Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея абстраляла аб'екты на Дунаі, у рэгіёнах РФ заявілі аб загінулых ад атак Украіны, у Румыніі зноў знайшлі дрон

абноўлена

Наступствы расейскіх абстрэлаў Канстанцінаўкі ў Данецкай вобласьці, 6 верасьня 2023. Ілюстрацыйнае фота
Наступствы расейскіх абстрэлаў Канстанцінаўкі ў Данецкай вобласьці, 6 верасьня 2023. Ілюстрацыйнае фота

У Расеі і Ўкраіне заявілі аб пацяпелых у выніку атак.

Расея ў ноч на 12 кастрычніка абстраляла з артылерыі больш за 100 населеных пунктаў Чарнігаўскай, Сумскай, Харкаўскай, Луганскай, Данецкай, Запароскай, Херсонскай. Яшчэ дзьве вобласьці — Мікалаеўская і Адэская — пацярпелі ад атак дронамі.

У сваю чаргу два губэрнатары расейскіх рэгіёнаў заявілі аб атаках дронамі з боку Ўкраіны. Абодва бакі паведамілі аб пацярпелых.

Расея атакавала прыпортавую інфраструктуру

Расея атакавала 16 дронамі Мікалаеўскую і Адэскую вобласьці.

На поўдні Адэсы бесьпілётнікі пацэлілі ў складзкія памяшканьні порту і прыватныя будынкі. Папярэдне вядома аб адным параненым мясцовым жыхары. Напярэдадні прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў аб намеры адкрыць сталы альтэрнатыўны марскому шляху калідор паставак сельскагаспадарчай прадукцыі з Украіны праз рачныя парты Адэскай вобласьці.

Улады Мікалаеўскай вобласьці паведамілі аб узгараньнях сухой травы ў выніку падзеньня аскепкаў дронаў. Інфармацыі аб ахвярах няма.

У апэратыўным камандаваньні Паветраных сіл Украіны ўдакладнілі, што Расея атакавала ўкраінскую тэрыторыю 33 дронамі. Іх запускалі з Белгарадзкай вобласьці і з анэксаванага Расеяй Крыму. Украінскія вайскоўцы змаглі зьбіць 28 бесьпілётных апаратаў.

У другой палове дня Міністэрства нацыянальнай абароны Румыніі паведаміла, што пасьля расейскага абстрэлу ўкраінскага рачнога порту на тэрыторыі румынскага павету Тульча зноў зафіксавалі падзеньне расейскага дрона. Праводзіцца расьсьледаваньне.

«Міністэрства нацыянальнай абароны рашуча асуджае атакі Расейскай Федэрацыі на асобныя аб'екты і элементы цывільнай інфраструктуры ва ўкраінскіх партах на Дунаі. Гэтыя напады неабгрунтаваныя і сур'ёзна парушаюць нормы міжнароднага гуманітарнага права», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні румынскага міністэрства.

У Бранскай вобласьці заявілі аб чатырох пацярпелых, у Белгарадзкай — аб трох загінулых

Губэрнатар Бранскай вобласьці Расеі Аляксандар Багамаз заявіў аб некалькіх атаках нібыта ўкраінскіх дронаў. Паводле яго, пацярпелі чатыры мясцовыя жыхары, пашкоджаньні атрымалі адміністрацыйныя будынкі, адзін прыватны дом і адзін аўтамабіль.

У Белгарадзкай вобласьці, паводле губэрнатара Вячаслава Гудкова, загінулі тры чалавекі, у тым ліку адно дзіця.

Кіраўнік расейскага рэгіёну паведаміў, што ў выніку падзеньня аскепкаў зьбітага бесьпілётніка адзін прыватны дом разбураны цалкам, яшчэ два пашкоджаныя. ⠀

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG