Ня толькі ў цывільным жыцьці, але і за кратамі навагоднія сьвяты зьвязаныя з пэўнымі традыцыямі. То ў горшы, то ў лепшы бок часова мяняецца нават рэжым, а ня толькі вонкавы выгляд камэр, у якіх утрымліваюць больш за 30 тысяч беларускіх вязьняў, сярод якіх ня менш за 1,5 тысячы — палітычныя зьняволеныя.
Алькаголь за кратамі
Былы палітвязень Леанід Судаленка двойчы сустракаў Новы год за кратамі: 2022-ы ў Гомельскім СІЗА, а наступны, 2023-і — у калёніі «Віцьба-3».
«У СІЗА 31 сьнежня амаль нічога не адбывалася: звычайны дзень. Вечаровая праверка а 20-й, адбой а 22 гадзіне. Можа, у каго ў камэры быў тэлевізар, тым дазволілі паглядзець які канцэрт пазьней за адбой, але ня нам, бо ў нашай камэры „целіка“ не было. Ляглі спаць і падняліся раніцай а 6-й — вось і сустрэлі Новы год», — кажа Леанід Судаленка, але адразу прыгадвае, што напярэдадні сьвята быў і непрыемны момант.
«Недзе за тры дні да сьвята кантралёры зладзілі агульную праверку камэры: з вынасам рэчаў у калідор, з прастукваньнем нараў і ўсёй „мэблі“ ў камэры драўлянымі кувалдамі. Ня ведаю, што там шукалі, мо якія забароненыя прадукты, але нічога не знайшлі. А вось у калёніі сапраўды здарылася тое, што можна ўспомніць. Аказваецца, у нас нават брагу гналі», — былы вязень перайшоў да пераднавагодніх прыгод у «Віцьбе-3».
У калёніі Леанід Судаленка працаваў у цэху разьбіраньня мэталаў. Праваабаронца ўспамінае 30 сьнежня 2022 году. Тая субота фактычна была апошнім працоўным днём году ня толькі для яго, але і для ўсёй калёніі. Ён працаваў у другую зьмену, да заканчэньня заставалася пару гадзін, калі ўбачыў, што ў цэху адбылося нешта надзвычайнае.
«Раптам загаварылі, што двух ці трох нашых зэкаў затрымалі, бо тыя былі нецьвярозыя. Мяне гэта, вядома, моцна зьдзівіла. Потым даведаўся, што яны неяк натрапілі на ахоўнікаў. Ці хісталіся, ці пах выдаў. Што тут пачалося! У цэх нагналі кантралёраў, учынілі агульную праверку. Зразумела, знайшлі і „рэчавыя доказы“. Але сам я тых зэкаў ня бачыў, толькі чуў, што іх вывелі асобна і потым пасадзілі ў ШЫЗА. А вось усёй нашай зьмене — а зэкі былі з некалькіх атрадаў — зрабілі мэдыцынскі агляд. На КПП прымусілі дыхаць праз трубачку, якая паказвае, ці ёсьць алькаголь. Але больш нецьвярозых сярод нас не знайшлося», — успамінае Леанід Судаленка.
Праваабаронца не зьдзіўляецца, што на зоне магчыма вырабіць брагу з наяўнасьцю алькаголю.
«А чаму не? Калі ў калёніі ёсьць свая пякарня, як на „Віцьбе“, дык ёсьць і дрожджы. Цукар таксама зь пякарні прыносяць. Ці цукеркі, якія можна купіць у краме, выкарыстоўваюць. Казалі, што калі мандарынак туды дабавіць, дык яшчэ і асаблівы смак атрымаецца. Праблема толькі ў ёмістасьці ды ў тым, дзе „брагу“ захоўваць. Каб на вочы не трапляла і не адчувалася паху. Але, відаць, на „промцы“ (у прамысловай зоне. — РС) можна знайсьці і тару, і месца», — перакананы былы вязень «Віцьбы-3» Судаленка.
Пра зэкаў, якія адважыліся на такі дзёрзкі ўчынак, як прыгатаваньне ў зоне сьпіртнога напою, Леанід Судаленка ведае няшмат.
«Гэта былі не палітычныя. Тут патрэбен іншы досьвед. Казалі, што адзін зь іх быў брыгадзірам, і гэта верагодна. Бо трэба і гаспадарку ведаць, і мець крыху большую свабоду. Усе яўна былі спрактыкаванымі зэкамі. І казалі, што з ШЫЗА яны ў атрад ужо не вярнуліся», — расказаў Леанід Судаленка.
Суразмоўца дадае, што інцыдэнт з ужываньнем самаробнага алькагольнага напою на «промцы» не асабліва адбіўся на парадках у навагоднюю ноч. У ягоным атрадзе вязьні атрымалі магчымасьць легчы спаць на гадзіну пазьней.
