У 2023 годзе прырост беларускай эканомікі будзе каля 4% (за 11 месяцаў — 3,8%). Але ў наступным годзе прырост запаволіцца і складзе 2%, заяўляюць аналітыкі ЭАБР.
Аналітыкі лічаць, што эканамічны рост у 2023 годзе адбыўся таму, што прадпрыемствам удалося выстраіць новыя ланцужкі паставак, знайсьці новыя рынкі збыту, а таксама ад таго, што рос унутраны попыт — павялічыліся заработныя платы і крэдыты насельніцтву.
Але налета ня ўсе гэтыя фактары будуць дзейнічаць. Расея не павялічыць попыту на беларускую прадукцыю, ды і прамысловыя магутнасьці беларускай эканомікі і так задзейнічаныя блізка да ста працэнтаў. Да таго ж на сытуацыю накладаецца скарачэньне колькасьці працоўнай сілы ў Беларусі. Застаецца стымуляваць унутраны попыт. Але аналітыкі ЭАБР ня думаюць, што гэта ўдасца ў тых жа маштабах.
«Скарачэньне валютнай выручкі значна абмяжуе магчымасьці для стымулявання ўнутранага попыту. У гэтай сытуацыі для Беларусі значна падвышаецца рызыка рэцэсіі і скарачэньня заработных плат», паведамляецца ў аглядзе ЭАБР.
Што тычыцца інфляцыі, ЭАБР прагназуе яе паскарэньне ў Беларусі. У 2023 годзе яна па прагнозе ЭАБР складзе 5,2%, а ў 2024 годзе павялічыцца да 8%. Таксама, паводле прагнозу, беларускі рубель аслабне да 3,54 рубля за даляр ЗША (зараз курс рубля — 3,1 за даляр).
Прагнозы беларускага ўраду больш аптымістычныя. На іх думку, у наступным годзе эканоміка павінна вырасьці на 3,8%, а інфляцыя скласьці 6% за год.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Залежнасьць ад Расеі стала татальнай», — эканаміст Крук пра вынікі году ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нацыянальны банк: Рост рэгуляваных цэнаў апярэджвае агульную інфляцыю ў Беларусі