60 гадзінаў чаканьня. Сотні людзей правялі калядную ноч у чэргах на межах Беларусі

Ілюстрацыйнае архіўнае фота

Чэргі ў Польшчы, Літве і Латвіі перад памежнымі пераходамі за суткі крыху скараціліся, але людзі, якія сёньня мінулі мяжу і трапілі ў Беларусь, скардзяцца, што правялі ў чаканьні каля 60 гадзінаў.

Пра гэта пішуць у адмысловых Telegram-чатах, паведамляе тэлеканал Белсат.

Цяжкасьці на мяжы пачаліся тыдзень таму. Транспартная плынь традыцыйна павялічваецца напярэдадні сьвятаў, але такія чэргі сталіся сапраўднаю нечаканасьцю.

Паводле зьвестак польскіх памежнікаў, цяпер у Тэрэспалі даводзіцца чакаць 20 гадзінаў, каб трапіць у Беларусь. Аўтобусаў у чарзе няма.

«Агулам 61 гадзіна. Усім моцы і цярплівасьці ў гэтай дзікасьці», — пішуць у Telegram-чатах беларусы, якія сёньня мінулі мяжу праз Берасьце, і заклікаюць «заставацца людзьмі ў любой сытуацыі».

Уначы аўтобусы агулам праходзілі кантроль за 11 гадзінаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На беларуска-польскай мяжы вялікія чэргі ў абодва бакі, паведамляюць пра бойкі і сваркі. ВІДЭА

У такіх чэргах нэрвы шмат у каго не вытрымлівалі. Як паведамлялася, людзі скандалілі, ладзілі «дзяжурства», каб не пускаць «улезуноў», нават здараліся бойкі, некаторыя ж прадавалі свае месцы ў чарзе.

Пры гэтым іншыя асобы падаюць прыклад салідарнасьці. Сёньня ў чаце з’явілася абвестка аб прапанове бясплатнай ежы і гарачых напояў у Тэрэспалі.

Намесьнік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінэту, старшыня НАУ Павел Латушка ў сваім Telegram-канале паведаміў, што папрасіў польскія службы спрыяць беларусам, якія чакаюць на мяжы.

«Паводле нашых зьвестак, чарга сфармавалася праз наўмыснае стрымліваньне афармленьня на ўезд у Беларусь памежнымі і мытнымі службамі рэжыму Лукашэнкі», — напісаў Латушка.

На памежных пераходах з боку Літвы сітуацыя падобная. Тыя, хто сёння мінуў мяжу праз пункт «Шальчынінкай — Беняконі», пішуць, што прачакалі 47 гадзінаў. Больш за 40 гадзінаў — у чарзе перад пераходам «Мядзінінкай — Каменны Лог», у пункце «Лаворышкес — Катлоўка» — 37 гадзінаў.

Праходжанне праз адзіны пункт на мяжы з Латвіяй, «Патэрніекі — Грыгораўшчына», займае 36 гадзінаў.

На выезд зь Беларусі, паводле звестак Дзяржаўнага памежнага камітэту на 14:00, няма чэргаў ані легкавікоў, ані аўтобусаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суткі чаканьня, падаражаньне квіткоў удвая. Што адбываецца на межах Беларусі з Польшчай і Літвой перад сьвятамі