«Дазволілі ўсім легчы спаць не ў 22, як звычайна, а ў 23 гадзіны. Значыць, хто хацеў, мог паболей тэлевізар паглядзець. І пад’ём, адпаведна, быў а 7 раніцы. А іншае ўсё засталося, як звычайна. Пасьля адбою кантралёры прайшліся па „хатах“, ліхтарамі ўсім у твар пасьвяцілі ды пайшлі», — успамінае Леанід Судаленка.
Паводле Судаленкі, яму ўсё ж больш запомнілася навагодняя ноч у СІЗА, бо ў той дзень, 31 сьнежня 2022 году, ён атрымаў каля двух дзясяткаў лістоў ад сваякоў і незнаёмых людзей.
«Перачытваў потым некалькі дзён запар. Дагэтуль вельмі ўдзячны за тую падтрымку», — кажа праваабаронца, які выйшаў на волю яшчэ праз паўтара года, улетку 2023-га.
Гадавы плян па ШЫЗА
Андрэй і ягоны сябар Сяргей (прозьвішчы былыя вязьні прасілі не называць у мэтах бясьпекі) цяпер знаходзяцца ў Польшчы. Пакараньне абодва адбывалі ў ПК-15, пад Магілёвам. Успамінаюць пра Новы 2023 год, настрой напярэдадні ў абодвух быў кепскі.
«Абяцаная тады амністыя аказалася фікцыяй, палітычных яна ўвогуле ня тычылася. У нас дык толькі адзінкам з крымінальнікаў зьменшылі тэрміны на год. Карацей, настрою ў мяне перад Новым годам не было, а тут яшчэ абвяшчаюць сэзонны «шмон», — прыгадаў Андрэй канец сьнежня 2022 году.
Паводле суразмоўцы, праверкі тады сталі часьцейшымі, кантралёры пачалі чапляцца да дробязяў, на якія раней не зьвярталі ўвагі. Што шмат хто атрымаў спагнаньні, у тым ліку зьмяшчэньне ў ШЫЗА.
«Адназначна закрывалі свой гадавы плян па ШЫЗА. Нават сваіх „стукачоў“ ганялі. Аднаго адправілі ў ШЫЗА за кіпяцільнік! Я быў у шоку, калі такое назіраў», — успамінае Андрэй.
Ягоны сябар Сяргей падчас размовы дадаў успамін аб праверцы, якую ўчыніла ў бараку адмысловая група кантралёраў з «мэталашукальнікам».
«У іх была нейкая прылада, накшталт мінашукальніка. Па ўсіх карпусах зь ёй хадзілі, і да нас прыйшлі. Пад ложкамі, па кутах шукалі „мыйкі“ (так вязьні называюць лязо ад брытвы, якое асобна трымаць забаронена. — РС). Потым у меху кантралёры выносілі нейкія адабраныя рэчы. Бачылі, што тырчаць скрыні ад нардаў, нейкія пакеты. Чаму гэта стала забароненым, не разумею. Драбязу ўсякую таксама забіралі. Прыкладам, у некаторых чамусьці пазабіралі іголкі, хаця раней да іголак прэтэнзій не было», — расказаў Сяргей.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Не дабіліся вызваленьня палітвязьняў». Падзея, параза, перамога, страты і героі 2023-га паводле Сьвятланы ЦіханоўскайПаводле былога вязьня, такія праверкі пачаліся за тыдзень да Новага году і працягваліся да 30 сьнежня.
«Але 31-га палягчэла. У той дзень з нагоды сьвята на вячэру далі дранікі», — кажа Андрэй і ўспамінае таксама гірлянды, якія зьявіліся ў продажы ў турэмнай краме, што яго вельмі зьдзівіла. Паводле Андрэя, адміністрацыя нават заахвочвала зэкаў упрыгожваць гірляндамі пакоі.
«У апошні вечар году я стаяў на праверцы і любаваўся вокнамі корпусу насупраць — сапраўды было прыгожа і зьявіўся хоць крышачку лепшы настрой».
Андрэй расказаў і пра сапраўднае паслабленьне ў рэжыме, якое дзейнічала толькі цягам навагодняй ночы.
«Дазволілі да гадзіны ночы ня класьціся спаць. Хто хацеў, мог гэтым скарыстацца. А яшчэ па заявах дазволілі наведваць сяброў у іншых карпусах. Толькі мы, палітычныя, гэтым не карысталіся, бо асьцерагаліся, што будзе, як з заявамі на спатканьне. Напішаш такую, а потым „за незашпілены гузік“ ці „забароненую лексыку“ паедзеш у ШЫЗА». Таму мы сядзелі на сваіх «кубрыках» і бавілі час у цікавых размовах«, — кажа пра навагоднюю ноч Андрэй.
Сяргей дадаў, што 1 студзеня пад’ём быў не на гадзіну пазьней, а як звычайна, а 6-й раніцы.
«Але цягам дня кантралёры не чапалі, калі нехта прылёг на ложак адпачыць. Такі быў яшчэ адзін „пернік“ ад адміністрацыі».
