Перакладчык са славенскай і «тата на ўдалёнцы». Зьняволенаму журналісту Свабоды Андрэю Кузьнечыку — 45

Андрэй Кузьнечык, архіўнае фота, каляж

Зьняволенаму журналісту Свабоды Андрэю Кузьнечыку сёньня спаўняецца 45 гадоў. Дзень народзінаў ён сустракае за кратамі трэці раз. Свабода паразмаўляла з тымі, хто ведае Кузьнечыка з вучобы ў ліцэі і ўнівэрсытэце, з рэдактарскай працы і захапленьня роварнымі падарожжамі.

«Я не хачу збочваць зь сьцежкі працы на карысьць беларушчыны»

25 лістапада 2021 году Андрэй адпрацаваў зьмену і ўвечары паехаў на роварную прагулку. Каля пад’езду яго чакалі чацьвёра сілавікоў у цывільным. На вачах у малых дзяцей правялі ператрус у кватэры, забралі тэхніку. І павезьлі Андрэя ў пастарунак. Спачатку асудзілі на 10 дзён арышту, а празь месяц завялі крымінальную справу.

8 чэрвеня 2022 году Магілёўскі абласны суд у закрытым рэжыме прызнаў Андрэя Кузьнечыка стваральнікам «экстрэмісцкага фармаваньня» і прысудзіў 6 гадоў турмы. Пакараньне Андрэй адбывае ў Наваполацкай калёніі № 1. Працуе на лесапілцы 6 дзён на тыдзень. Праца цяжкая, Андрэй вельмі схуднеў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 32 за кратамі, 33 прызналі «экстрэмістамі», а 12 — «тэрарыстамі». Лічбы пра перасьлед беларускіх журналістаў у 2023 годзе

Родам Андрэй Кузьнечык зь Віцебску. Як сам піша ў лісьце, які пакінуў на выпадак, калі яго затрымаюць, беларушчынай ён зацікавіўся яшчэ падлеткам.

«Я з 13 гадоў жыву беларушчынай, паступіў на філфак дзеля яе, жыў і працаваў з арыентацыяй на яе, цяпер мне за 40, але справа ня ў тым, што позна пачынаць з нуля, справа ў тым, што я не хачу збочваць зь сьцежкі працы на карысьць беларушчыны», — пісаў Андрэй увосень 2021 году.

Быў адзіным хлопцам у філялягічным клясе сярод 20 дзяўчат

Пасьля 9-й клясы Андрэй паступіў у вельмі прэстыжны Ліцэй БДУ — бацькі адпусьцілі 15-гадовага падлетка ў Менск, у інтэрнат. Дзяўчаты-аднаклясьніцы ўзгадваюць пра яго зь цеплынёй і ўсьмешкамі:

«Наш кляс быў гуманітарнага напрамку, і Андрэй быў у нас адзіным хлопцам сярод 20 дзяўчат (у фізыкаў была адваротная сытуацыя). Сядзеў ён на астатняй парце, але вучыўся заўсёды добра.

Мы былі вельмі ўражаныя, як Андрэй прадстаўляўся, калі трэба было сказаць пра сябе некалькі словаў новым людзям: „Я Андрэй Кузьнечык, беларускі паэт“.

Аднойчы хтосьці зь дзяўчат замовіў яму верш на народзіны сяброўкі. Ён напісаў велічэзны, доўгі верш. Сьмешна было, калі Андрэй запытаўся ў імяніньніцы: „Ну і як цябе ўгаразьдзіла нарадзіцца ў дзень Чарнобыльскай катастрофы?“. Усе паселі на падлогу ад сьмеху!

Андрэй Кузьнечык у ліцэі

Яшчэ са сьмешнага: як узгадвалася, Андрэй быў адзіны хлопец у клясе, і часта здараліся сытуацыі, калі ён вымушаны быў слухаць нашыя дзявочыя размовы. Часам ён альбо саромеўся нас слухаць, альбо рабіў выгляд, што яго нашыя размовы не цікавяць, і хаваўся за газэтай. І не за абы-якой, а за „Нашай Нівай“!

Андрэй размаўляў па-беларуску ня толькі на занятках, але і ў штодзённым жыцьці. Тады гэта трошкі зьдзівіла — ня часта можна было сустрэць цалкам беларускамоўную асобу. Андрэй адным зь першых паказаў, як гэта — мова кожны дзень.

