«Я ад вас далёка...». Гісторыі беларускіх уцекачоў у Міжнародны дзень мігрантаў

Паводле ААН, міжнародных мігрантаў у сьвеце больш за 300 мільёнаў чалавек. Кожны восьмы зь іх — дзіця. У Міжнародны дзень мігрантаў Свабода прыгадвае беларускіх уцекачоў.

«Я ад вас далёка, бацькаўскія гоні,— / На чужое неба ўжо гляджу сягоньня. / Але думкай, сэрцам толькі вас я знаю, / Як і жыў, жыву я ў сваім родным краю», — пісаў у 1910 годзе ў Пецярбургу будучы беларускі клясык Янка Купала.

Паводле розных падлікаў, пасьля прэзыдэнцкіх выбараў і найбуйнейшых у гісторыі Беларусі антыўладных пратэстаў, за якімі прыйшлі масавыя рэпрэсіі, краіну пакінулі да паўмільёна чалавек. Многія ратаваліся ад палітычнага перасьледу і пагрозы апынуцца ў зьняволеньні на гады — за ўдзел у мірных пратэстах, падпіскі на незалежныя мэдыя, ахвяраваньні фондам ці проста «няправільныя» колеры адзеньня. Нехта «рэлякаваўся» за мяжу з ІТ-кампаніямі, якія сталі згортваць бізнэс у Беларусі. Хтосьці проста ня змог жыць і гадаваць дзяцей у атмасфэры татальнага страху і кантролю ў дзяржаве, якая падтрымлівае вайсковую агрэсію Расеі супраць Украіны.

Цягам году мы расказвалі вам драматычныя і шчымлівыя гісторыі беларусаў, якія страцілі родны дом і цяпер вымушаныя будаваць новы на чужыне. Вось некаторыя зь іх.

«Усё адно я вярнуся». Гісторыя лекара, які ў 2016-м пераехаў на радзіму продкаў у Беларусь, а пасьля мусіў эміграваць у Польшчу

Міхаіл Самборскі нарадзіўся ў Сібіры, куды саветы пасьля вайны выслалі яго рэспрэсаванага дзеда. А ўжо дарослым сямейным чалавекам пераехаў на зямлю продкаў, аб чым марыў усё жыцьцё. Шчасьце мужчыны працягвалася ўсяго некалькі гадоў. Пасьля ўдзелу ў пратэстах Міхаіл трапіў у распрацоўку КДБ, і пасьля пагрозаў уцёк у Польшчу разам зь сям'ёй.

«Здарыўся цуд: нам удалося ўцячы! Падрабязнасьці пра шляхі расказваць ня буду, ехалі мы ўсе паасобку. Кансьпірацыя была вельмі сур’ёзная. Сям’я праўда ня ведала, што я пляную. Урэшце апынуліся мы ў Армэніі. Два месяцы там знаходзіліся, зрабілі гуманітарныя візы і паляцелі ў Польшчу. Сям’я зразумела, як усё было сур’ёзна, толькі калі апынулася ўжо ў бясьпецы, не ў Расеі і не ў Беларусі. Усе зразумелі, што матэрыяльны дабрабыт, кватэра — гэта нішто ў параўнаньні са свабодай і бясьпекай».

Чытайце гісторыю Міхаіла Самборскага: «Усё адно я вярнуся». Гісторыя лекара, які ў 2016-м пераехаў на радзіму продкаў у Беларусь, а пасьля мусіў эміграваць у Польшчу

Як беларуская эмігрантка ў Польшчы, якая апякуецца дваімі ўнукамі, узяла пад апеку яшчэ двух беларускіх дзяцей

Ганна Канавалава, бабуля малых Вані і Насьці, бацькі якіх асуджаныя па палітычных артыкулах, узяла апеку яшчэ над двума беларусамі ў Польшчы.

Браты Марсэль і Тымур некаторы час таму пераехалі ў Варшаву з маці і атрымалі там міжнародную абарону. Але з прычыны кепскага сямейнага сацыяльнага становішча хлопцы апынуліся ў польскім дзіцячым доме. Адкуль іх і забрала Ганна Канавалава.

«Калі бабуля спытала, ці прымем мы двух беларусаў, мы нават ня ведалі, як яны выглядаюць, як іх завуць. Я адразу пагадзілася, таму што беларусам трэба дапамагаць. Гэта наш народ, і трэба адзін аднаму дапамагаць — гэта як адна вялікая сям’я», — кажа сямігадовая Насьця.


«Ну што, даскакалася?». Гісторыя жанчыны, якая ўцякла зь Беларусі адна з траімі дзецьмі і працуе на таксоўцы

Марыну Кіявец жорстка затрымалі ў 2022 годзе «за палітыку», пагражалі забраць дзяцей у прытулак. Муж жанчыну не падтрымаў. Беларуска ўзяла дзяцей і зьехала ў Польшчу. У 11-гадовага сына за мяжой пачаліся праблемы са здароўем, падазраюць аўтызм. Марына расказала Свабодзе, як незнаёмыя людзі дапамаглі ёй пераехаць, як яна працуе таксісткай у Беластоку і як перажывае імаверны дыягназ сына «аўтызм», які мог праявіцца на фоне стрэсу.

«Добра памятаю, як ён стаяў і з амапаўцамі сьмяяўся. Я стаю ў кайданках, на мяне накіраваныя аўтаматы, а ён сьмяецца. Калі мяне ўжо пасадзілі ў бус, двое з ГУБАЗіКу сядзелі наперадзе, збоку сядзеў адзін амапавец і ззаду чатыры. Падышоў муж да дзьверцаў і кажа: „Ну што, даскакалася?“. Для мяне гэта было жахліва».

Чытайце гісторыю Марыны Кіявец:

«Ну што, даскакалася?». Гісторыя жанчыны, якая ўцякла зь Беларусі адна з траімі дзецьмі і працуе на таксоўцы«Я плакала». Шматдзетная маці, якая працуе ў таксі ў Беластоку, расказала пра хвалю дапамогі пасьля публікацыі Свабоды

«Мы не маглі карыстацца карткамі, тэлефонамі, аўта». Гісторыя падпольнага жыцьця Нагорнай і Случака

Моўныя актывісты Аліна Нагорная і Ігар Случак выехалі зь Беларусі ў Вільню. Больш за два гады яны хаваліся ад сілавікоў, зьмянілі каля дзясятка кватэр і дамоў, не карысталіся банкаўскімі карткамі і мабільнікамі.

«Мы не маглі карыстацца нічым, што належыць нам: банкаўскімі карткамі і карткамі зьніжак, тэлефонамі, машынай. Часам нават мы не маглі карыстацца сваімі імёнамі, як у лякарнях. Мы не камунікавалі з многімі людзьмі, зь якімі хацелі, бо гэта нашы відавочныя кантакты. Не наведвалі месцаў, якія хацелі наведваць. Людзі, якія нешта робяць, пад вялізнай рызыкай у Беларусі. Многія паведамлялі нам прыватна, што іх завэрбавалі. Гэта цяпер масава робіцца ў Беларусі. Кола кантактаў было абмежаванае».

Чытайце гісторыю Аліны Нагорнай і Ігара Случака: «Мы не маглі карыстацца карткамі, тэлефонамі, аўта, часам нават сваімі імёнамі». Гісторыя падпольнага жыцьця Нагорнай і Случака. ВІДЭА

«Калі прадавалі пілу, я плакала». Майстрыха драўляных цацак расказала, як вывезла рамесную справу ў іншую краіну

Гарадзенка Кацярына Еўдакімава-Енджэеўская вырабляла драўляныя цацкі ў Беларусі амаль 6 гадоў і не плянавала выяжджаць зь Беларусі. Сёлета ўвесну яе мужа Аляксандра Енджэеўскага, былога актора горадзенскага тэатру лялек, звольненага ў 2021 годзе, затрымалі за падпіску на «экстрэмісцкія» каналы, некалькі дзён трымалі ў ізалятары. Пасьля гэтага яны сабраліся за два тыні і зьехалі ў Польшчу.

«У будаўнічых крамах я не падыходзіла і не глядзела цэны на станкі. Бо я разьвіталася са сваімі „дзяўчаткамі“ і „хлопчыкамі“ там. Я ведаю, што яны мне яшчэ доўга ня сьвецяць тут... Ад мяне адрэзалі вялізны кавалак і выкінулі як сьмецьце. Я не рабіла нічога кепскага, я рабіла якасны прадукт. Магчыма, вашыя дзеці таксама цешацца тым, што я рабіла для вас».

Чытайце гісторыю Кацярыны Еўдакімавай-Енджэеўскай: «Калі прадавалі пілу, я плакала». Майстрыха драўляных цацак расказала, як вывезла рамесную справу ў іншую краіну

«Ніводнага дня паасобку, акрамя працы і турмы». Гісторыя беларускі, якая ад каханьня села за стырно фуры

Ксенія Максімовіч у Беларусі працавала бухгальтаркай-лягісткай, яе муж — кіроўцам фуры. Калі пачалася вайна ва Ўкраіне, падчас рэфэрэндуму 27 лютага Ксенія і Яраслаў разам выйшлі на пратэст супраць вайны ў Менску. Сям’ю затрымалі і адправілі на Акрэсьціна на 13 дзён. Калі сужэнцы вызваліліся, то зразумелі, што заставацца ў Беларусі будзе небясьпечна. Асабліва калі ўлічыць, што яны шмат разоў выходзілі на маршы пратэсту яшчэ ў 2020-м.

«Падоўгу ня бачыць мужа — гэта вельмі цяжка. За 2022 год мы бачылі адно аднога толькі 38 дзён. І вось мы цяпер побач кожны дзень, але мне ўсё адно не хапае майго мужа. Нават калі ён сьпіць, я сумую. Бо так доўга мы ня бачыліся, што цяпер мне б той час дабраць. Мы столькі былі ў расстаньні, і толькі цяпер пачынаю насалоджвацца тым, што ён побач. Так што ў мяне добрая падтрымка, таму я і вучуся хутка».

Чытайце гісторыю Ксеніі Максімовіч: «Ніводнага дня паасобку, акрамя працы і турмы». Гісторыя беларускі, якая ад каханьня села за стырно фуры

Колькі людзей зьехала зь Беларусі пасьля 2020 году

З пачатку палітычнага крызісу зь Беларусі выехала мінімум 120 тысяч чалавек. Колькі насамрэч, ня ведае ніхто. Мы сабралі самыя сьвежыя зьвесткі пра эміграцыю зь Беларусі пасьля жніўня 2020-га па самых папулярных краінах і вызначылі, як выглядае партрэт беларускага эмігранта.