У Беларусі ў 2023-м сабралі амаль на 10% менш збожжа, чым летась. Міністэрства спаслалася на «экстрэмальнае надвор’е»

Ілюстрацыйнае фота

Падзеньне ўраджаю ў Беларусі ўрад патлумачыў кліматычнымі праявамі.

У Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчаваньня расказалі пра ўраджай 2023 году.

Сяўба азімых збожжавых культур на зерне ў сельскагаспадарчых арганізацыях Беларусі ў 2023 годзе праведзена на 1504,5 тыс. га (101% да ўзроўню 2022 году). Азімыя крыжакветныя на зерне пасеяныя на 429,6 тыс. га (97% да ўзроўню 2022 году).

Збожжа з улікам кукурузы сабралі 7574,7 тысячы тон. Гэта на 9,3% менш, чым у 2022-м.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі ўвялі ліцэнзіі на вываз збожжа, але і іх могуць ня выдаць, калі на ўнутраным рынку будзе нястача

У міністэрстве праблемы з ураджаем патлумачылі кліматычнымі ўмовамі.

«Экстрэмальныя ўмовы надвор’я і клімату, якія склаліся ў гэтым годзе, у прыватнасьці павышанае выпадзеньне ападкаў (больш за 300% да нормы) і паніжаныя тэмпэратуры паветра і глебы ў вясновы пэрыяд, а таксама працяглая адсутнасьць ападкаў у траўні-чэрвені, адбіліся на ўраджайнасьці шэрагу сельскагаспадарчых культур», — перадае БелТА са спасылкай на міністэрства.

Гародніны сёлета сабралі таксама менш, чым летась — на 6,8%, ягад і пладоў — на 3,5%, а ільновалакна — толькі 78,2%.

Пра посьпехі адрапартавалі ў сфэры збору бульбы, якой сёлета на 8,7% больш, чым летась. Рапсу сабралі больш на 11,5%, цукровых буракоў — на 12,7%.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Белстат агучыў сярэдні заробак працаўнікоў сельскай гаспадаркі. Мы параўналі яго з суседзямі