«Правяраць прыйшлі „з курантамі“ — дакладна апоўначы»
У былога палітвязьня Льва (Аляксандра) Антанюка асобна адклаўся ў памяці той Новы год, які ён сустракаў у СІЗА Берасьця. Можа, таму, што «разам з курантамі» ў камэру ўвайшоў правяральнік «з цэнтру».
«Прыехаў абласны кіраўнік (абласное кіраўніцтва знаходзіцца ў Баранавічах, а не ў Берасьці) пэнітэнцыярнай управы. Акурат пад Новы год зайшоў да нас і запытаў у дзяжурнай, чаму людзі ўночы чытаюць кніжкі. Дагэтуль усім было бяз розьніцы тое, што мы чытаем. Я меў у гэты момант Сянкевіча, „Крыжакаў“ (дарэчы, быў эпізод пра Грунвальдзкую бітву). Мне сказалі схаваць кнігу, і я схаваў. Ніякага пакараньня не было. Проста было відаць, як ён выслужваецца, што ажно на Новы год, у 00:00, прыехаў правяраць. Але правяральнік пабыў нядоўга, пасьля поўначы паехаў», — прыгадаў Антанюк.
Паводле суразмоўцы, у калёніі № 3, дзе ён адбываў пакараньне, напярэдадні новага 2023 году двух ягоных сяброў кінулі ў ШЫЗА.
«Адзін зь іх, Раман, як мне вядома, цяпер увогуле ў крытай турме», — кажа Леў Антанюк.
Скрадзенае сьвята
Скрадзеным сьвятам назвала Новы год, сустрэты на «Валадарцы», былая палітзьняволеная Валерыя Чарнаморцава. У вязьніцу Валерыя трапіла ў канцы 2022 году і мусіла прызвычайвацца да новых умоваў. У камэры, дзе яна апынулася, сядзела праваабаронца зь «Вясны» Марфа Рабкова, і гэтае суседзтва стала для Валерыі вельмі карысным. Бо Рабкова, якая перажыла ўжо два пераднавагоднія вобшукі камэры, праінструктавала суседак, як рыхтавацца да «шмону».
«Гэта, безумоўна, былі незабыўныя ўражаньні! Бо вынесьці з камэры ў калідор усё, да самай драбязы, уключна з мыйнымі сродкамі, — гэта вельмі складана. У ахоўнікаў было некалькі мэтаў. Найперш — пошук „мыек“. Гэтымі лёзамі ад брытваў мы карысталіся, каб нарэзаць нешта з прадуктаў, прыгатаваць тую ж салату. Але трымаць „мыйкі“ забаронена, і вось шукаюць. Усё прастукваюць, правяраюць нават усе рэчы. Нешта яны знайшлі, а нешта нам удалося захаваць. А яшчэ мэта — знайсьці прыгатаваную да сьвята бражку. Але ведаеце, гэта ўвогуле глупства! Бо ўсе арыштанты ведаюць, што некалі будзе „шмон“, і адкладаюць прыгатаваньне сьвяточнага напою на час пасьля вобшуку», — кажа Валерыя.
Паводле былой арыштанткі «Валадаркі», вялікі вобшук камэры праходзіў 30 сьнежня і працягваўся гадзіну. А яшчэ штодня камэру правяралі ў той час, калі вязьняў выводзілі на прагулкі. Падчас яе, расказала Валерыя, дзяжурны па корпусе пазрываў белыя сьняжынкі-выцінанкі, якімі арыштанткі ўпрыгожылі камэру.
«Тыя сьняжынкі-выцінанкі мы зноў вывешвалі, а іх зноў зрывалі. Я потым сабрала рэшткі і вынесла сярод рэчаў, калі выходзіла з „Валадаркі“ на волю. Спадзяюся, будзе добры экспанат для будучага музэю», — кажа Чарнаморцава.
Паводле Валерыі, яна з сукамэрніцамі ўсё ж адзначыла сьвята «турэмным шампанскім» — гэтак яны называлі напой зь мінэральнай вады і распушчальнай вітаміннай таблеткі. Закусілі пернікамі ў выглядзе ялінкі, сьнегавіка і гадзіньніка.
«А вось зорку і штучную яловую лапку, якія былі ў пасылцы зь іншымі пернікамі, не прапусьцілі, — шкадуе былая палітзьняволеная. — Спаць мы ляглі а 22 гадзіне і нават апоўначы большасьць не прачнулася. Памятаю, я падняла галаву, павіншавала з Новым годам, але амаль ніхто не адгукнуўся. Мне тады вельмі не хапіла навагодняй ялінкі і калядак. Выйшла 16 студзеня на волю і яшчэ шукала, якія засталіся ў горадзе навагоднія елкі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чыфір замест шампанскага. Беларускія палітвязьні расказваюць, як за кратамі адзначаюць Новы год ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пяць гісторый пра вызваленьне ў 2023 годзе. Былыя палітвязьні ўспамінаюць, як выходзілі на волю