Другі энэргаблёк Беларускай АЭС зьбіраліся запусьціць яшчэ ўлетку 2022 году, але гэта адклалася да лістапада 2023-га. Bloomberg у сваім матэрыяле называе сярод іншых прычын такой затрымкі праблему з рэактарам: у першы контур рэактара трапілі іёнаабменныя смолы. Пра такое здарэньне ўжо раней паведамляла літоўская выведка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Bloomberg: Дакумэнты «Росатома» раскрываюць пагрозу аварыі на АЭС у АстраўцыBloomberg паўтарае гэтую інфармацыю, але ўжо са спасылкай на дакумэнтацыю карпарацыі «Росатом», якая будавала беларускую АЭС.
Што адбылося на АЭС
Паводле фізыка-ядзершчыка, актывіста беларускай антыядзернай кампаніі Андрэя Ажароўскага, калі смолы трапляюць у першы контур ахалоджаньня рэактара — гэта няштатная сытуацыя, але не катастрофа. Пра выхад радыяактыўных рэчываў у паветра гаворкі няма.
«Гэта даволі сур’ёзная няштатная сытуацыя, якая зьвязаная і зь бясьпекай працы энэргаблёку, і з эфэктыўнасьцю ягонай працы. Публікацыя Bloomberg пацьвердзіла ранейшыя паведамленьні літоўскай выведкі і незалежных СМІ. Гэта тлумачыць адкладаньне пуску. Чысьціня першага контуру рэактара — умова працы станцыі, калі там нешта лішняе, ён ня можа працаваць. Якасьць вады першага контуру дазваляе працаваць рэактару», — кажа Андрэй Ажароўскі.
У чым прычына
Андрэй Ажароўскі называе дзьве прычыны, зь якіх вада першага контуру рэактара магла быць забруджана смоламі. Гэта альбо недасканаласьць праекту рэактара, альбо праблемы з эксплюатацыяй.
«Калі праблема з праектам, то трэба мяняць праекты ўсіх станцый такога тыпу ад „Росатома“. Гэта, магчыма, таксама „невялікае паляпшэньне“, якое прыдумалі ўжо на беларускай станцыі. Там жа было шмат парушэньняў ужо. Маглі парушыць нейкія першапачатковыя інструкцыі», — кажа Андрэй Ажароўскі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Краіны Канвэнцыі Espoo заявілі аб невыкананьні Беларусьсю абавязаньняў у эксплюатацыі БелАЭСУ чым небясьпека
Дакладна не вядома, колькі лішняга рэчыва трапіла ў першы контур рэактара. Яго задача — адводзіць цяпло ад цеплавыдзяляльных элемэнтаў. Для гэтага выкарыстоўваюць трубкі таўшчынёй некалькі мілімэтраў.
«Гэта сыстэма, якая добра прамываецца вадой. Калі там нешта будзе залеплена малым камячком смалы — гэта можа парушыць цеплааб’ём і стварыць умовы для лякальнага павышэньня тэмпэратуры, растрэскваньня трубачак, іх паломкі. Гэта як у чыстую ваду выліць лыжку сланечнікавага алею. Дробныя лякальныя перагрэвы — гэта шлях да таго, каб трубачка разарвалася ці зламалася, тады вада першага контуру забруджваецца яшчэ мацней. Калі зусім проста — гэта пагаршае ўмовы цеплаб’ёму. Апэратар, які сочыць за працэсам, можа нават не заўважыць гэтага, на кожнай трубачцы няма датчыка», — кажа экспэрт.
Што кажуць улады
Сёлета ў сакавіку Лукашэнка прызнаў праблему зь Беларускай АЭС.
«Мы нічога не хавалі і хаваць не зьбіраемся, што былі пэўныя недахопы ў будоўлі атамнай станцыі, якія вельмі апэратыўна ўстараняліся нашымі і расейскімі будаўнікамі. Зацягваньне тэрмінаў зьвязана з тым, што мы сапраўды прад’яўляем вельмі высокія патрабаваньні да бясьпекі. Лепш на паўгода-год пазьней, чым недзе нешта недапрацаваць», — сказаў Лукашэнка ў сакавіку 2023 году.
Пасьля публікацыі Bloomberg наконт Беларускай АЭС выказаўся таксама і прэс-сакратар Пуціна Дзьмітры Пяскоў. Ён сказаў, што здарэньне на АЭС «нельга назваць няштатнай сытуацыяй, бо там праводзіліся пуска-наладачныя працы». Больш падрабязнасьцяў ён не паведаміў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Мінэнэрга Беларусі і Крамлі пракамэнтавалі інфармацыю агенцтва Bloomberg пра небясьпеку АЭС у АстраўцыТэрміны ўводу ў эксплюатацыю Беларускай АЭС некалькі разоў пераносіліся, АЭС выпрацавала ў 2,5 раза менш энэргіі, чым першапачаткова плянавалі чыноўнікі. За час сваёй працы першы энэргаблёк беларускай АЭС спыняўся некалькі дзясяткаў разоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта правальныя паказчыкі». Беларуская АЭС у чаканьнях уладаў і ў рэальнасьці