Заходнія краіны цяпер актыўна вывучаюць спосабы канфіскацыі замарожаных расейскіх актываў на карысьць Украіны, паведамляе газэта Financial Times.
Сьцьвярджаецца, што ў апошнія тыдні ЗША ў прыватных перамовах займаюць больш настойлівую пазыцыю наконт канфіскацыі замарожаных расейскіх актываў. На пасяджэньнях «Вялікай сямёркі» ЗША сьцьвярджаюць, што існуе шлях да канфіскацыі актываў, які «адпавядае міжнароднаму праву».
«Чальцы „Вялікай сямёркі“ і іншыя дзяржавы могуць канфіскаваць актывы Расеі ў якасьці контрмеры, каб заахвоціць Расею спыніць агрэсію», — гаворыцца ў дакумэнце ўраду ЗША, зь якім азнаёмілася газэта.
Афіцыйны прадстаўнік ЗША заявіў Financial Times, што Вашынгтон вядзе актыўныя перамовы наконт выкарыстаньня расейскіх актываў і лічыць, што рашэньне трэба прыняць у кароткія тэрміны. Гэтае пытаньне могуць абмеркаваць на магчымай сустрэчы лідэраў «Вялікай сямёркі», прымеркаванай да другой гадавіны расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Politico: У Эўразьвязе замарозілі расейскія актывы на суму каля 68 млрд эўраАдзначаецца, што актывізацыя перамоваў выкліканая тым, што ў апошнія тыдні сарвалася выдзяленьне двух пакетаў фінансавай дапамогі для Ўкраіны на суму больш за 100 мільярдаў даляраў: бо рэспубліканцы ў Кангрэсе ЗША і прэм’ер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан на саміце Эўразьвязу выступілі супраць фінансаваньня Кіева (14 сьнежня Вугоршчына зноў заблякавала выдзяленьне Эўразьвязам эканамічнай дапамогі Ўкраіне ў памеры 50 мільярдаў эўра).
У заходніх краінах замарожана каля 300 мільярдаў даляраў рэзэрваў Цэнтральнага банка Расеі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эстонія зьбіраецца першай у Эўразьвязе перадаць замарожаныя актывы Расеі Ўкраіне