А яшчэ ў нашай клясе над дошкай вісеў бел-чырвона-белы сьцяг і герб „Пагоня“. Цяжка зараз паверыць, што такое было магчыма, але так было. Пасьля рэфэрэндуму 1995 году „Пагоню“ загадалі прыбраць, але ён усё роўна на наступны дзень вяртаў яе на месца, і так доўжылася даволі доўга — Андрэй заўсёды быў упарты», — узгадваюць тры ліцэйскія сяброўкі, якія назвалі сябе X, Y і Z.

«Што наканавана, тое і наканавана»

Глеб таксама вучыўся з Андрэем у Ліцэі БДУ, але на іншым кірунку — зь фізыка-матэматычным ухілам.

«Ён быў самым выбітным беларусам на нашай плыні, заўсёды размаўляў па-беларуску. Прасіў зваць яго «Андрусь». Ён жыў у інтэрнаце, а я менскі. Потым вучыліся ў БДУ на розных факультэтах: ён на філялягічным, а я на фізычным, таксама сябравалі, часта кантактавалі. Ён, дарэчы, жыў у студэнцкім інтэрнаце на Кастрычніцкай з выбітнымі асобамі — з Андрэем Скурко і Пятром Варахобіным, у іх быў такі «нацыяналістычны» пакойчык.

Андрусь — вялікі патрыёт сваёй роднай Віцебшчыны. Мы былі агітатарамі беларушчыны ў ліцэі. Мы больш канцэрты-касэткі, а ён больш ідэйны: сябраваў з хлопцамі з Маладога Фронту, з Паўлам Севярынцам. Мы ўсе цікавіліся беларускім рокам. Андрусь знаёміў нас зь віцебскім беларускамоўным гуртом «Грамада» — маўляў, «ён ня горшы за вашы сталічныя „Мроі“».

Апошні раз мы зь ім размаўлялі незадоўга да ягонага затрыманьня, увосень 2021-га. Размова была пра 25-ю гадавіну рэфэрэндуму 1996 году. Я быў ужо за мяжой, ён у Беларусі. Я асьцярожна выказаўся, ці не апасаецца ён. Андрэй сказаў, што зьяжджаць зь Беларусі не зьбіраецца, і так фаталістычна дадаў: маўляў, «што наканавана, тое і наканавана», — узгадвае ліцэйскі сябар Кузьнечыка Глеб.

Андрэй Кузьнечык у юнацтве

У лісьце, які Андрэй Кузьнечык пакінуў на выпадак затрыманьня, ён тлумачыў, чаму ня хоча зьяжджаць:

«У цяперашніх умовах мне здаецца меншай пакутай адбыць у вязьніцы прыдуманы тэрмін, чым разьвітацца з радзімай на няпэўны (аж да скону) час (хоць тут я магу фатальна памыляцца ў тым, наколькі далёка могуць зайсьці рэпрэсіі).

Я лічу, што дзеці, узгадаваўшыся ў небеларускім асяродзьдзі, стануць носьбітамі каштоўнасьцяў гэтага асяродзьдзя, а Беларусь — адзінае месца на Зямлі, дзе гэтае асяродзьдзе мы маем, можам ствараць і разьлічваць на яго».

Андрэй Кузьнечык у студэнцкія гады

Апантанасьць і ўпартасьць

Фотажурналіст Андрэй Лянкевіч узгадвае, як працаваў з Андрэем Кузьнечыкам на пачатку 2000-х у «Нашай Ніве», яны сябравалі і нават наймалі разам кватэру.

«Для мяне гэта было адкрыцьцё: я бачыў чалавека, які абсалютна пагружаны ў беларушчыну, чалавека, які размаўляе па-беларуску, піша па-беларуску, зьбірае вакол сябе людзей беларускай культуры, стварае вакол сябе беларускі сьвет. Больш за тое, Андрэй стаяў на пачатку стварэньня артыкулаў у беларускай „Вікіпэдыі“, напісаў іх велізарную колькасьць.

Для мяне гэта абсалютна рознабаковы чалавек, які яшчэ і любіць беларускую музыку, зьбірае яе. Напрыклад, першыя папулярныя беларускія песьні.

Галоўныя рысы Андрэя — апантанасьць, упартасьць. А яшчэ ён велізарны рамантык. Усё, што ён робіць у жыцьці, усё ідзе ад сэрца.

Па адукацыі ён ледзь не адзіны перакладчык (акрамя ягонага выкладчыка) са славенскай мовы на беларускую. Выбраць мову, якой амаль ніхто не карыстаецца, — гэта каханьне, гэта ад сэрца, гэта не прагматызм і не разьлік», — узгадваў Андрэй Лянкевіч пра Кузьнечыка.

