На ўваходзе ў сабор Сьвятога Францішка Ксавэрыя на сьвяточнай імшы 24 сьнежня працаваў АМАП у экіпіроўцы зь мэталашукальнікамі. Пра гэта стала вядома Hrodna.life.
Раней міліцыя папярэджвала, што «забясьпечыць парадак» у пэрыяд калядных набажэнстваў.
«На тэрыторыі Горадзенскай вобласьці пройдуць набажэнствы, удзел у якіх прыме вялікая колькасьць грамадзян. Для забесьпячэньня грамадзкага парадку паблізу храмаў будуць несьці службу супрацоўнікі міліцыі», — паведамлялі сілавікі.
Таксама яны зьбіраліся кантраляваць дарогі і шукаць нецьвярозых кіроўцаў і прасілі паведамляць аб падазроных прадметах.
2023 год адзначыўся ў Беларусі вялікімі рэпрэсіямі супраць вернікаў і сьвятароў, ня толькі каталіцкіх, але і пратэстанцкіх, а таксама прадстаўнікоў іншых канфэсій і напрамкаў. У прыватнасьці, у Менску ў вернікаў фактычна забралі Чырвоны касьцёл — самы знакаміты каталіцкі храм краіны, спаслаўшыся на неабходнасьць яго рамонту. Шэраг сьвятароў прайшлі праз арышты і допыты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Папа Францішак: «Хрыстус глядзіць не на лічбы, але на твары» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская пажадала беларусам «міра, дабра і сьвятла». Лукашэнка віншаваў вернікаў з Калядамі на фоне рэпрэсій сьвятароў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэканструкцыю закрытага ўладамі Чырвонага касьцёла абяцаюць пачаць у І квартале 2024 году