнешніх фінансавых рынках, будзе ажыцьцяўляцца ў беларускіх рублях па курсе рэгулятара на дату плацяжу».
З таго часу Беларусь пералічвае плацяжы па даўгах у рублях на спэцрахунак у «Беларусбанку». Плацежнаму агенту ўлады прапанавалі самастойна забіраць сродкі з гэтага рахунку і разьлічвацца з інвэстарамі. Кампаніі Citigroup і Citibank адмовіліся выступаць агентамі ў дачыненьні да беларускіх эўрабондаў.
Неўзабаве пасьля гэтага міжнародныя рэйтынгавыя агенцтвы Fitch Ratings і Moody’s панізілі крэдытны рэйтынг Беларусі: першае заявіла, што дэфолт у краіне непазьбежны, другое назвала сытуацыю дэфолтам.
Мінфін Беларусі скрытыкаваў гэтыя рашэньні, але выплаты па валютных абавязаньнях у рублях працягнуліся.