Андрэй Кузьнечык падчас паездкі ў Славенію

Выкладчыца славенскай мовы Інэса Кур’ян узгадвае, што тады былі лічаныя адзінкі студэнтаў, што абралі яе для вывучэньня.

«Дый сёньня, мабыць 3-4 чалавекі на ўсю Беларусь яе ведаюць. Андрэй вельмі захапіўся тады, а я яе выкладала ў БДУ, і нас запрашаў Люблянскі ўнівэрсытэт на летні курс славенскай мовы.

Вось сапраўды даводзілася езьдзіць на перакладных, часам на мясцовых электрычках. Але праз цудоўныя гарады — Варшаву, Будапэшт! Чаму ж не любіць славенскую — вельмі цікавая мова і краіна!» — кажа Інэса Кур’ян.

Андрэй Кузьнечык, архіўнае фота

Колаўторквалка

Андрэй— заўзяты раварыст, аматар-валянтэр, рэдактар OpenStreetMap (адкрыты картаграфічны рэсурс у інтэрнэце, дзе кожны можа пазначаць аб’екты на агульнадаступнай мапе. — РС). З 2007 году вёў свой пазытыўны беларускамоўны блог, у якім прапагандаваў язду на ровары. Адзін з пачынальнікаў роварнага руху ў Беларусі: езьдзіў, пракладаў маршруты, фатаграфаваў, рабіў відэа, дзе можна праехаць. Нават езьдзіў на радзіму сваёй жонкі па полацкай трасе, у Бягомль.

Сябар Андрэя Кузьнечыка Мікалай узгадвае, што той быў адным з пачынальнікаў роварнага руху ў Беларусі: езьдзіў, пракладаў маршруты, фатаграфаваў, рабіў відэа, дзе можна праехаць.

«Андрэй вёў роварны блог, маляваў мапы зручных роварных маршрутаў. Ён склаў гумарыстычныя „Правілы выжываньня пешаходаў“. У 2008 ён падлічыў роварныя паркоўкі, іх было штук 10. На ягоныя заўвагі і рэкамэндацыі гарадзкія ўлады рэагавалі.

Была такая гульня спартовая па арыентаваньні на роварах па Менску „Адрыў“, дзе мы зь ім даволі часта перасякаліся. Ён заўсёды быў нашым асноўным супернікам. Мы шпарка носімся па горадзе, толькі прыяжджаем — а ён ужо адтуль зьяжджае і нікуды не сьпяшаецца. То бок ведаў, дзе кароткая дарога.

Андрэй прыдумаў слова „колаўторквалка“, і ў раёне Куйбышава-Кульман на паркоўцы нават шыльдачка была з гэтай назвай.

Заўсёды было цікава чытаць, як ён вандраваў па Беларусі, гэта вельмі натхняла. Ролікі выкладваў, калі зьявілася першая роварная дарожка ўздоўж Сьвіслачы», — узгадвае Мікалай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Не хлусі. Не крадзі. Не забівай». Турэмныя вершы беларускіх палітвязьняў 

«Тата „на ўдалёнцы“»

За некалькі дзён да дня народзінаў Андрэя ў Наваполацкай калёніі адведала сям’я: жонка Алеся, 10-гадовая дачка Яніна і 4-гадовы сын Мацьвей.

«Раз на паўгода Андрэй мае шанец пачаставацца дамашняй ежай ды пагуляць трохі са сваімі дзецьмі... Мацьвей спачатку адмовіўся ад роднасных сувязей з гэтым схуднелым лысым чалавекам, але пасьля здаўся і весела гойсаў у таты на плячах. Тое, што дзіцячы давер трэба штораз заваёўваць наноў, было для Андрэя непрыемным сюрпрызам. Але ён сам прызнае, што тата „на ўдалёнцы“, які бачыць сына два дні на год у лепшым выпадку, ня можа добра яго разумець.

Яніна пачала цікавіцца літаратурай, ёй тата раіць кнігі з нашай дамашняй бібліятэкі, якія ён сам набываў калісьці. Яго ўласная паэтычная творчасьць была адзначана сёлета прэміяй, аднак самая лепшая ўзнагарода для яго — дружныя і вясёлыя дзеці, для сувязі зь якімі ён і піша свае вершы», — так апісвае свае ўражаньні ад доўгатэрміновага спатканьня Андрэева жонка Алеся.