На пачатку імшы Францішак адзначыў, што нараджэньне Езуса адбылося ў кантэксьце «сусьветнага перапісу», і Эвангельле паказвае вялікі кантраст: «пакуль імпэратар лічыць жыхароў сьвету, Бог уваходзіць у яго амаль таемна; калі тыя, хто камандуе, спрабуюць далучыцца да вялікіх гістарычных дзеячаў, Кароль гісторыі выбірае шлях малога».
«Нашы сэрцы ў гэты вечар у Бэтлееме, дзе Князь міру ўсё яшчэ адкінуты пройгрышнай лёгікай вайны, з грукатам зброі, якая нават сёньня не дазваляе яму знайсьці месца ў сьвеце», — сказаў пантыфік.
Францішак заўважыў, што перапісы насельніцтва ва ўсім сьвеце выяўляюць занадта чалавечую нітку, якая праходзіць празь гісторыю: нітку сьвету, які імкнецца да ўлады і моцы, вядомасьці і славы, дзе ўсё вымяраецца посьпехам і вынікамі, лічбамі і паказьнікамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дыпляматычныя прадстаўнікі Латвіі, Літвы, Польшчы, Швэцыі і Эстоніі запісалі калядны відэазварот да беларусаў«Гэта апантанасьць эфэктыўнасьцю», — сказаў ён, паказваючы на Езуса, Які зьяўляецца не ідалам эфэктыўнасьці, а Богам уцелаўленьня.
«Ён зрынае несправядлівасьць ня зьверху сілай, але зьнізу любоўю; Ён не ўваходзіць зь неабмежаванай уладай, але спускаецца ў нашы абмежаваньні; Ён не пазьбягае нашых слабасьцяў, але прымае іх», — заўважыў Сьвяты Айцец.
Ён перасьцярог ад перажываньня Божага Нараджэньня зь язычніцкім вобразам Бога — бог, створаны на наш вобраз, карысны толькі для вырашэньня нашых праблем і ліквідацыі нашых няшчасьцяў. Папа заклікаў адмовіцца ад «мірской ідэі аб далёкім і кантралюючым Богу, суровым і магутным, які дапамагае сваім трыюмфаваць над іншымі».
«Хрыстус глядзіць не на лічбы, але на твары», — сказаў Папа і заахвоціў сваіх слухачоў не паддавацца шалёнаму парыву сьвету, заўсёды занятага і абыякавага.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эскізы алтарных росьпісаў менскага Чырвонага касьцёла выкупілі беларусы замежжа«У Бэтлееме, у той час як многія людзі, ахопленыя вар’яцтвам перапісу, прыходзілі і сыходзілі, напаўняючы гасьцініцы, размаўляючы пра тое і гэта, некаторыя былі блізкія да Езуса: Марыя і Юзаф, пастухі, а потым мудрацы. Мы вучымся ў іх. Яны стаяць з позіркам, скіраваным на Езуса, сэрцам зьвернутым да Яго. Яны не гавораць, але аддаюць пашану», — зьвярнуў увагу пантыфік.
«У гэтую ноч любоў перамяняе гісторыю», — сказаў на заканчэньне сваёй гаміліі Францішак і заклікаў: «Учыні, Пане, каб мы паверылі ў моц Тваёй любові, якая так адрозьніваецца ад сілы сьвету. Учыні, каб мы, як Марыя, Юзаф, пастухі і мудрацы, сабраліся вакол Цябе, каб ушаноўваць Цябе. Празь Цябе, прыпадобніўшыся да Цябе, мы зможам сьведчыць сьвету пра прыгажосьць твайго аблічча».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ватыкан дазволіў каталіцкім сьвятарам дабраслаўляць аднаполыя пары, але не вянчаць іх