Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КПП ля вялікіх храмаў, відэаназіраньне і кантроль ДАІ: міліцыя перайшла на ўзмоцнены варыянт службы на калядныя выходныя


Архіўнае ілюстрацыйнае фота
Архіўнае ілюстрацыйнае фота

Беларуская міліцыя пераходзіць на ўзмоцнены варыянт службы падчас надыходзячых калядных выходных, паведамілі ў прэс-службе МУС Беларусі.

«У калядныя выходныя супрацоўнікі органаў унутраных спраў будуць несьці службу ва ўзмоцненым рэжыме», — гаворыцца ў паведамленьні ведамства.

Каля храмаў, дзе будуць праводзіцца богаслужэньні зь вялікай колькасьцю вернікаў, міліцыя ўсталюе кантрольна-прапускныя пункты, а за прылеглымі тэрыторыямі арганізуецца назіраньне з прымяненьнем відэасыстэмаў.

Як адзначаецца ў паведамленьні МУС, «на асаблівым кантролі» таксама будуць дарогі каля касьцёлаў: інспэктары ДАІ стануць пільна сачыць за выкананьнем грамадзянамі правілаў паркоўкі, стаянкі і спыненьня машын, парушэньнямі правілаў дарожнага руху пешаходамі.

5 сьнежня Каляды ў Беларусі сьвяткуюць каталікі, уніяты і пратэстанты.

  • Калі ў 2020 годзе многія прадстаўнікі цэркваў падтрымалі пратэстоўцаў, выказваліся супраць гвалту, у Беларусі пачаўся перасьлед сьвятароў.
  • Вядома прынамсі пра некалькі дзясяткаў сьвятароў і пастараў сярод каталікоў, праваслаўных і пратэстантаў, якіх затрымлівалі пасьля пратэстаў 2020 году. Толькі за 2022 год іх было ня менш за 24. На некалькі чалавек завялі крымінальныя справы. Былі выпадкі, калі пратэстантаў затрымлівалі цэлымі сем’ямі.
  • Увосень 2022 году закрылі для любых наведваньняў Чырвоны касьцёл у Менску, адзін з галоўных цэнтраў каталіцкага жыцьця. Прычынай улады назвалі начны пажар у будынку. Вернікаў і сьвятароў некалькі месяцаў не пускалі ў сьвятыню, хаця пашкоджаньні былі лякальнымі. У парафіі закрытага ўжо 15 месяцаў менскага Чырвонага касьцёла, у якой каля 10 тысяч чалавек, застаецца толькі маленькая плябанія, адключаная ад камунікацый, вернікам даводзіцца прывозіць туды ваду. Парафія ня раз зьвярталася да вышэйшых чыноўнікаў Беларусі, але просьбы аб адкрыцьці храма заставаліся без адказу.
  • Сёлета 20 чэрвеня экскаватарамі разбурылі будынак пратэстанцкай царквы «Новае жыцьцё» у Менску. 17 кастрычніка Менскі гарадзкі суд зьліквідаваў рэлігійную грамаду хрысьціянаў поўнага Эвангельля «Новае жыцьцё»; інфармацыйныя рэсурсы «Новага жыцьця» прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі».
  • Празь перасьлед зь Беларусі ў Польшчу выехалі вядомы каталіцкі сьвятар і блогер ксёндз Вячаслаў Барок з Расонаў, ксёндз Дзьмітры Прыступа з Ляхавічаў, ксёндз Андрэй Вашчук зь Віцебску, які правёў месяц на «сутках» у 2022 годзе, ксёндз-паляк Анджэй Бульчак, які служыў у Паставах, і выехаў на радзіму пасьля допыту ў міліцыі пра ролік у падтрымку Ўкраіны ў 2022 годзе.
  • Сёлета ў траўні атрымаў розгалас выпадак, калі маладога ксяндза з Наваградку хацелі прызваць у войска. Таксама былі выпадкі, калі сілавікі спрабавалі публічна дэскрыдэтаваць некаторых каталіцкіх сьвятароў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG