У міністэрстве абароны Румыніі заявілі аб чарговым падзеньні на тэрыторыі краіны зьбітага бесьпілётніка — імаверна, расейскага

Ілюстрацыйнае фота

У міністэрстве абароны Румыніі заявілі аб падзеньні на тэрыторыі краіны зьбітага ў ноч на чацьвер, 14 сьнежня, бесьпілётніка, падобна, расейскага. Сёлета гэта ўжо чацьвёрты выпадак выяўленьня абломкаў БПЛА на румынскай тэрыторыі.

Бесьпілётнік знайшлі каля гораду Грынду ў павеце Тульча, што за восем кілямэтраў ад украінскага порту Рэні, паведамляе «Настоящее время». На месцы падзеньня дрона, як адзначае ведамства, утварылася вырва глыбінёй 1,5 мэтра.

У міністэрстве абароны Румыніі паведамілі, што падчас сёньняшняй атакі расейскіх бесьпілётнікаў на Адэскую вобласьць сыстэма радыёлякацыйнага назіраньня румынскай арміі зафіксавала магчымае парушэньне паветранай прасторы краіны.

У сувязі з гэтым у паветра былі паднятыя зьнішчальнікі F-16 з 86-й авіябазы ў Фэтэшць і самалёты Eurofighter Typhoon ВПС Нямеччыны з 57-й авіябазы «Міхаіль Кагэльнічану».

Узброеныя сілы Румыніі пачалі расьсьледаваньне інцыдэнту .

«Міністэрства нацыянальнай абароны рашуча асуджае напады, учыненыя Расейскай Фэдэрацыяй на асобныя аб’екты і элемэнты цывільнай інфраструктуры ўкраінскіх партоў на Дунаі. Гэтыя напады неапраўданыя і сурʼёзна пярэчаць нормам міжнароднага гуманітарнага права», — гаворыцца ў паведамленьні ведамства.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея абстраляла аб'екты на Дунаі, у рэгіёнах РФ заявілі аб загінулых ад атак Украіны, у Румыніі зноў знайшлі дрон


У верасьні сёлета румынскія вайскоўцы тройчы знаходзілі на тэрыторыі краіны абломкі зьбітых дронаў. Так, 13 верасьня пошукавая група ВС Румыніі знайшла рэшткі зьбітага БПЛА побач з гарадамі Нуфэрул і Вікторыя ў павеце Тульча.

Упершыню абломкі расейскага БПЛА выявілі 4 верасьня ў раёне вёскі Пляўру — насупраць яе, на іншым беразе Дунаю, разьмешчаны Ізмаіл. Другі раз аб падзеньні абломкаў паведамілі 9 верасьня. Яны таксама былі знойдзены ў раёне Пляўру. Пасьля гэтага ўлады Румыніі пачалі будаваць бэтонныя бамбасховішчы на мяжы з Украінай. Пры гэтым у NATO, куды ўваходзіць Румынія, ня лічаць, што Расея наўмысна атакавала Румынію.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея абстраляла аб'екты на Дунаі, у рэгіёнах РФ заявілі аб загінулых ад атак Украіны, у Румыніі зноў знайшлі дрон
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Румыніі закрылі мытны пост на мяжы з Украінай пасьля чарговай расейскай атакі дронамі