«Чарговыя Каляды наш беларускі карэспандэнт правядзе за кратамі. Мы верым, што Анджэй хутка будзе на волі», — напісаў новапрызначаны міністар замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі ў «Газэце Выборчай». Міністар замежных спраў Польшчы таксама адзначыў:
«Анджэй — журналіст, юрыст, папулярызатар гісторыі, актывіст Саюзу палякаў у Беларусі — знаходзіцца ў турме, бо хацеў, каб яго краіна была свабоднай. І ў выніку стаў асабістым ворагам прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. За гэта яго асудзілі на 8 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
Анджэй Пачобут — паляк у Беларусі — патрыёт сваёй беларускай краіны, які спалучае лепшае з нашай агульнай спадчыны. Для ўсіх нас ён стаў сымбалем незалежнага духу і веры ў ідэю свабоды. Ён сядзіць у турме, бо яго баіцца рэжым Лукашэнкі. Тое, што гэты шанавальнік польскай і беларускай культуры, які апявае нашу пераплеценую гісторыю, быў асуджаны, між іншым, за распальваньне нацыянальнай варожасьці, — гэта злоба аўтакратаў».
«Мы верым, што Анджэй хутка будзе на волі, бо, як ён сам сказаў: „нічога дрэннага не рабіў, закон не парушаў, нікуды не ўцячэ і дома“», — напісаў Радаслаў Сікорскі.
Беларускага карэспандэнта «Газэты Выборчай» Анджэя Пачобута арыштавалі 25 сакавіка 2021 году на хвалі рэпрэсій пасьля здушэньня некалькі месяцаў раней рэжымам Аляксандра Лукашэнкі рэвалюцыі годнасьці. Цяпер журналіст у зьняволеньні. Улады, каб зламаць Анджэя, адразу па прыбыцьці ў калёнію кінулі яго ў карцар, нядаўна зноў абмежавалі права пісаць лісты і атрымліваць пасылкі. Нягледзячы на кепскі стан здароўя, яму не даюць лекаў.
Рэдакцыя «Gazeta Wyborcza» патрабуе ад беларускіх уладаў неадкладна вызваліць іхнага калегу:
«Мы ўвесь час просім польскія ўлады, міжнародныя арганізацыі і ўсю дэмакратычную супольнасьць аказаць ціск на Беларусь у справе Анджэя. Каб пра Анджэя не забывалі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міхнік — Пачобуту: «Ты выратаваў ад Лукашэнкі найважнейшае — унутраную свабоду, праўду і чалавечую годнасьць»Адам Міхнік, галоўны рэдактар «Gazeta Wyborcza», якая друкавала артыкулы Анджэя Пачобута, напісаў, што зь яго глядзіць «гонар і высакароднасьць даўніх палякаў».
«Я б яшчэ дадаў слова „непахіснасьць“», — сказаў Міхнік.
З заклікам вызваліць Анджэя Пачобута зьвярнуліся Сэйм і Сэнат Польшчы, Эўрапарлямэнт і інстытуты Эўразьвязу. Гэтага дамагаецца МЗС Польшчы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навіны палітвязьняў: Пачобута пазбавілі перадачы і спатканьня ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адам Міхнік у інтэрвію Свабодзе: «У Беларусі так, як калі б у ЗША прэзыдэнтам стаў Аль Капонэ». ВІДЭА