У звароце адзначаецца, што пасьля ўзгараньня ў Чырвоным касьцёле ён ужо другі год закрыты для вернікаў, для правядзеньня літургічных набажэнстваў, апячатаны і чакае рэстаўрацыі. У СМІ і тэлебачаньні ўжо некалькі разоў прайшла інфармацыя пра заплянаваны рамонт.
«Увесь прыход касьцёла Сьвятога Сымона і Сьвятой Алены, які налічвае каля 10 000 прыхаджан, і мінчан[е], якія наведвалі духоўныя канцэрты арганнай музыкі, выставы, гатовы далучыцца і дапамагчы ў працах па аднаўленьні пашкоджаньняў, каб сьвятыня зноў славіла Госпада і суцяшала людзей», — гаворыцца ў звароце.
На дадатак да звароту апублікавалі фота касьцёла да і пасьля пажару.
«Робім гэта для таго, каб пераканаць гарадзкія ўлады, што мы зможам у кароткі тэрмін аднавіць усе пашкоджаньні і вярнуць Сьвятыні годны выгляд, і надалей сумленна клапаціцца пра яе», — гаворыцца ў звароце.
Касьцёльны камітэт зьвярнуўся да ўладаў, «ад якіх залежыць лёс Храму», з просьбай, адкрыць яго вернікам для малітвы.
«Просім дзяржаўныя ўлады: зрабіце падарунак нам, вернікам, усім гараджанам і гасьцям сталіцы — радасьць Калядна-Навагодняга цуду — вярніце нам Божы храм!» — сказана ў звароце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Парафія менскага Чырвонага касьцёла, закрытага ўжо 15 месяцаў, апублікавала ліст «чараўніку Аляксандру Рыгоравічу»Што адбываецца з Чырвоным касьцёлам
- Чырвоны касьцёл закрыты на рамонт пасьля пажару, які здарыўся ў ноч на 26 верасьня 2022 году. Была пашкоджаная маёмасьць на плошчы каля 20 кв. м, людзі не пацярпелі.
- Улады закрылі будынак да аднаўленьня пашкоджаных пажарам камунікацый і «атрыманьня вынікаў інструмэнтальных дасьледаваньняў будаўнічых канструкцый».
- 6 кастрычніка ўлады скасавалі дамову бязвыплатнага карыстаньня будынкам касьцёла. 14 кастрычніка стала вядома, што ўлады забаранілі парафіі адпраўляць службы ў плябаніі, а 9 лістапада — у асобных памяшканьнях і дворыку касьцёла.
- 1 сьнежня курыя Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі прызначыла ксяндза Юрыя Санько адміністратарам парафіі ў пытаньнях рамонту і рэстаўрацыі, ксёндз Уладзіслаў Завальнюк застаўся пробашчам. Грамаду парафіі Св. Сымона і Алены часова разьмеркавалі ў архікатэдральны касьцёл Найсьвяцейшай Панны Марыі.
- Чырвоны касьцёл мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці Беларусі і афіцыйна належыць дзяржаве. У 2013 годзе яго перадалі ва ўласнасьць Менску. Парафія Сьвятых Сымона і Алены займала будынак касьцёла і дом сьвятара на падставе дамовы аб бязвыплатным карыстаньні, заключанай з прадпрыемствам «Менская спадчына».
- Некалькі гадоў таму гарадзкія ўлады заявілі, што ў парафіі назьбіралася істотная запазычанасьць у зямельным падатку, падатку на нерухомасьць і амартызацыю. Паводле інфармацыі ініцыятывы «Хрысьціянская візія», пасьля інцыдэнту парафію прымусілі пагасіць запазычанасьць — у якасьці адной з умоваў аднаўленьня эксплюатацыі касьцёла.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: КПП ля вялікіх храмаў, відэаназіраньне і кантроль ДАІ: міліцыя перайшла на ўзмоцнены варыянт службы на калядныя выходныя ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэканструкцыю закрытага ўладамі Чырвонага касьцёла абяцаюць пачаць у І квартале 2024 году