Сэнат ЗША ўхваліў рэкордныя выдаткі на абарону ў 886 мільярдаў даляраў

Будынак Кангрэсу ЗША. Архіўнае фота

Сэнат Кангрэсу ЗША падтрымаў законапраект аб абароннай палітыцы, які прадугледжвае выдзяленьне рэкордных 886 мільярдаў даляраў на нацыянальную абарону ў бягучым фінансавым годзе, які пачаўся 1 кастрычніка.

Ухваленая сума прыкладна на 3% большая, чым годам раней, адзначае «Голас Амэрыкі».

Дакумэнт прадугледжвае павышэньне заробку вайскоўцам на 5,2 працэнта, што зьяўляецца самым вялікім павелічэньнем больш як за 20 гадоў.

Праект быў прыняты пры значнай падтрымцы як дэмакратаў, так і рэспубліканцаў, абыходзячы партыйныя рознагалосьсі ў шэрагу сацыяльных пытаньняў, якія маглі затармазіць працэс, перадае Reuters. Чакаецца, што Палата прадстаўнікоў прыме праект пазьней на гэтым тыдні, пасьля ён паступіць на подпіс прэзыдэнту Джо Байдэну.

Сярод названых у законапраекце расходаў — закупкі новых караблёў, боепрыпасаў, самалётаў, а таксама захады, накіраваныя на стрымліваньне Кітая ў Інда-Ціхаакіянскім рэгіёне і дапамогу Ўкраіне.

У прыватнасьці, прадугледжана падаўжэньне Ініцыятывы садзейнічаньня бясьпецы Ўкраіны да канца 2026 году і выдзяленьне Кіеву 300 мільёнаў даляраў. Гэта значна менш за 61 мільярд, які раней запрасіў для Кіева Белы дом.

Тая сума да гэтага часу не ўхваленая Кангрэсам з прычыны пазыцыі заканадаўцаў ад Рэспубліканскай партыі, якія ўвязалі запыт адміністрацыі Байдэна з прыняцьцем маштабных міграцыйных рэформаў. У спробе дабіцца працягу фінансавай і вайсковай дапамогі зь візытам у ЗША на гэтым тыдні пабываў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі.

Законапраект, прыняты 13 сьнежня сэнатарамі, прадугледжвае стварэньне пасады спэцыяльнага генэральнага інспэктара па Ўкраіне для праверкі выкарыстаньня сродкаў падаткаплатнікаў па прызначэньні — у дадатак да ўжо наяўнага мэханізму нагляду.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ЗША Палата прадстаўнікоў прагаласавала за пачатак расьсьледаваньня дзеля імпічмэнту Байдэна
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Байдэн: Пуцін дарэмна «робіць стаўку» на правал ЗША ў аказаньні дапамогі Ўкраіне
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выведка ЗША ацаніла, што Расея на вайне ва Ўкраіне страціла 315 тысяч салдатаў