Такую пэтыцыю разьмясьцілі на сайце change.org.
«На працягу апошніх месяцаў мы ўсё часьцей чуем на публічных і непублічных пляцоўках заклікі дэлегатаў Каардынацыйнай рады да пачатку перамоваў з Лукашэнкам аб вызваленьні зьняволеных у абмен на прызнаньне імі сваёй віны за іх палітычную пазыцыю з умовай прызнаньня легітымнасьці рэжыму, у абмен на поўнае ці частковае эканамічных санкцый з падкантрольных яму бізнэсаў, у абмен на адмову ад палітычнага ціску на незаконны рэжым з боку міжнароднай супольнасьці», — сьцьвярджаецца ў пэтыцыі.
Сярод іншага таксама выказваецца занепакоенасьць «распаўсюджваньнем у КР карупцыйных практык, якія выяўляюцца ў частых адмовах ад сумленнай дыскусій, у кансэрвацыі рашэньняў у вузкім коле лідэраў палітычных фракцый, у адкрытым канфлікце інтарэсаў пры фармаваньні арганізацыйнага камітэта па выбарах у трэці склад КР, у атрыманьні дэлегатамі фінансавай выгады ў Каардынацыйнай радзе праз непразрыстыя схемы».
Аўтары заклікаюць іншых дэлегатаў другога складу КР датэрмінова скласьці паўнамоцтвы, «нацыянальнага лідэра Сьвятлану Ціханоўскую, сьпікера Каардынацыйнай рады Андрэя Ягорава, віцэ-спікера Алену Жываглод, прадстаўнікоў Аб’яднанага пераходнага кабінета стварыць групу з прафэсіяналаў і экспэртаў для фармаваньня трэцяга складу Каардынацыйнай рады і прыняцьця ўзгодненага палажэньня па выбарах у яе трэці склад у адпаведнасьці са Статутам у выніку бясьпечнага, простага і таемнага галасаваньня ўсіх грамадзян Беларусі».
Пэтыцыю падпісалі дэлегаты Радзівон Бягляк, Дарʼя Дзергачова, Уладзімір Жыгар, Арцём Лядоўскі, Ірына Маклейн, Галіна Мацюшына, Міхаіл Рубін, Міхаіл Таўбэ, Алена Турава.
У сувязі са зьяўленьнем пэтыцыі Народнае антыкрызіснае ўпраўленьне выказала сваю пазыцыю па сытуацыі.
«Мы лічым, што прычына крызісу ў КР другога складу была закладзеная яшчэ на этапе яго рэфармаваньня праз працэдуру дэлегаваньня. Мы выступаем за прамыя выбары ў Каардынацыйную раду без квот для дэлегаваньня», — гаворыцца ў рэлізе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дэмакратычныя сілы прапанавалі праект Стратэгіі пераходу да Новай Беларусі. Што ён прадугледжваеПадрыхтоўка да выбараў у КР, якія адбудуцца ўпершыню, пачалася ўвосень.
8 сьнежня апублікавалі праект выбарчай сыстэмы па выбарах у КР, зь якога вынікае, што прапанавана прапарцыйная выбарчая сыстэма з закрытымі сьпісамі выбарчых субʼектаў. 15% месцаў (18 мандатаў са 120) прадугледжана для дэлегатаў ад арганізацый грамадзянскай супольнасьці. «Гэтыя месцы займаюцца на аснове выбараў сярод арганізацый грамадзянскай супольнасьці», — гаворыцца ў праекце.
28 лістапада адбылася хваля ператрусаў па месцы беларускай рэгістрацыі і ў сваякоў прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў Беларусі, зьвязаных з КР. Паводле інфармацыі МУС, праведзена больш за 130 ператрусаў, вынесена 145 пастаноў аб арышце маёмасьці.
Сьледчы камітэт паведаміў, што па справе ў якасьці падазраваных праходзіць больш за 100 чалавек. Ім інкрымінуюцца ч. 1 арт. 357 (змова ці іншыя дзеяньні з мэтай захопу дзяржаўнай улады) і ч. 3 арт. 3611 (стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім) Крымінальнага кодэкса Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пачаўся Стратэгічны дыялёг ЗША зь беларускімі дэмакратычнымі сіламі. Што ў праграме?